Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Чарнякевіч пра маральны выбар выкладчыкаў


Андрэй Чарнякевіч

Андрэй Чарнякевіч

Гісторык Андрэй Чарнякевіч, звольнены з Гарадзенскага ўнівэрсытэту, у інтэрвію Свабодзе пракамэнтаваў звальненьне свайго калегі Ігара Кузьмініча, заявы старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Сямёна Шапіры і сытуацыю ў навучальнай установе.

Карэспандэнт: «Старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра прызнаўся, што прымаў асабіста загад наконт вашага звальненьня з гарадзенскага ўнівэрсытэту, як вы гэта пракамэнтуеце?»

Чарнякевіч: «Нешта камэнтаваць даволі сьмешна, бо маю на руках выснову суду, дзе напісана, што я звольнены на падставе злоўжываньняў. У выніку апошняй заявы старшыні аблвыканкаму атрымліваецца зусім дзіўная сытуацыя. Па сутнасьці, гэта прызнаньне таго, што ні судовая сыстэма, ні нават нейкая маральная ў нас не працуе. Можна толькі пашкадаваць, што гэтыя рэчы адбываюцца адкрыта і нават ні ў кога не выклікаюць зьдзіўленьня».

Карэспандэнт: «Спадар Шапіра яшчэ папранкуў былога рэктара Яўгена Роўбу, што той марудзіў з вашым звальненьнем праз сваё знаёмства з вашым бацькам, які таксама працаваў ва ўнівэрсытэце...»

Чарнякевіч: «Справа ў тым, што ўнівэрсытэт — установа крыху асобная, тут шмат што трымаецца на чалавечых, навуковых адносінах, і людзі не зьяўляюцца ў навуцы выпадкова. Проста ў свой час яшчэ ў асьпірантуры Яўген Аляксеевіч вучыўся і жыў у адным пакоі з маім бацькам. Як шмат іншых выкладчыкаў — мы адзін аднаго ведаем. Таму прымаць некаторыя рашэньні, зусім пераступаючы праз мараль і асабістыя адносіны, дастаткова цяжка. Я б не сказаў, што гэта нейкім чынам паўплывала, але я ведаю Роўбу як вельмі добрага выкладчыка і навукоўца. Што тычыцца адміністрацыйных пасадаў — гэта трошкі іншае. Напэўна, у дадзеным выпадку гэта быў свой асабісты рубікон. Але заўсёды знойдуцца людзі, якія хутчэй прымаюць рашэньні, якія ад іх патрабуюць. Адзінае, хачу падкрэсьліць, што ўнівэрсытэт — гэта выкладчыкі і студэнты. Таму нават пасьля звальненьня з унівэрсытэту я застаюся патрыётам гарадзенскага ўнівэрсытэту».

Карэспандэнт: «А тут наступная падзея: ваш калега Ігар Кузьмініч таксама звольніўся. Што: не спыняецца ціск на выкладчыкаў?»

Ігар Кузьмініч

Ігар Кузьмініч

Чарнякевіч: «Ціск на Ігара пачаўся значна раней за маё звальненьне. Яшчэ ў траўні 2012 году яму вельмі недвухсэнсоўна прапанавалі напісаць заяву. І цягам усяго гэтага часу працягвалі ціск. Таму ён трываў значна больш, чым я. І мне падаецца, што год — гэта дастаткова, калі хтосьці кажа, што трэба было застацца і так далей. Проста за гэты час стала відавочна, што магчымасьці нейкай працы на карысьць унівэрсытэту ўжо зусім не засталося. А чаму менавіта 2012 год, чаму дагэтуль можна было неяк знаходзіць нейкую лягуну, цяжка сказаць. Тут трэба запытацца людзей, якія яшчэ не прыйшлі да кіраўніцтва ўнівэрсытэту, якія праводзяць ідэалягічную працу. Я са свайго боку скажу, што мы зь Ігарам аднадумцы, і гэта быў адзіны беларускамоўны выкладчык на юрфаку, што таксама шмат аб чым кажа».

Карэспандэнт: «То бок тое, што прызначылі новага рэктара Андрэя Караля, сытуацыю не памяняла?»

Чарнякевіч: «Я зусім ня ведаю гэтага чалавека, і мне падаецца, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе зусім пра іншыя асобы. А тое, што прыйшоў новы чалавек, як мы бачым, пакуль не, нічога не зьмянілася, прынамсі ў лепшы бок».

Карэспандэнт: А такая сытуацыя тычыцца толькі гарадзенскага ўнівэрсытэту альбо і іншых ВНУ, гэта такая агульная сытуацыя?"

Алесь Смалянчук

Алесь Смалянчук

Чарнякевіч: «Лепш за ўсё пра гэта напісаў у прадмове да „Гродназнаўства“ Алесь Смалянчук. Там напісана, што Горадня гэта якраз той горад у Беларусі, дзе амаль у першую чаргу гэтыя прынцыповыя пытаньні падымаліся і заўсёды былі навідавоку. Напэўна, гэта адбываецца і па іншых унівэрсытэтах і ўстановах. Ці то там кіраўніцтва больш гнуткае і можа знайсьці агульную мову, ці там іншыя прычыны. Але вось Горадня заўсёды адрозьнівалася ў гэтым пляне тым, што гэтыя пытаньні станавіліся прынцыповымі і вырашаліся так, а не інакш. Гэта ўжо наш досьвед».

Карэспандэнт: «А вось такая сытуацыя з выкладчыкамі, што гэта азначае для гарадзенскага ўнівэрсытэту?»

Чарнякевіч: «Я сказаў бы шырэй: ня толькі для гарадзенскага ўнівэрсытэту. Гэта азначае чарговы рубікон, чарговы выбар пасьля якога ўжо трэба ставіць пытаньні не пра прафэсійную арыентацыю, а пра чалавечыя якасьці. Бо ўнівэрсытэт — гэта карпарацыя. І калі калегі ня маюць магчымасьці ці нейкіх якасьцей, каб уголас заявіць пра тое, што яны ўсё ж такі вышэй за некаторыя пытаньні, і ня могуць выказацца разам, то напэўна гэта тады нешта кажа пра агульную сыстэму вышэйшай адукацыі».

Карэспандэнт: «А чым вы займаецеся пасьля таго, як сышлі з унівэрсытэту, як складваецца ваш лёс?»

Чарнякевіч: «Цяпер я спрабую скончыць кнігу, якая ёсьць своеасаблівым працягам той працы, якой займаўся раней. Спрабую знайсьці нейкую працу па спэцыяльнасьці і застацца ў Горадні — гэта прынцыповы момант. Я буду рабіць усё, каб застацца гісторыкам і гарадзенцам. Але пакуль афіцыйна беспрацоўны».

Карэспандэнт: «А ці можна неяк паўплываць на спадара Шапіру, каб ён памяняў сваю пазыцыю і ён можа неяк вярнуць вас і спадара Кузьмініча. Ён сэнс зьвяртацца да яго?»

Мы ніколі не хавалі сваіх поглядаў і мяняць іх пакуль не зьбіраемся

Чарнякевіч: «Зьвяртацца і казаць, напэўна, ёсьць сэнс заўсёды. Бо маўчаньне яшчэ з часоў маўклівага сэйма азначала хутчэй слабасьць. А наконт спадзеву? Цяпер у гэтых умовах, пры такіх адносінах, кепска сабе ўяўляю, як мы можам вярнуцца ва ўнівэрсытэт. У выніку чаго? Гэта прагучыць дзіўна, але нейкіх чынаў, якія б парушалі распарадак, тую ж ідэалёгію, мы не рабілі. Зь іншага боку, мы ніколі не хавалі сваіх поглядаў і мяняць іх пакуль не зьбіраемся. Таму цяжка казаць. Напэўна, гэта яшчэ можна было ўявіць крыху раней. Цяпер, пасьля таго, як публічна прагучалі словы аб тым, што старшыня аблвыканкаму асабіста звальняе выкладчыкаў, таму што яму нешта не падабаецца... Шчыра кажучы, баюся, што ўжо не. Цяпер, напэўна, не».

У сьнежні мінулага году Ленінскі раённы суд Горадні адхіліў пазоў гісторыка Андрэя Чарнякевіча, які імкнуўся аднавіцца на працы ў Гарадзенскім унівэрсытэце, адкуль яго звольнілі. Ён быў звольнены з Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, дзе займаў пасаду дацэнта, нібыта «за парушэньне працоўнай дысцыпліны».

Сам Чарнякевіч і ягоныя калегі ня маюць сумневу, што сапраўдная прычына — удзел у напісаньні нашумелай кнігі «Гродназнаўства», выдадзенай «Гарадзенскай бібліятэкай». Кніга «Гродназнаўства» напісаная вядомымі гарадзенскімі гісторыкамі і краязнаўцамі. У 38 параграфах аб’ектыўна апавядаецца пра тысячагадовую гісторыю гораду. Аўтары — Алесь Госьцеў, Аляксандар Дабрыян, Віталь Карнялюк, Сьвятлана Марозава, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед.

Першапачаткова інфармацыя пра кнігу шырока падавалася ў мясцовых СМІ, ладзіліся прэзэнтацыі. Але празь некаторы час аўтараў пачалі выклікаць на размовы з супрацоўнікамі рэктарату, а таксама КДБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG