Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 31 сакавіка: фэстываль моваў у Менску, Эўропа пераходзіць на летні час


Belarus - Wrist watch generic, undated

Belarus - Wrist watch generic, undated

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

На філялягічным факультэце БДУ адбудзецца I Менскі фэстываль моваў. Пачнецца фэстываль у 11.00 і працягнецца да 19.20. Аснову фэстывалю складаюць прэзэнтацыі моваў. Прэзэнтацыя кожнай мовы – гэта 40-хвілінная міні-лекцыя, падчас якой яе вядучы – спэцыяліст у мове – падзеліцца са слухачамі самымі цікавымі фактамі аб гэтай мове.

Арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музэю прадстаўляе вясновую праграму для дзяцей і іх бацькоў «Шпакі прыляцелі». У праграме музычная імпрэза «Сланечнікавыя людзі» ад сямейнага дуэту «Шпакоўня» і прэзэнтацыя кнігі мастачкі Ганны Сілівончык «Вялікія сакрэты». Пачатак а 14.00.

Большасьць эўрапейскіх краінаў у ноч з 30 на 31 сакавіка пяройдзе на летні час: у Вільні, Рызе і Кіеве ён зраўняецца зь беларускім, у Варшаве будзе на гадзіну менш, чым у Менску, у Маскве – застанецца на гадзіну больш.

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1596 – нарадзіўся Рэнэ Дэкарт, францускі матэматык і філёзаф. Філязофія Дэкарта была дуалістычнай. Ён прызнаваў наяўнасьць у сьвеце дзьвюх аб’ектыўных сутнасьцяў: працяглай (лац. res extensa) і думаючай (лац. res cogitans). Галоўным унёскам Дэкарта ў філязофію стала клясычная пабудова філязофіі рацыяналізму як унівэрсальнага мэтаду пазнаньня. Розум, паводле меркаваньняў Дэкарта, крытычна ацэньвае дасьведчаныя дадзеныя й выводзіць зь іх схаваныя ў прыродзе праўдзівыя законы, якія фармулююцца на матэматычнай мове.

1727 – памёр Ісак Ньютан, ангельскі фізык, матэматык і астраном. Ньютан – аўтар фундамэнтальнай працы «Матэматычныя пачаткі натуральнай філязофіі» (лац. Philosophiae Naturalis Principia Mathematica), у якой ён апісаў закон сусьветнага прыцягненьня і так званыя Законы Ньютана, якія заклалі асновы клясычнай мэханікі. Распрацаваў дыфэрэнцыяльнае і інтэгральнае вылічэньне, тэорыю колернасьці і шматлікія іншыя матэматычныя і фізычныя тэорыі.

1926 – нарадзіўся Джон Фаўлз, ангельскі раманіст.

1949 – нарадзіўся Зьміцер Санько, беларускі біёляг, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

1962 – нарадзіўся Міхал Вівэг, чэскі пісьменьнік.

1969 – у Чыкага ў ЗША памёр Мікола Шчаглоў-Куліковіч, беларускі кампазытар і музыколяг, дзяяч беларускага руху ў эміграцыі. Быў адным з арганізатараў Опэрнага тэатру ў Менску і дырыгентам яго сымфанічнага аркестру. Працаваў рэдактарам на беларускім радыё. У 1940 годзе да дэкады беларускага мастацва ў Маскве напісаў кантату «Сталін». Да пачатку Другой сусьветнай вайны быў ужо вядомым кампазытарам. Застаўся пад нямецкай акупацыяй. У 1944 годзе ўзначаліў музычны аддзел Беларускага культурнага згуртаваньня. На лібрэта Натальлі Арсеньневай напісаў дзьве опэры: лірычна-рамантычную «Лясное возера» і гістарычную «Усяслаў Чарадзей», а таксама апэрэту «Ў вырай». З музыкаю Шчаглова ў Менскім драматычным тэатры быў пастаўлены спэктакль «Затонуты звон» паводле п’есы Г. Гаўптмана і рыхтаваўся «Кастусь Каліноўскі» А. Міровіча, які забараніла нямецкая цэнзура. У 1944 годзе падаўся на Захад.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Я гляджу на сябе, як на дзіця, якое, гуляючы на марскім беразе, знайшло некалькі каменьчыкаў больш гладкіх і ракавін больш стракатых, чым гэта ўдалоя іншым, у той час як непамерны акіян праўды расьсьцілаўся перад маім позіркам не дасьледаваны.

Ісак Ньютан
XS
SM
MD
LG