Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі навучэнец: «палітычных» студэнтаў у Польшчы ня болей за 25%


Зьміцер Галямаў: Палякі нас падтрымліваюць, але асноўныя задачы павінны вырашаць мы самі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:55 0:00
Наўпроставы лінк

Зьміцер Галямаў: Паялкі нас падтрымліваюць, але асноўныя задачы павінны вырашаць мы самі

Разгон намётавага лягеру ў сакавіку 2006 году і наступныя рэпрэсіі ў адносінах да ўдзельнікаў Плошчы запачаткавалі хвалю студэнцкай палітычнай эміграцыі.

За прамінулы час сотні маладых людзей, адлічаных за грамадзкую актыўнасьць з навучальных установаў Беларусі, дзякуючы заснаванай 30 сакавіка 2006 году праграме Кастуся Каліноўскага, атрымалі адукацыю ў замежжы. Пазьней да іх далучыліся і тыя, хто з-за сваёй выразнай пазыцыі меў няшмат шанцаў утрымацца ў беларускіх ВНУ да дыплёму. Усяго за сем гадоў праз выратавальную праграму прайшлі блізу 700 чалавек. Найбольш беларускіх навучэнцаў — у суседняй Польшчы, якая ўзяла на сябе асноўныя клопаты, зьвязаныя зь іхняй адукацыяй.

Зьміцер Галямаў — студэнт другога курсу факультэту арганізацыі кінэматаграфічнай і тэлевізійнай вытворчасьці ўнівэрсытэту ў Катавіцах. Сам родам з Маладэчна, у Менску скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Кажа, што яшчэ ў ліцэі з дапамогай кінарэжысэра, дырэктара ўстановы Ўладзімера Коласа паспрабаваў сябе ў якасьці відэаапэратара, а ў Польшчы ўжо сыстэматычна спасьцігае азы прафэсіі:

«Працэс навучаньня ідзе дастаткова лёгка, таму што мовы вельмі падобныя, агульная колісь гісторыя, традыцыі. У прынцыпе, была ж Рэч Паспалітая, нас гэта таксама яднае. Дый самі палякі кажуць: беларусы — родны для нас народ. Палякі да беларусаў ставяцца вельмі добра. І нават падчас вучобы робяцца своеасаблівыя паблажкі. Таму адносіны вельмі добрыя, і шмат праз што гэта можна адчуць. Прыкладам, у нас быў першы дзень унівэрсытэцкіх збораў з групай, і калі я сказаў, што зь Беларусі, то прысутныя выявілі да мяне большую ўвагу, чым да тых жа самых палякаў. Гэта можна патлумачыць з таго боку, што нешта для іх новае, але паказальна, што такія адносіны, такое стаўленьне захавалася на працягу гэтых маіх двух курсаў».

У часе практычных заняткаў
У часе практычных заняткаў


Зьміцер апавядае, што ён увесь час у інтэрнацыянальным віры — перадусім гэта тычыцца інтэрнату ці, як кажуць палякі, «акадэміку»:

«Я жыву ў сапраўды інтэрнацыянальным „акадэміку“, бо вельмі шмат людзей з замежжа прыяжджае па праграмах абмену. Збольшага гэта ахоплівае толькі адзін сэмэстар, але такі міжнародны вопыт надзвычай карысны. Сярод тых, хто вучыцца стала, шмат расейцаў, украінцаў. Многія маюць „карты паляка“. Прыяжджаюць таксама з Чэхіі на вучобу ў Польшчу. Ведаю ад іншага сябра, які атрымаў у Польшчы палітычны прытулак, што таксама шмат у краіне азэрбайджанцаў, з Грузіі шмат людзей. Усе едуць на Захад».

Зь сябрам Іванам Шылам
Зь сябрам Іванам Шылам


Адзін зь сяброў Зьмітра — былы палітвязень, маладафронтавец з Салігорску Іван Шыла. Разам яны ўдзельнічаюць у акцыях у падтрымку цяперашніх беларускіх вязьняў. Дарэчы, касьцяк нядаўняга шэсьця на Дзень Волі ў Варшаве ў немалой ступені складалі якраз беларускія студэнты польскіх ВНУ. Цікаўлюся: ці адчуваецца салідарнасьць саміх палякаў, ці гатовыя і яны далучацца да падобных акцыяў?

«Тое, што дазваляюць такія шэсьці ў сябе — гэта адно. А вось ці пайшлі тэарэтычна ў падтрымку Беларусі? Хіба што нейкая невялікая частка. Так, ёсьць палякі, якія насамрэч цікавяцца тым, што адбываецца ў нашай краіне. Прыкладам, мяне ў Фэйсбуку трое польскіх сяброў з унівэрсытэту павіншавалі з Днём Волі. Але я б не сказаў, што яны масава пайшлі б абараняць нашы правы, нашу культуру. Так, яны падтрымліваюць нас у Польшчы, дапамогуць, але зразумела, што асноўныя задачы павінны вырашаць мы самі».

Пашыранае меркаваньне, што асноўная частка беларускіх студэнтаў у Польшчы — гэта тыя самыя «палітычныя». Ці так гэта?

«Я ўсё ж думаю, што гэтая катэгорыя прадстаўленая якраз у меншай ступені. Вельмі шмат цяпер прыяжджае беларусаў, арыентаваных не палітычна, а якія, прыкладам, едуць праз „карту паляка“, празь нейкія свае пэрсанальныя знаёмствы. Таксама за грошы шмат народу вучыцца. Выразна палітычных, калі нават уключаць сюды „каліноўцаў“, можа, толькі працэнтаў 25 набярэцца».

На думку суразмоўцы, значнай прысутнасьці беларусаў за мяжой замінае перадусім ізаляванасьць краіны:

«Я лічу, што гэта ў першую чаргу. Нават калі б той жа Балёнскі працэс нейкім чынам усё ж „зачапіўся“ ў Беларусі, зьявіліся б шматлікія праграмы абмену. Несумненна, у студэнтаў было б больш міжнародных пэрспэктываў».

У часе практычных заняткаў
У часе практычных заняткаў


Зьміцер Галямаў кажа, што дастаткова хутка адаптаваўся ў Польшчы і прынамсі моўных бар’ераў ня мае:

«Калі параўноўваць, ня ведаю, з ангельскай мовай, то, канечне, вельмі моцнае адрозьненьне. Польская — зусім іншая справа. Прынамсі для мяне польская ня ёсьць «чужародным целам».

Беларуская прапаганда досыць часта згадвае пра «каліноўцаў», сьцьвярджаючы, што пад маркай змагароў за мяжу трапляюць выпадковыя людзі, якія займаюцца чым заўгодна, толькі не вучобай. Зьміцер Галямаў падобныя «наезды» не прымае ў прынцыпе:

«Перадусім маладыя людзі едуць па новыя веды. Таму што якраз у Беларусі адчуваецца абмежаванасьць. І гэтая абмежаванасьць ува ўсім: і ў ведах, і ў той жа свабодзе».

Карэспандэнт: «Але, відаць, ня вельмі добра для Беларусі, калі разумныя, маладыя, таленавітыя людзі зьяжджаюць і многія ўжо не вяртаюцца...»

«Такія ўмовы стварыла сама дзяржава, таму крыўдзіцца на нешта не выпадае. Але для моладзі, безумоўна, добра, што ёсьць такая магчымасьць самарэалізавацца. Разам з тым ёсьць надзея, што моладзь набярэцца новых ведаў, перадавых практык і, як кажуць палякі, прыедзе „з повротэм“ на Беларусь. Прынамсі каб хоць нешта ўзьняць тут на новы ўзровень. Бо, напрыклад, як я вучуся на кінаспэцыяльнасьці, то ў Беларусі папросту няма элемэнтарнай магчымасьці атрымаць нейкія аналягічныя практыкі, папрацаваць на кінастудыі і г.д.».

Першая сустрэча на радзіме – з аднакурсьнікамі-коласаўцамі
Першая сустрэча на радзіме – з аднакурсьнікамі-коласаўцамі


Паводле дадзеных польскага адукацыйнага фонду «Пэрспэктывы», у Польшчы навучаюцца блізу 25 тысяч замежных студэнтаў са 140 краін сьвету. Беларусы ў гэтым шэрагу займаюць другое месца, саступаючы толькі ўкраінцам. Паводле наяўных зьвестак, у польскіх ВНУ вучацца амаль 3 тысячы беларускіх студэнтаў, і толькі нязначная частка скіравалася ў гэтую краіну паводле праграмы Каліноўскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG