Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталікі, уніяты ды пратэстанты Беларусі сьвяткуюць Вялікдзень


Урачыстыя набажэнствы праходзяць ва ўсіх каталіцкіх, уніяцкіх ды пратэстанцкіх храмах па ўсёй Беларусі.

БелаПАН цытуе велікоднае пастырскае пасланьне мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча:

«Праўда аб Уваскрасеньні Хрыста адкрывае перад чалавекам новую пэрспэктыву яго жыцьця, у якое ўваходзіць подых вечнасьці. Таму апошнім вымярэньнем жыцьця чалавека зьяўляецца ня тленнасьць, але вечнасьць».

«Як вучні Хрыста мы павінны быць сьведкамі гэтага закліку з мэтай паказваць значэньне Уваскрасеньня Хрыста ўсім людзям, каб сьвет паверыў, — настаўляе мітрапаліт Кандрусевіч. — Для гэтага сьвятло Уваскрасеньня найперш павінна перамяняць нас, каб мы маглі быць яго сьведкамі. Наша краіна патрабуе гэтага ажыўляючага сьвятла Езуса Хрыста, які ёсьць знакам нашай гісторыі і яе моцай. Наш народ заўсёды чэрпаў сілы з пасхальнай праўды і да яе павінен цяпер прыбягаць, найперш у справе свайго маральнага аднаўленьня».

Арцыбіскуп выказвае заклапочанасьць тым, што «ў сучасным сьвеце ўсё больш і больш праяўляецца практычны матэрыялізм і папулярызуецца стыль жыцьця бяз Бога».

«Нярэдка чалавек становіцца як быццам прадметам, так што яго вартасьць часта мерыцца рахункам у банку, неўтаймаванай пагоняй за багацьцем, здольнасьцю арганізаваць бізнэс, здароўем ці спраўнасьцю дастаўляць прыемнасьці і г. д. Да гэтага далучаецца прапаганда лібэралізму, уседазволенасьці, пазасужэнскага сэксу, парнаграфіі, гвалту, неабмежаванага спажывецтва і шопінгу. Зь вялікай хуткасцю далей распаўсюджваецца алькагалізм, наркаманія і чума нашага часу — СНІД», — адзначае мітрапаліт і дадае, што сёньня абясцэньваецца значэньне сям`і і нават самога жыцьця.

«Духоўным анамаліям сучаснасьці неабходна супрацьпаставіць праўду аб годнасьці і сьвятасьці чалавека як створанага па вобразу і падабенству Божаму і адкупленага цярпеньнямі і Уваскрасеньнем Хрыста. Каб гэта ўчыніць, трэба мець моцную і непахісную веру, якая выплывае з праўды Уваскрасеньня», — дадае сьвятар.

Для хрысьціянскай веры, якая сёння, паводле яго слоў, перажывае крызіс, «абвяшчэньне ўваскрослага Езуса ёсць прынцыповай справай».

«Гэта галоўнае заданьне Касьцёлу на сучасным этапе яго разьвіцьця. Наша вера засноўваецца на пастаянным і верным абвяшчэньні Добрай Навіны. А гэта патрабуе новага місійнага запалу і поўных энтузіязму адважных сьведкаў Эвангельля», — упэўнены мітрапаліт Кандрусевіч.

Арцыбіскуп зьвяртае ўвагу на тое, што сёлетні Вялікдзень вельмі знакавы, бо яго сьвяткуюць з новым пантыфікам Францішкам. Гэты Вялікдзень адзначаецца падчас Году веры ў Рымска-каталіцкім касьцёле, таму трэба «нанава адкрываць значэньне пасхальнай праўды і ёю ўмацоўваць веру». Ён нагадвае, што сёлета адзначаецца 1700-годзьдзе Мілянскага эдыкту, 1150-годзьдзе ўвядзеньня славянскага пісьменства сьвятымі Мятодам і Кірылам, 400-годзьдзе прыбыцьця цудоўнага абраза Божай Маці ў Будслаў.

Напярэдадні сьвята мітрапаліт Кандрусевіч наведаў парафіі Менска, а таксама Ракаў, дзе памаліўся разам зь вернікамі і блаславіў стравы на велікодны стол, паведамляе БелаПАН.

Рымска-каталіцкі касьцёл ў Беларусі складаецца з чатырох дыяцэзій, у якія ўваходзіць 621 парафія. Згодна з дадзенымі за 2008–2012 гады ў Беларусі налічваецца звыш 450 каталіцкіх храмаў, яшчэ 35 знаходзяцца на стадыі будаўніцтва. У парафіях Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі працуюць 407 сьвятароў, зь якіх 168 — замежныя грамадзяне (у тым ліку 161 з Польшчы). У краіне дзейнічаюць дзьве вышэйшыя духоўныя сэмінарыі ў Горадні і Пінску, а таксама катэхетычны каледж у Баранавічах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG