Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончы цэнтар «Вясна» адчыніў новы офіс у Менску на вуліцы Мяржынскага і прэзэнтаваў для журналістаў дзьве справаздачы, якія былі зробленыя пасьля закрыцьця былога офісу ў 2012 годзе.

Гэта аналіз сытуацыі з правамі чалавека — агляд-хроніка правоў чалавека ў 2012 годзе і аналіз сытуацыі ў пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі.

Намесьнік старшыні арганізацыі Валянцін Стэфановіч, ацэньваючы сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, назваў яе па-ранейшаму вельмі складанай. На яго думку, заканадаўства зрабілася яшчэ больш рэпрэсіўным, і асноўныя правы людзей, такія, як права на сходы, на свабоду слова, на выказваньне сваёй думкі, не выконваюцца.

Паводле Стэфановіча, самым галоўным для праваабаронцаў «Вясны» застаецца пытаньне вызваленьня палітвязьняў, і ў гэтым сэнсе Стэфановіч назваў прынцыповай пазыцыю Эўразьвязу, які дагэтуль не ідзе на саступкі беларускаму рэжыму ў пытаньні вызваленьня палітвязьняў.

Стэфановіч падкрэсьліў, што дагэтуль за кратамі застаюцца 11 палітвязьняў, але яшчэ 38 былых палітвязьняў застаюцца пазбаўленымі правоў. Гэта тыя людзі, якія атрымалі ўмоўныя тэрміны, сталі на прафіляктычны нагляд, як Яроменак, Халіп і іншыя. За мінулы год толькі два чалавекі — Пачобут і Парфянкоў — крыху палепшылі сваю сытуацыю.

Што да новага памяшканьня офіса, Валянцін Стэфановіч паведаміў, што кватэра, дзе цяпер месьціцца офіс «Вясны», належыць замежнаму грамадзяніну. Актывісты «Вясны» валодаюць гэтым офісам на правах даверанасьці і спадзяюцца, што ўлады ня змогуць перашкаджаць працы гэтага офісу.



У гэтым офісе па вуліцы Мяржынскага, 8, кватэра 26, адчыняецца грамадзкая прыёмная. Цэнтар «Вясна» па-ранейшаму будзе адсочваць сытуацыю з правамі чалавека, весьці маніторынг выбарчых кампаніяў, у тым ліку будучай кампаніі мясцовых выбараў, а ў 2015 годзе — прэзыдэнцкіх выбараў, і будзе займацца бягучай праваабарончай дзейнасьцю, у тым ліку арганізацыяй працы школаў правоў чалавека.


Разгарнуць вялікую мапу

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG