Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гумару з боку Лукашэнкі паменшала, і грамадзтва гэта кампэнсуе само»


Лёлік Ушкін

Лёлік Ушкін

Ці можна назваць беларусаў вельмі дасьціпнымі і гумарыстычнымі людзьмі? Ці хапае гумару ў сучасных беларускіх СМІ, зь якімі тэмамі і асобамі ён найбольш зьвязаны? З каго і чаго сёньня найбольш сьмяюцца беларусы?

На гэтыя пытаньні адказвае сатырык Лёлік Ушкін.

— Існуюць розныя стэрэатыпы наконт тэмы — «Беларусы і гумар». Адны называюць беларусаў ня вельмі дасьціпнымі людзьмі, іншыя абвяргаюць гэтую тэзу. На вашую думку, ці сапраўды на сёньня беларусам гумару нестае? Ці прыклад 1 красавіка, калі фактычна кожнае СМІ апублікавала нейкі жарт ці розыгрыш — сьведчыць якраз пра іншае?

— Цяпер мы назіраем такі досыць цікавы этап у гісторыі беларускага гумару. Ніколі не было такой колькасьці сатырычных рубрык у незалежных выданьнях — практычна кожнае СМІ робіць нейкія каляжы, відэакамэнтары ды іншае. У гэтым пляне можна казаць пра нейкі фэномэн.

І важна адзначыць, што мы нарэшце адышлі ад канцэпцыі «Вожыка». То бок цяпер беларускі гумар стаў урбаністычным.

А ўсплёск гумару можна патлумачыць тым, што апошнім часам гумару з боку Лукашэнкі стала ўжо ня так шмат, і таму, магчыма, грамадзтва само кампэнсуе дэфіцыт гумару з вуснаў нашага правадыра.

— То бок раней беларусы пераважна сьмяяліся з таго, што гаворыць Лукашэнка — а цяпер мусяць прыдумляць жарты самі?

— Гэта толькі вэрсія, але відавочна, што гэтыя дзьве тэндэнцыі наклаліся адна на адну. Лукашэнка ўжо ня так цікава жартуе (там больш агрэсіўнай лексыкі), тым часам з усіх бакоў ідзе хваля гумару, і яны тычыцца ня толькі асобы правадыра, а розных сфэраў грамадзтва.

— Ці паўплывалі на павелічэньне колькасьці гумару новыя інфармацыйныя тэхналёгіі, той самы інтэрнэт? Цяпер любая ўдалая фраза ці фотаілюстрацыя зь нейкім кароткім тэкстам вельмі хутка становіцца папулярнай. Ці можна сказаць, што гумар робіцца больш кампактным?
Магчымасьць жартаваць застаецца той сфэрай, дзе можна сябе выказаць

— Гэта характэрна для ўсіх сродкаў камунікацыі, гэта сапраўды іншая эпоха. Аднак калі паглядзець на Заходнюю Эўропу, то ўплыў на грамадзтва захавалі старыя сатырычныя выданьні, створаныя яшчэ да эпохі інтэрнэту — гэта Charlie Hebdo ў Францыі, Titanic у Нямеччыне, Nie ў Польшчы. Можа, па апэратыўнасьці яны прайграюць дэматыватарам дня, але яны ўспрымаюцца як нейкія полюсы, якія ствараюць нейкую праграму.

— Ці згодныя вы з тым афарызмам, што чым менш у жыцьці вясёлага, тым болей людзі імкнуцца жартаваць?

— У Беларусі адсутнічаюць такія рэчы, як парлямэнт, грамадзкая дыскусія, і магчымасьць жартаваць застаецца той сфэрай, дзе можна сябе выказаць. Гэта нармальная рыса чалавека — выказваць сябе праз гумар і сьмяяцца. І паколькі іншыя каналы выказваньня сваёй палітычнай пазыцыі немагчымыя, то ў беларусаў абвастрылася пачуцьцё гумару. І гэта вельмі прыемна.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG