Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З «Граніту» звольнілі прафсаюзнага лідэра


Анатоль Літвінка

Анатоль Літвінка

Актывіста незалежнага прафсаюзу Анатоля Літвінку звольнілі зь мікашэвіцкага каменездабыўнога прадпрыемства «Граніт».

З загадам яго азнаёмілі 1 красавіка, пасьля выхаду з начной зьмены. У дакумэнце, які падпісаў генэральны дырэктар Эдуард Гаўрылковіч, прычынай пазначана «сыстэматычнае невыкананьне працоўных абавязкаў».

Анатоль Літвінка кажа, што будзе судзіцца з прадпрыемствам:

«Пытаньне аб маім звальненьні начальства актыўна абмяркоўвала яшчэ паўтара тыдні таму, і вось рашэньне прынялі. Будзем зьбірацца зараз і абмяркоўваць стратэгію, як далей дзейнічаць. Ужо выціснулі амаль усіх найбольш актыўных прадстаўнікоў прафсаюзу. Я пляную судзіцца, хоць і спадзяваньняў вялікіх на суд ня маю. Буду шукаць іншай працы, але і прафсаюзную дзейнасьць кідаць не зьбіраюся».

Анатоля кажа, што звальненьне фактычна паставіла ягоную сям’ю на мяжу выжываньня:

«Жонка пасьля звальненьня з „Граніту“ доўга не магла знайсьці працу ў Лунінецкім раёне. Цяпер знайшла часовую. Але асноўным здабыўцом я быў, даходу жонкі ня будзе хапаць нават на бягучыя расходы — заплаціць за камунальныя і гэтак далей…»

Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч мяркуе, што невыпадкова датай звальненьня Анатоля Літвінкі абралі 1 красавіка:

«Гэта зроблена, каб мацней зачапіць: маўляў, вось вам Дзень сьмеху… Дый ня першы раз так — Генадзя Паўлоўскага звольнілі на ягоны дзень народзінаў, мяне пазбавілі правоў, каб звольніць, таксама на дзень народзінаў. Гэта паказвае сутнасьць тых людзей, якія гэта робяць…»

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства звольненыя актывісты БНП Алег Стахаевіч, Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі, Людміла Літвінка, Віталь Пашэчка.
XS
SM
MD
LG