Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
9 красавіка 1917 году а 15.10 з цурыхскага вакзалу ў памежнае нямецкае мястэчка Готмадынген выехалі некалькі дзясяткаў расейскіх палітэмігрантаў. Сярод гэтай стракатай кампаніі тэрарыстаў-тэарэтыкаў, гарапашных грантасмокаў, авантурыстаў і рамантыкаў была адна загадкавая высокая дама пад чорным вэлюмам, увесь багаж якой складалі каса, партбілет, кашалёк ды маўзэр. Дама ехала ў Расею, а звалі яе Рэвалюцыя.

Мястэчку Готмадынгену, наогул, пашанцавала, ён вядомы ў савецкай гісторыі ня толькі гэтым фактам — менавіта ў ягоных ваколіцах у 1945-м высьветлілася, што пастар Шляг дрэнны лыжнік, а пастар быў куды больш любімы народам пэрсанаж за ўсіх пасажыраў таго цягніка разам узятых... Але ў 1917 годзе ні пастар Шляг, ні Ісаеў-Штырліц, ні ўся кампанія на чале зь Леніным яшчэ не здагадвалася, якой крывавай саўнай усё гэта скончыцца.

Празь некалькі гадзін у Готмадынгене расейскія пасажыры пераселі ў спэцыяльна падрыхтаваны для іх плямбаваны вагон — паводле іншай вэрсіі, вагон быў звычайны, проста выходзіць зь яго забаранялася. Плян, распрацаваны зьнешняй выведкай і генэральным штабам кайзэраўскага войска, які прадугледжваў адпраўку ў Расею за кошт Райху яе самых заклятых — нават больш заклятых за самога кайзэра — ворагаў, пачаў дзейнічаць. Расьпяваючы на ўсё горла «Марсэльезу» і раздражняючы нямецкіх афіцэраў, што суправаджалі вагон, ня толькі парушэньнем маскіроўкі, але і сваімі фальшывымі галасамі, дэлегацыя праехала ўсю Нямеччыну з поўдня на поўнач, да станцыі Засьніц. Там перасела на параплаў да Трэлеборгу, адкуль прыбыла ў Стакгольм, потым цягнік давёз эмігрантаў разам з Рэвалюцыяй да мяжы зь Фінляндыяй — і 16 красавіка Ленін з таварышамі ступілі на пэрон Фінляндзкага вакзалу ў Пецярбургу. Там мадам Рэвалюцыя з плямбаванага вагону нарэшце адкінула свой вэлюм і нечакана сустрэлася тварам у твар зь мясцовай канкурэнткай. Вам слова, таварыш Маўзэр, сказала дама з Цурыху — " і всё заверте..."

Вэрсія, што бальшавіцкі пераварот быў зьдзейсьнены за кайзэраўскія грошы і пры непасрэдным удзеле нямецкага генштабу, была і застаецца папулярнай, як Майкл Джэксан. Яе прыхільнікі асабліва засмучаныя этычным бокам праблемы: як жа так — немцу прадаліся, каб пагубіць Расею?.. То бок пагубіць Расею за свае, кроўныя, выглядае значна больш хрысьціянскім учынкам. Атрымаць кулю ў патыліцу ад «свайго» — ад роднай партыі, ад адзінаверца, ад «барына», якому лепш відаць — спрадвеку лічылася і лічыцца ў той імпэрыі значна менш ганебным, чым здрада радзіме ці іншая якая шпіёнская дзейнасьць.

Між тым, кожная «нармальная чалавечаская», не аксамітная, а дзяружная і брызэнтавая рэвалюцыя, калі яна хоча перамагчы і на донарскай крыві грамадзянаў «наш, новы сьвет пастроіць», заўжды кіравалася ня нейкай там хрысьціянскай ці агульначалавечай этыкай, а сваёй, рэвалюцыйнай. У якой мэта апраўдвае сродкі — і Ленін зь ягоным нямецкім грантам тут зусім не наватар. А інакш, як казаў Ільліч, будзе балбатня і каша. Інакш усё гэта «пастарашлягаўшчына», а пастар, які ня ўмеў катацца на лыжах, казаў так: «Я ня буду выкарыстоўваць вашыя мэтады — каб ня быць падобным да вас...» Вось і трапіў у засаду, стары дурань. Напэўна, Рэвалюцыя — у Беларусі ці Эгіпце, Францыі часоў Рабэсп’ера ці Кітаі часоў Чан Кайшы, і нават сэксуальная рэвалюцыя 60-х — заўжды на нейкім сваім этапе будзе чакаць плямбаваны цягнік з-за мяжы. Інакш не перамагчы. Каса і маўзэр, партбілет і кашалёк.
XS
SM
MD
LG