Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Я і ў Парыжы бываў, не паверыце…»


Сьцяпан Бужанко адбывае ў Сьветлагорскім ЛПП ужо шосты тэрмін, фота Ірыны Паповай, 2008 год.

Сьцяпан Бужанко адбывае ў Сьветлагорскім ЛПП ужо шосты тэрмін, фота Ірыны Паповай, 2008 год.

Стаміўшыся змагацца за сваіх блізкіх, сямейнікі зьвяртаюцца да ўчастковых з просьбай накіраваць родных у ЛПП.

У Вялікі чацьвер на Велікодным тыдні па календары Рымска-каталіцкай царквы папа Францішак абмыў ногі зьняволеным у турме для непаўналетніх злачынцаў непадалёк ад Рыму. Абмываньне ног у Чысты чацьвер напярэдадні сьвяткаваньня Ўваскрашэньня Хрыстовага — старажытная хрысьціянская традыцыя ў памяць аб Апошняй вячэры. Раней гэты абрад праводзіўся ў саборы Сьвятога Пятра, дзе пантыфік абмываў ступні сьвятарам. Паварот у традыцыі мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч патлумачыў у інтэрвію нашай праграме так:

«Тое, што ў Вялікі чацьвер папа ідзе ў вязьніцу, ідзе мыць ногі гэтым непаўналетнім вязьням, як мы кажам, злачынцам, — але ж ён у кожным хоча бачыць чалавека. Трэба глядзець на грэх і на чалавека асобна. Чалавека заўсёды трэба любіць, і граху трэба супрацьстаяць. Сваім учынкам папа паказвае нам, што мы супраць граху, але мы хочам падняць чалавека, бо Езус аддаў сваё жыцьцё за чалавека».

«Свабода ў турмах» віншуе са сьвятам усіх, хто адзначае Вялікдзень паводле грыгарыянскага календара.

«Нам застаецца толькі маліцца»


Так кажуць пра залежных ад алькаголю ды наркотыкаў у адных сем’ях. У іншых на адрас гэтых людзей шлюць праклёны. У трэціх гучаць і малітвы, і праклёны разам.

Алькаголікі ды наркаманы складаюць асноўны адсотак асуджаных за бытавыя злачынствы. Калі нічога ўжо не дапамагае, то, каб ня здарылася большай бяды, сямейнікі часам просяць участковага ізаляваць такога чалавека. Але калі ў эўрапейскіх краінах прафіляктычнай працай з тымі, хто ўжывае алькаголь ды наркотыкі, займаюцца хрысьціянскія цэнтры, то ў Беларусі — установы Міністэрства ўнутраных спраў, так званыя ЛПП (гэта расшыфроўваецца як «лячэбна-працоўныя прафілякторыі» ці як «лягеры працоўнай прафіляктыкі»). Яны дзейнічаюць у нас з савецкіх часоў. Калі ў астатняй частцы былога СССР (за выключэньнем Туркмэністану) ЛПП былі зьліквідаваныя яшчэ ў 1990 гады як затратныя і малаэфэктыўныя, то ў Беларусі ім надаецца ўсё большае значэньне.

У Палаце прадстаўнікоў рыхтуюцца ўнесьці зьмены ў закон «Аб парадку і ўмовах накіраваньня грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілякторыі і ўмовах знаходжаньня ў іх». Згодна з прапанаванымі папраўкамі, кандыдатамі ў ЛПП стануць ужо людзі, якія маюць ад трох прагулаў на працы ў выніку п’янства. Цяпер пакуль на прымусовае лячэньне ў ЛПП накіроўваюць хранічных алькаголікаў ды тых, у дачыненьні да каго пасьля трох правапарушэньняў адпаведнае рашэньне прынялі сьпярша мэдкамісія, а потым суд.

Наколькі ўхваляюць падобныя захады беларускія грамадзяне і што яны ўвогуле думаюць пра такую форму барацьбы з алькагалізмам, як ЛПП? Гэтае пытаньне мы задалі мінакам на вуліцах Гомеля.



Цяпер у Беларусі дзейнічаюць пяць ЛПП. Чатыры зь іх мужчынскія і толькі адзін (пакуль) жаночы. Агулам яны разьлічаныя на 4200 чалавек. Аднак, паводле розных зьвестак, фактычная колькасьць сядзельцаў істотна большая.

Створаны ў 1965 годзе ў Сьветлагорску лячэбна-працоўны прафілякторый № 1 — найстарэйшы ды найвялікшы ў краіне. Разьлічаны ён прыкладна на 1600 кліентаў у год. Паводле прадстаўнікоў адміністрацыі, за час існаваньня ва ўстанове напрацаваны «ўнікальны досьвед як лячэньня хранічных алькаголікаў, так і далучэньня іх да працы ды рэабілітацыі ў грамадзтве».

Як вынікае з публікацыі, зьмешчанай на партале Tut.by, большасьць насельнікаў установы настроеныя аптымістычна і хочуць пасьля ЛПП пачаць новае жыцьцё. Пра гэта, у прыватнасьці, гаворыць у інтэрвію адзін з маладых сядзельцаў, які трапіў сюды ўпершыню. Ён кажа, што бачыць шмат падабенстваў паміж ЛПП ды войскам. Згадвае ён і меркаваньні сталейшых сядзельцаў, якія маюць за плячыма турэмны досьвед. Для іх ЛПП — гэта сапраўдная «зона».


«Пасьля вызваленьня мне б толькі дайсьці да шапіка…»


На маскоўскую журналістку Ірыну Папову, якая наведала Сьветлагорск некалькі гадоў таму, адгароджаны ад вонкавага сьвету плотам ды калючым дротам лячэбна-працоўны прафілякторый зрабіў уражаньне турэмнай установы. «Дый большасьць кантынгенту тут — былыя зэкі з характэрнымі звычкамі. Толькі трапляюць яны сюды не за крымінальныя, а за адміністрацыйныя правапарушэньні, учыненыя ў нецьвярозым выглядзе», — адзначае яна.

У Сьветлагорск журналістка паехала таму, што ў Расеі праблема алькагалізму стаіць яшчэ вастрэй, чым у Беларусі. Яна хацела разабрацца, ці слушна зрабіла беларуская дзяржава, захаваўшы падобныя ўстановы, і калі так — ці ня варта Расеі ды іншым постсавецкім дзяржавам вярнуцца да гэтай практыкі?

Спэцыяльна для «Свабоды ў турмах» Ірына перадала свае фоты ды нататкі.

З нататак Ірыны Паповай

«Што для цябе ЛПП?» — пытаецца прадстаўнік адміністрацыі, які суправаджае мяне, у кожнага стрэчнага. Напэўна, ён хоча пачуць адказ кшталту: маўляў, год у ЛПП — гэта 5 уратаваных гадоў жыцьця. Але так мала хто кажа.

Сталы кліент прафілякторыю Эдуард Г., у мінулым — так званы «аўтарытэт» у Бабруйску, лічыць, што „ЛПП — страчаны час. Я б столькі ўсяго пасьпеў! Вудамі б футра з балькону здымаў, на базар кожны дзень хадзіў… Вы не падумайце, я краду ня з мэтай узбагачэньня. Гэта ўсё з-за таго, што я сьпіртное ўжываю… Вось вызвалюся — паеду куды-небудзь. Мяне ж у Беларусі нічога не трымае… Я і ў Парыжы бываў, не паверыце…“

Лічыцца, што піць кідаюць толькі 5% тых, хто выйшаў з ЛПП.

— Што ты будзеш рабіць, калі выйдзеш адсюль? — пытаюся я ў мужчыны, які ідзе зь вядром і граблямі паміж кветнікамі.

— Як што? Пайду нап’юся, вядома, — адказвае ён, прыязна ўсьміхаючыся.

І так тут лічыць большасьць. Часам пасьля вызваленьня пасьпяваюць толькі дайсьці да шапіка. Дарэчы, у гэтым ЛПП быў і своеасаблівы «рэкорд»: адзін пацыент пасьля вызваленьня пасьпеў за 6 дзён прайсьці ўсе бюракратычныя працэдуры, каб ізноў трапіць назад».


Згодна з законам, мэдыкамэнтознае лячэньне ад алькагольнай залежнасьці праводзіцца на добраахвотнай аснове. Пра мэтады лекаваньня ў Сьветлагорскім ЛПП расказалі праваабаронцам з цэнтру «Вясна» колішнія пацыенты ўстановы з Гомеля. Па размове адчувалася, што да сваёй былой звычкі яны аднак вярнуліся.

Былы сьветлагорскі кліент Віктар дзеліцца ўражаньнямі пра мэдычную тэрапію, якая на слэнгу завецца «рыгалаўкай».

З зонай параўноўвае Сьветлагорскі ЛПП і былы спартовец, майстра спорту па боксе Анатоль.

Вонкава інтэлігентны Ігар за «узорныя паводзіны» быў вызвалены з ЛПП умоўна-датэрмінова. Пра тое як трапіў туды і што там рабіў расказвае:

Як сьведчыць статыстыка, за час існаваньня ЛПП у Беларусі спажываньне алькаголю на душу насельніцтва павялічылася ў два разы. Сёньня ім злоўжываюць каля мільёна грамадзян. Мэдыкі-нарколягі мяркуюць, што сярод жанчын тэмпы росту спажываньня алькаголю ўдвая вышэйшыя, чым сярод мужчын. Адмыслоўцы канстатуюць, што жаночае п’янства — гэта п’янства за фіранкамі, а таму ўся глыбіня праблемы жаночага алькагалізму застаецца невядомаю.


Жаночы ЛПП: «У зоне было лепш…»


Памежная з Расеяй беларуская вёска Старасельле ў Горацкім раёне. Тут у сьнежні 2003 году зрабілі жаночы лягер працоўнай прафіляктыкі № 2. Нявольніц трымаюць за трохмэтровым драўляным плотам з калючым дротам паўзьверх. За агароджай двухпавярховыя будынкі, у якіх жанчыны адбываюць год сваёй няволі. За трыста мэтраў ад вязьніцы ў будынку, дзе раней месьціўся вясковы дзіцячы садок, для асуджаных арганізаваны швейны цэх. У ім яшчэ тры месяцы таму рабіла швачкай 30-гадовая жыхарка Магілёва Жанна.

У Жанны двое дзяцей, але бацькоўскіх правоў яе пазбавілі. Рашэньнем суду яна мусіць плаціць алімэнты, запазычанасьць па якіх складае каля 40 мільёнаў. Маладая жанчына п’е даўно, але алькагалічкай сябе ня лічыць. Мае крымінальную судзімасьць. Умовы ўтрыманьня ў ЛПП лічыць горшымі, чым у папраўчай калёніі.
Ёсьць прыбіральні, душ і лазьня — там дзіркі ў сьценах, галаву можна прасунуць

«Я была ў турме ў Гомелі. Там было відаць, што гэта калёнія. Ёсьць да каго зьвярнуцца. Ведаеш свае правы, абавязкі, законы. А ў ЛПП — такое ўражаньне, што набралі, бо няма каму працаваць. На трыста чалавек разьлічана, а было 700. Адзін над адным жывуць. Ні пасушыцца няма дзе, нічога. Грубасьць пастаянна. Нэрвы. Злыя адзін на аднаго. Ёсьць прыбіральні, душ і лазьня — там дзіркі ў сьценах, галаву можна прасунуць. Гарачая вада толькі ў лазьні па пэўных днях. Раніцай памыцца, увечары перад сном, узімку і ўвечары — халодная вада. Грэлі кіпяцільнікамі ды мыліся. Гінэколягаў няма».

На пытаньне, як адахвочваюць жанчын ад алькагалізму, Жанна адказвае:

«Кадзіроўка тут платная. Гэта ў ЛПП, дзе лечаць! Бальшыня вяртаецца назад. Вызваляюцца, і там у Старасельлі ў краме бяруць хто гарэлкі, хто віна і п’юць, яшчэ дадому не даехаўшы. Нават калі б там і кропельніцы ставілі альбо чысьцілі кроў — людзям жа патрэбна псыхалягічная дапамога. А псыхалягічна там проста за людзей ня лічаць, і ўсё. Мне неабавязкова там было быць. Каб я радавалася, што цяпер не хачу піць, дык гэта глупства. Ну як я магу не хацець піць — толькі хіба ад таго, што год не папіла, і ўсё».

Неўзабаве пасьля гэтай размовы Жанна ізноў пайшла ў запой. Пратрымацца цьвярозай удалося ўсяго пару-тройку месяцаў.

Пра Старасельскі лягер не па чутках ведае і жыхарка Магілёва Марыя. Яе дачка год адбыла там. Спадарыня Марыя прызнае, што дачка адразу па вызваленьні напілася зь сяброўкамі. У тое, што за кратамі дачку адахвоцяць ад сьпіртнога, яна ня верыла, аднак на ЛПП настаяў участковы.

«Гэта ўсё прымусовая ізаляцыя на нейкі час. Лячэньня ім ніякага не даюць. Бальшыня там — гэта абавязаныя людзі, якія маюць алімэнты. Іх зьневажаюць там. Іх пасьля гэтага ЛПП трэба на рэабілітацыю адпраўляць. Патрэбныя хрысьціянскія цэнтры, дзе ім дапамогуць аднавіцца. Дзе ім скажуць, што вы нармальны чалавек, толькі вам трэба прызнаць сваю слабасьць у тым, што вы хворы і самі ня можаце вылечыцца».
Іх пасьля гэтага ЛПП трэба на рэабілітацыю адпраўляць

… Пабачыць на ўласныя вочы быт нявольніц у Старасельскім ЛПП не ўдалося. Для гэтага патрэбны дазвол з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Наведваў лягер старшыня абласной назіральнай камісіі пры Ўпраўленьні юстыцыі аблвыканкаму, сябра Магілёўскага праваабарончага цэнтру Віктар Сідарэнка. Умовы ўтрыманьня асуджаных яго не зьдзівілі. Адміністрацыя кажа, што яны прымальныя. А вось самі нявольніцы пра праблемы апавядаць не наважваюцца, бо баяцца спагнаньняў.

«У самім ЛПП працы як такой няма. Сядзяць жанчыны ды пакутуюць. Іхныя дзеці — у дзіцячых дамах, за якія трэба плаціць. А таму жанчын накіроўваюць на розныя прымусовыя працы. Напрыклад, на сельскагаспадарчыя. А як у нас яны аплачваюцца? За ўтрыманьне дзіцяці амаль усё вылічваюць, і на рукі ёй, на ларок, застаецца каліва. Як ты там будзеш лячыцца?» — кажа Віктар Сідарэнка.


«У хрысьціянскіх цэнтрах алькаголікі — хворыя, а ня вязьні»


Мэдыкі-нарколягі ў прыватных гутарках скептычна выказваюцца наконт мэтадаў лячэньня ад алькагалізму ў лягерах працоўнай прафіляктыкі. Яны зазначаюць, што людзей з прычыны хваробы фактычна адпраўляюць у турмы. Адбыўшы там год, гэтыя людзі вяртаюцца да ранейшага жыцьця.

Ня бачыць сэнсу ў такім прымусовым лекаваньні і кандыдат псыхалягічных навук, маці былога палітвязьня Фёдара Мірзаянава — Людміла Мірзаянава. Пры гэтым мая суразмоўца адзначае, што сама па сабе ідэя ЛПП, ідэя працоўнай тэрапіі зусім някепская. Па сутнасьці, такая ідэя ляжыць у аснове працы з залежнымі ад алькаголю ды наркотыкаў людзьмі ў эўрапейскіх хрысьціянскіх цэнтрах. Іншая справа, што робіцца гэта ўсё зусім у іншых умовах. Алькаголікі і наркаманы лічацца там не злачынцамі, як у беларускіх ЛПП, а хворымі.

Людміла Мірзаянава

Людміла Мірзаянава

Мірзаянава: «Я некалькі гадоў супрацоўнічала з адным хрысьціянскім рэабілітацыйным цэнтрам у Беларусі. Там праца — адзін зь вядучых, аднак не сыстэмаўтваральны напрамак. Галоўнае ж — духоўнае выхаваньне. Ва ўмовах ЛПП гэтага няма. Пагатоў няма і іншых напрамкаў, якія ёсьць у хрысьціянскіх эўрапейскіх цэнтрах — музычная, мастацкая тэрапія.

Калі ж гаварыць выключна пра працоўную тэрапію ў ЛПП, то яе, строга кажучы, там таксама няма. Бо гэта прымусовая, а таму абсалютна нецікавая праца. Больш таго, яна фізычна цяжкая. Чалавеку, які мае залежнасьць, у якога моцныя праблемы са здароўем. цяжка працаваць. Умовы складаныя, матэрыяльнай зацікаўленасьці няма. Для эфэктыўнай тэрапіі неабходныя кадры, якія б маглі навучыць людзей нейкім спэцыяльнасьцям, прычым запатрабаваным на рынку працы. Калі гэта будзе выканана, тады і напрамак будзе эфэктыўны».

Людміла Мірзаянава спасылаецца на апошнія дасьледаваньні расейскіх пэдагогаў ды псыхолягаў. Згодна зь імі, аднаўляць у Расеі ўстановы кшталту ЛПП немэтазгодна, бо іх эфэктыўнасьць вельмі нізкая.

«У ізаляваных умовах ЛТП або калёніі чалавеку немагчыма закласьці нейкі кампэнсаторны спосаб самасьцьвярджэньня, іншы, чым той, да якога ён прызвычаіўся, то бок з дапамогай алькаголю, — тлумачыць псыхоляг. — Па-другое, любы першаход у ЛПП знаходзіцца ў адной прасторы з тымі, хто мае абсалютна іншую ступень залежнасьці ад алькаголю, з тымі, хто неаднойчы прайшоў гэтую ўстанову і нэгатыўна ды недаверліва ставіцца да яе. Адмоўны досьвед перадаецца навічкам. Сядзельцы аб’ядноўваюцца супраць адміністрацыі, супраць працоўнай занятасьці, умоваў працы, лячэньня. Якія могуць быць станоўчыя вынікі пры такой працы з хворымі?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG