Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Фянчук: Беларусь ці не адзіная ў Эўропе, дзе вясной палююць на птушак


Здымак чэрвеня 2012 году.
Здымак чэрвеня 2012 году.

Сёньня — Міжнародны дзень птушак. На большасьці тэрыторыі Беларусі прылёт птушак з выраю затрымліваецца. І першыя прадстаўнікі пералётных птушак зьявіліся пакуль што толькі на паўднёвым захадзе краіны.

Паводле арганізацыі «Ахова птушак бацькаўшчыны», там ужо зьявіліся белыя буслы, шэрыя жураўлі, кнігаўкі і палявыя жаўранкі. Але цяпер рух птушак углыб краіны прыпынены.

Пра гэта мы пагаворым зь Віктарам Фенчуком. Ён старшыня грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак бацькаўшчыны».

Ціхановіч: Спадар Фянчук, чаму птушак успамінаюць менавіта сёньня?

Фянчук: Цяпер вясна, і натуральна, што сьвята птушак прыпадае на вясну. Так і павінна быць. Калісьці менавіта ў красавіку было падпісана міжнароднае пагадненьне аб ахове мігруючых птушак. Гэта зрабіла яшчэ Савецкая Расея адразу пасьля рэвалюцыі. З таго часу ідзе гісторыя гэтага сьвята.

Ціхановіч: Якія прынцыпы назіраньня за птушкамі існуюць? Як можна зафіксаваць, што, напрыклад, буслы павярнулі назад?

Фянчук: Каб нешта убачыць, трэба назіраць, і назіраньне — гэта вельмі простая рэч, яна даступная людзям. Ёсьць і больш складаныя мэтады, калі на птушак, напрыклад, вешаюцца спадарожнікавыя перадатчыкі, якія дазваляюць у рэжыме рэальнага часу сачыць за тым, куды ляцяць птушкі. У нашай краіне мы выкарыстоўваем традыцыйныя мэтады, калі людзі ў розных частках краіны сочаць за тым, калі і куды прылятаюць птушкі.

Ціхановіч: А што яшчэ апрача сьнегу, марозу і недахопу ежы можа пагражаць птушкам па вяртаньні?

Фянчук: Тое, што вы назвалі, гэта натуральныя зьявы. Нельга сказаць, што яны пагражаюць. Яны проста робяць міграцыю больш складанай. Але калі гаварыць пра фактары ненатуральныя — дык гэта чалавек. У нас у краіне гэта адбываецца сумна. Беларусь — амаль адзіная з краінаў Эўропы, дзе пералётных птушак сустракаюць ня толькі песьнямі і радасьцю, але і стрэламі. Я маю на ўвазе веснавое паляваньне. Птушкі прылятаюць пасьля цяжкага пералёту, хочуць падсілкавацца і нарадзіць патомства, а тут — стрэлы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG