Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рапота і ня думае пра Канстытуцыйны акт


Рыгор Рапота
Рыгор Рапота

Дзяржсакратар так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі скептычна адказаў на пытаньне пра пэрспэктывы прыняцьця Канстытуцыі гэтага ўтварэньня.

Як заявіў спадар Рыгор Рапота ў Маскве, для гэтага патрэбна стварэньне шэрагу перадумоў.

«У дамове аб стварэньні Саюзнай дзяржавы напісана, што толькі пасьля таго, калі будуць створаныя ўсе неабходныя перадумовы, у тым ліку адзіная эканамічная прастора, адзіная сацыяльная прастора і гэтак далей, пасьля гэтага можна ставіць пытаньне аб падпісаньні канстытуцыйнага акту», — цытуе Рапоту РІА «Новости».

Рапота растлумачыў, што пры гэтым дзьвюм дзяржавам трэба будзе адмовіцца ад часткі свайго сувэрэнітэту і сфармаваць наднацыянальны орган:

«Ці гатовыя дзьве сувэрэнныя дзяржавы пачаць без папярэдняй падрыхтоўкі, без разуменьня наступстваў гэтага кроку — узяць і адмовіцца ад часткі свайго сувэрэнітэту? Таму што як бы ні захоўваліся сувэрэнныя правы абедзьвюх краін, тым ня менш усё роўна павінны быць нейкія наднацыянальныя функцыі».

Рапота адзначыў, што Мытны саюз РФ, Беларусі і Казахстану доўга ствараўся менавіта таму, што «адной з самых складаных задач было стварэньне наднацыянальнага органа, які б разьвязваў пытаньне мытна-тарыфнага рэгуляваньня самастойна, не пытаючыся дазволу ў дзяржаў-удзельніц. А тут яшчэ больш сур’ёзная ступень інтэграцыі. Таму, шчыра кажучы, пакуль ня думаем пра Канстытуцыйны акт, трэба з усім гэтым разабрацца», — сказаў Рапота.

Распрацоўка Канстытуцыйнага акту ідзе з 2001 году. Рашэньнем вышэйшага дзяржаўнага савету створана рабочая група па яго падрыхтоўцы. Аднак да ўнясеньня праекту на зацьвярджэньне справа не дайшла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG