Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бог ніколі не пакідаў Беларусі»


Клаўдыё Гуджэроці

Клаўдыё Гуджэроці

Велікоднае віншаваньне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Кляўдыё Гуджэроці

«Ваша Эксцэленцыя, паважаны арцыбіскуп Тадэвуш, шаноўныя сьвятары і дыяканы, законьнікі і законьніцы, і ўсе вы, дарагія браты і сёстры ў Хрысьце!

У гэты сьвяточны вечар я перадаю вам вестку, велікодныя віншаваньні і благаслаўленьне папы Францішка, які, як і апостал Пётар, пакліканы ўмацоўваць сваіх братоў у веры.

У гэтыя дні ён няспынна паўтарае тую самую эвангельскую вестку — добрую навіну пра тое, што мы збаўленыя Божаю любоўю. Ён таксама няспынна нагадвае нам наступнае: або гэтую любоў відаць у нас праз простыя жэсты, якія перамяняюць і асьвятляюць нашае жыцьцё, або мы зьяўляемся ежаю бяз солі і сьвечкаю без вагню.

У гэтую сьвятую ноч зьдзяйсьняюцца таямніцы нашага збаўленьня. Як мы чуем у адной зь сёньняшніх малітваў, вельмі старажытнай, цяпер да нас прыходзіць новы супакой. Гэта ня нейкая часовая палітычная згода або гандлёвая дамова; гэта мір, які Хрыстус у гэтую ноч стварае нанава. Бог не пашкадаваў, што калісьці стварыў сьвет; Ён аднаўляе сваё стварэньне з такою самаю любоўю: руіны дзівосным чынам пераўтвараюцца ў цудоўныя палацы, усё састарэлае і аслаблае аднаўляецца, напаўняючыся марамі і спадзяваньнямі, а ўсё тое, што здавалася непатрэбным і бессэнсоўным, у Хрысьце зноў набывае сэнс, прыгажосьць і важнасьць, займаючы належнае месца ў гармоніі адзінства. Гэта вестка, што нясе радасьць Касьцёлу і якую Касьцёл скіроўвае да ўсяго сьвету; нават да тых, хто да яго не належыць, бо мір і надзея прызначаны для ўсіх. Кожны, хто мае веру, цалкам у гэтым перакананы, бо ў гэтым нас запэўнівае Бог, які без ваганьняў паслаў свайго Сына на крыжовую сьмерць, каб разбурыць усе крыжы і адкрыць крыніцу жыцьця.

Гэтая вестка гучыць таксама і на беларускай зямлі, якая яшчэ і ў гэтыя дні пад сваім сьнежным покрывам хавае ў сабе безьліч ахвяраў. Усе яны ў сьмерці сталіся братамі, бо былі без адрозьненьня забітыя сьляпою нянавісьцю: каталікі, праваслаўныя, пратэстанты, а таксама шматлікія габрэі разам з тымі, хто не належаў ні да якой рэлігіі, але ў добрым сумленьні шукаў шлях да праўды. Гэтая вестка напаўняе Беларусь надзеяй, адкрывае яе для будучыні, кажа ёй, што Бог ніколі яе не пакідаў, а таксама абяцае яе народу шчасьце, якое Айцец зьберагае для сваіх узьлюбленых дзяцей.

Няхай жа з гэтай зямлі, заручанай з Панам, як сказаў бы прарок Ісая, нашае віншаваньне, нібы нябачная хваля, дасягне ўсіх братоў і сясьцёр, якія ў розных кутках сьвету падзяляюць гэтую радасьць, што зьяўляецца радасьцю ўсяго Касьцёлу. Узрадуйцеся ж і ўзьвесяліцеся: усялякая сьмерць пераможана, кожная сьляза асушана, усялякая несправядлівасьць выпраўлена, кожнае расчараваньне пераменена ў шчасьце!

Хрыстос уваскрос! Хрыстос уваскрос! Хрыстос уваскрос!»

Кляўдыё Гуджэроці

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG