Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ улічыць скаргі беларусаў наконт шэнгенскіх візаў


Эўракамісія пачала апытаньне грамадзянаў, якія атрымлівалі шэнгенскія візы на кароткі тэрмін цягам апошніх трох гадоў.

Пры разглядзе працэдуры выдачы кароткачасовых шэнгенскіх візаў Эўракамісія хоча ўлічыць думку іх атрымальнікаў. «Ідэя палягае ў тым, каб мадэрнізаваць візавую палітыку, і кансультацыя з грамадзкасьцю павінна паспрыяць зьменам у слушным кірунку», паведамляецца на сайце Эўракамісіі.

Камісія мае на мэце прапанаваць папраўкі да Візавага кодэксу, разьвіваць і мадэрнізаваць агульную візавую палітыку. Таму яна хоча пачуць меркаваньні максымальна шырокага кола карыстальнікаў агульнай візавай палітыкі: як фізычных асобаў, так і супольнасьцяў і арганізацый.

Кіраўніца «Офіса за дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі Вольга Стужынская сказала карэспандэнту Свабоды:

Вольга Стужынская

Вольга Стужынская

«Вельмі важна, каб грамадзяне Беларусі ўдзельнічалі ў дадзеным апытаньні і выказваліся наконт тых цяжкасьцяў, зь якімі яны сутыкаюцца пры атрыманьні шэнгенскіх візаў. Нават у сытуацыі, калі няма палітычнай волі беларускага кіраўніцтва, каб распачаць дыялёг з ЭЗ па дамовах аб візавай фасілітацыі і рэадмісіі, некаторыя палажэньні Візавага кодэксу могуць быць зьмененыя і дазволяць увесьці, напрыклад, больш гнуткія інструмэнты што да пэрыяду разгляду заявак, спрасьціць фармуляры і скараціць сьпіс дакумэнтаў, якія патрабуюцца на дадатак да самой заяўкі.

Вядома, такія магчымыя спрашчэньні — не такая мера, якая прывяла б да поўнага вырашэньня візавай праблемы. Але, тым ня менш, паскарэньне і спрашчэньне працэдуры афармленьня візы дакладна дапамагло б нашым грамадзянам больш своечасова і эфэктыўна плянаваць свае паездкі ў краіны Шэнгенскай дамовы.

На мой погляд, Эўрапейская камісія вельмі сур’ёзна паставіцца да вынікаў дадзенага апытаньня. Сярод іншых чыньнікаў, якія паўплывалі на ініцыяваньне апытаньня, ёсьць і эканамічны. Згодна з тэкстам прэсавага рэлізу Эўракамісіі ад 7 лістапада мінулага году, краіны ЭЗ намераныя прыкладаць больш намаганьняў, каб павялічыць колькасьць турыстаў, якія іх наведваюць — гэта ўнёсак у эканоміку і адзін са сродкаў барацьбы з наступствамі эканамічнага крызісу».

Візавы кодэкс і агульная візавая палітыка тычацца толькі кароткатэрміновых візаў («шэнгенскія візы» на 90/180 дзён) і ўжываюцца ў 22 краінах-сябрах ЭЗ (Бэльгія, Чэская Рэспубліка, Данія, Германія, Эстонія, Грэцыя, Іспанія, Францыя, Італія, Латвія, Літва, Люксэмбург, Вугоршчына, Мальта, Нідэрлянды, Аўстрыя, Польшча, Партугалія, Славенія, Славаччына, Фінляндыя і Швэцыя) і чатырох асацыяваных дзяржавах (Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія і Швайцарыя).
XS
SM
MD
LG