Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх вернікаў — Вігілія Уваскрашэньня Пана


Сёньня ў беларускіх каталікоў, уніятаў і пратэстантаў — пярэдадзень Божага ўваскрашэньня. Позна ўвечары ва ўсіх храмах распачнуцца вігілійныя набажэнствы — адмысловыя малітвы напярэдадні сьвята.

Субота напярэдадні Вялікадня — альбо Вялікая субота — для вернікаў азначае апошнюю магчымасьць перад сьвятам навесьці парадак у дамах і ў душах — гэта значыць прыйсьці да споведзі. У гэты дзень у беларускіх касьцёлах распачынаюць асьвячаць стравы на велікодны стол. Традыцыйна стравы асьвячае мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, які ў гэты дзень наведвае ўсе менскія парафіі. Адна зь іх — Маці Божай Ружанцовай у мікрараёне Лошыца. Візыт арцыпастыра напярэдадні Вялікадня для вернікаў вялікая падзея. Гутару зь людзьмі:



Анатоль: «Біскуп, калі бывае ў парафіі, паказвае сваім візытам блізкасьць да простых людзей, да вернікаў і гэта вельмі прыемна».

Маша: «Мы заўсёды яго вельмі чакаем, бо ён заўсёды прамаўляе да нас словы, якія застаюцца потым у душах і сэрцах. А ягонае навучаньне мы ўзгадваем і прымяняем у паўсядзённым жыцьці».

Карэспандэнтка: «Чым для вас асаблівае сёлетняе сьвята?»

Алесь: «Відаць, што надвор’ем. Як сказаў Тадэвуш Кандрусевіч, сёлета яно больш падобнае на каляднае. Але галоўнае сьвята ў душах, таму і надвор’е не перашкодзіць».

Сьвятлана: «Сустракаем Пасху з добрым і радасным настроем, не зважаючы на холад. З надзеяй чакаем цяпла, сонца і любові і ад сэрца жадаем усяго гэтага ўсім нашым парафіянам. Са сьвятам!»



Сёлета Вялікдзень беларускія каталікі ўпершыню сустракаюць з новым папам Францішкам. Як уваскрашэньне Хрыста, так аднаўленьня духоўнага жыцьця касьцёла з прыходам новага папы чакаюць вернікі і сьвятары. Гаворыць мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

«Гэтыя ўсе дні ў касьцёлах вельмі многа людзей. Я сёньня ўжо ў сёмай парафіі і ўсюды вельмі людна. Добра асьвяціць ежу, добрая традыцыя, але гэтага мала. За гэтымі вонкавымі праявамі павінныя ісьці духоўныя. Пасха, якую мы цяпер сьвяткуем, сьвяткуем з новым папам Францішкам. Ён заклікаў людзей, каб былі чулымі да патрэбаў сучаснага сьвету, да патрэбаў чалавека. І заклікаў, каб у сваім жыцьці, у руху нашага жыцьця і ягонай дзейнасьці, ішлі разам з Езусам Хрыстом. Я віншую вас з гэтым радасным сьвятам Пасхі Хрыстовай. Хрыстос Уваскрос! Сапраўды ўваскрос!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG