Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Кот: фільм «Жыве Беларусь» уздымае мой нацыянальны гонар


Анатоль Кот у ролі генэрала беларускага войска

Анатоль Кот у ролі генэрала беларускага войска

У гэтыя дні ў Менску праходзяць паказы фільму «Жыве Беларусь». Гэта фільм польскага рэжысэра Кшыштафа Лукашэвіча, часткова заснаваны на вайсковых дзёньніках моладзевага актывіста і журналіста Франака Вячоркі, які стаў суаўтарам сцэнару. Фільм атрымаў другое месца ў сакавіку на міжнародным кінафэстывалі ў Празе. Адну з роляў у фільме «Жыве Беларусь» выканаў беларускі і расейскі актор Анатоль Кот.

Ганна Соўсь

Ганна Соўсь

Соўсь: Мы гутарылі з вамі паўгода таму ў Празе, і тады вы яшчэ ня бачылі фільму. Ці ўжо паглядзелі? Якія ўражаньні?

Кот: На шчасьце, фільм я ўжо паглядзеў. І быў вельмі ўражаны (у добры бок). Калі пачынаюцца здымкі і наогул на самым пачатку, калі чытаеш сцэнар, калі адбываецца сустрэча з рэжысэрам, ты яшчэ ня ведаеш, як будзе ў канцы, якім будзе фільм. І я вельмі задаволены тым, што гэтая стужка на мяне моцна і добра паўзьдзейнічала. Я вельмі задаволены, што я браў удзел у гэтым фільме. Дзякуй Франаку, што ён запрасіў мяне здымацца ў гэтай стужцы. І тое, што зрабіў Кшыштаф з гэтым сцэнаром і як ён гэта зрабіў — мне вельмі падабаецца.

Соўсь: Анатоль, вы гралі вайсковага генэрала ў «Жыве Беларусь», адзін зь першых гледачоў фільму Зьміцер Панкавец назваў вашу ігру бліскучай, хаця гэта і быў другасны пэрсанаж. Якая была ваша першая рэакцыя, калі вам прапанавалі ўдзельнічаць у фільме з назвай «Жыве Беларусь»?

Кот: Як якая? Вядома, станоўчая. Я толькі пытаўся: калі, калі я магу пачаць здымацца? У мяне ўжо быў складзены графік на некалькі наступных месяцаў, але я знайшоў час, каб зьняцца ў «Жыве Беларусь». Так што я толькі пытаўся, калі трэба прылятаць і пачынаць здымацца.

Соўсь: Якія наступствы мелі для вас здымкі ў гэтым фільме? Наколькі вядома, напачатку на «Беларусьфільме» ў вас былі праблемы...

Гэта мастацкі фільм, які ня хлусіць, а ўражвае і ўздымае маю беларускасьць, мой гонар беларуса.

Кот: Я ня ведаю цяпер, бо цяпер ня маю кантактаў зь «Беларусьфільмам». Але насамрэч, у мяне з гэтай кінастудыяй праблемаў няма. Можа, «Беларусьфільм» мае са мной праблемы? Але ведаеце, я вось пачытаў камэнтары ў інтэрнэце тых людзей, якія гэтую стужку не глядзелі. На мой погляд Кшытаф Лукашэвіч і Франак Вячорка зрабілі мастацкі фільм, менавіта мастацкі, а не дакумэнтальны. Гэта мастацкі фільм, які ня хлусіць, а ўражвае і ўздымае маю беларускасьць, мой гонар беларуса. І мне робіцца жахліва, калі я думаю, што зараз адбываецца. Гэта трэба абавязкова паказваць, мы павінны бачыць гэта, гаварыць пра гэта. Мастак ты ці не мастак, інжынэр або рабочы — калі ты маеш іншую думку, якая не адпавядае той думцы, якая цяпер ва ўлады, ты адразу становісься ворагам. Зь людзьмі, якія маюць іншую думку, трэба размаўляць, а ня кідаць іх за краты. Гэты фільм таксама пра гэта.

Соўсь: Я каротка перакажу фабулу фільму. Галоўны герой — рок-музыка Мірон, гурт якога трапляе ў «чорны сьпіс», а сам ён — у войска. Яго допісы ў інтэрнэт-блогу, дзе ён раскрывае цёмныя бакі жыцьця ў казарме, выклікаюць «вэб-рэвалюцыю». У галоўнай ролі зьняліся беларускі музыка Вінсэнт і польская акторка Караліна Грушка. Фільм «Жыве Беларусь» — першае мастацкае кіно пра сучасную Беларусь, як кажуць праваабаронцы і сусьветныя лідэры, пра апошнюю дыктатуру Эўропы. Анатоль, раней вы гралі ў беларускіх тэатрах, у спэктаклях «Вольнай сцэны», у Маладзевым тэатры, Тэатры лялек, Тэатры-студыі кінатэатру. Як вы расцэньваеце нядаўнюю прапанову кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі перавесьці нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы на самафінансаваньне?

Кот: На мой погляд, Нацыянальны тэатар ня можа быць без дзяржаўнай дапамогі, дзяржаўнага апякунства, дзяржаўных сродкаў. Гэта немагчыма. Гэта павінен быць лепшы тэатар краіны, гэта твар тэатральнага мастацтва краіны, і без дзяржаўных сродкаў... Гэта сьмешна... Такую махіну перавесьці на самаакупальнасьць... На мой погляд, гэта немагчыма.

Соўсь: Як вы мяркуеце, фільм «Жыве Беларусь» пакажуць у Расеі?

Кот: Я быў бы задаволены, каб яго паказалі. Для гэтага ёсьць усе магчымасьці. Напрыклад, на Першым канале ў «Закрытым паказе» з Гардонам. Я быў бы задаволены. Я думаю, што буду дарыць дыскі сваім калегам, пакуль фільм не пакажуць у Расеі.


Госьць «Свабоды» — Анатоль Кот, беларускі й расейскі актор тэатру і кіно. Цяпер актор расейскага тэатру Армэна Джыгарханяна. Здымаўся ў фільмах «Анастасія Слуцкая», «Акупацыя (Містэрыі)», «Тутэйшыя», «Берасьцейская крэпасьць», «У жніўні 44-га», «Жыве Беларусь» ды іншых.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG