Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неўязны генэрал звольнены на пэнсію

абноўлена

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасады першага намесьніка старшыні КДБ па контравыведнай дзейнасьці Віктара Вягеру.

Генэрал-маёр Вягера звольнены ў запас паводле ўзросту, паведамілі ў прэзыдэнцкай прэс-службе.

Віктар Вягера ўключаны ў сьпіс высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу.

У 2005 годзе генэрал Вягера пацьвердзіў заяву кіраўніка расейскай ФСБ Мікалая Патрушава нібыта пра намер замежных дзяржаваў выдзеліць няўрадавым арганізацыям 5 мільёнаў даляраў на фінансаваньне «аксамітнай рэвалюцыі» ў Рэспубліцы Беларусь. Таксама Вягера заявіў, што нібыта «ў Літве на натаўскіх базах беларускія апазыцыянэры вучыліся страляць». Тады Міністэрства замежных спраў Літвы зрабіла нават афіцыйную заяву адносна дэзінфармацыі «пра неіснуючыя тэрарыстычныя групоўкі», якія нібыта рыхтаваліся ў Літве.

У 2011 годзе ў справе палітвязьня Алеся Бяляцкага фігураваў дакумэнт, падпісаны Вягерам. Гэта зварот КДБ ад 3.11.2010 на адрас намесьніка генпракурора старшага саветніка юстыцыі Андрэя Шведа. У ім гаворыцца, што ў КДБ паступіла ананімная заява пра тое, што «прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі «Праваабарончы цэнтар „Вясна“ з мэтай фінансаваньня радыкальнай апазыцыі выкарыстоўваюць грашовыя сродкі, якія паступаюць з-за мяжы». Ён загадаў у максымальна сьціслыя тэрміны аформіць міжнароднае сьледчае даручэньне, каб накіраваць у кампэтэнтныя органы Літвы.

____________________________________________

Былы вайсковы контравыведнік, падпалкоўнік КДБ Валер Костка мяркуе, што выхад Вягеры на пэнсію не абумоўлены нейкімі палітычнымі пытаньнямі. Проста прыйшоў час:

Валер Костка
Валер Костка
«Цяпер няма такога вялікага жаданьня працаваць даўжэй, чым калі ёсьць магчымасьць атрымаць поўную пэнсію і сысьці хутчэй на гэтую пэнсію, каб ня браць на сябе ўвесь гэты нэгатыў рэжыму. А тое, што ён выконваў, гэта была замова рэжыму, і ён гэтую замову адпрацоўваў. У сыстэме КДБ цяпер працаваць вельмі цяжка і складана, бо не прыярытэт права і вяршэнства закону кіруе КДБ, а менавіта воля канкрэтнай асобы ці групы, якая цяпер захапіла вярхушку ўлады. Ёсьць супярэчнасьці паміж правамі чалавека і тымі загадамі, паміж законам і ўказаньнямі, якія даюць зьверху. І гэта прымушае людзей узяць сваё і хутчэй сысьці, каб ня браць на сябе большага нэгатыву. Будучы ў той сыстэме, ён ці павінен быў выконваць гэтыя загады і захоўваць сябе ў гэтай сыстэме, ці павінен быў рапарт напісаць і сысьці. Ён чакаў афіцыйнай падставы: пэнсійны ўзрост і магчымасьць атрымаць пэнсію».

Спадар Костка мяркуе, што ўсё ж адказнасьць наступае за неправамерныя дзеяньні альбо бязьдзеяньне. Тут існуе ня толькі маральная, але і юрыдычная адказнасьць, кажа спадар Костка:

«Гэта, дарэчы, вельмі палохае тых супрацоўнікаў КДБ, якія працягваюць служыць і вымушаныя рабіць нейкія крокі, якія супярэчаць закону і правам чалавека, свабодам і законным інтарэсам грамадзянаў. Безумоўна, маральная і юрыдычная адказнасьць існуе і ёсьць тэрмін пазоўнай даўнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG