Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: купалаўцаў – на самаакупнасьць!


Рэканструкцыя Купалаўскага тэатра ў Менску

Рэканструкцыя Купалаўскага тэатра ў Менску

Аляксандар Лукашэнка лічыць магчымым перавод Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы на самафінансаваньне. Слухайце камэнтары ў жывым эфіры.

Як паведамляе агенцтва «Інтэрфакс-Захад», сёньня ў часе наведваньня Купалаўскага тэатру пасьля рэканструкцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Давайце дамо магчымасьць ім зарабляць, вызвалім ад падаткаў».

Выслухаўшы меркаваньне кіраўніцтва міністэрства культуры, Лукашэнка адзначыў: «Гэта значыць, яны не гатовыя, як на Захадзе, зарабляць грошы на сваё існаваньне?». Атрымаўшы адказ, што тэатар ня зможа цалкам існаваць без бюджэтнага фінансаваньня, Лукашэнка сказаў: «Добра, давайце заплацім 15%, а астатняе хай зарабляюць самі». «Тады яны пачнуць варушыцца».

У большасьці разьвітых краінаў тэатры, якія маюць статус нацыянальнага, атрымліваюць фінансаваньне зь дзяржаўнага бюджэту.

У эфіры Свабоды гэтую тэму абмяркуюць тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі, журналіст Сяргей Навумчык і вядоўца Ганна Соўсь:



Ганна Соўсь

Ганна Соўсь

Соўсь: Аляксандар Лукашэнка лічыць магчымым перавод нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы на самафінансаваньне. Вячаслаў, што будзе значыць для Купалаўскага тэатру спыненьне ці істотнае скарачэньне фінансаваньня зь дзяржаўнага бюджэту?

Ракіцкі: Калі раптам гэта ня проста эмацыйны выступ Лукашэнкі, як часта ў яго здараецца, а насамрэч такое адбудзецца, то мы ў гэтым новым шыкоўным будынку будзем бачыць замест дэкарацыяў анучы, а артысты будуць вымушаныя шукаць сабе іншую працу. Зрэшты, ужо адток артыстаў з тэатраў мы назіраем, бо за тыя заробкі – 1,5-2-2,5 мільёны, якія атрымліваюць нават вядучыя майстры сцэны, працаваць вельмі цяжка. Гэта першае. Другі момант. Сапраўды, на Захадзе ёсьць тэатры, якія не фінансуюцца. Гэта невялікія, як правіла, камэрцыйныя тэатры. Нацыянальны тэатар – гэта тэатар, які датуецца дзяржавай ва ўсім сьвеце. Дзяржава разумее яго значэньне. Як правіла, такі тэатар фінансуецца з розных крыніцаў: дзяржава, прыватныя ахвяраваньні, мэцэнаты, фундатары, спонсары і продаж квіткоў.

Соўсь: Колькі каштуюць квіткі?

Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі

Ракіцкі: Скажу адразу, што на квітках Купалаўскі тэатар не заробіць. Ужо на новую сцэну, на «Паўлінку» квіткі падвышаны да 130 тысячаў, але гэтага недастаткова.

Соўсь: Сяргей, я бачыла, вы глядзелі «Панараму» на БТ, дзе быў рэпартаж з Купалаўскага тэатру. Там прагучала думка, што фінансаваньня тэатар могуць пазбавіць, але ідэалягічны зьмест спэктакляў будуць кантраляваць. Як вы гэта расцэньваеце – не плаціць і музыку замаўляць адначасова?

Сяргей Навумчык

Сяргей Навумчык

Навумчык: Гэтыя словы Лукашэнкі пра «идеологическую составляющую» наўпрост адсылаюць нас у часы Савецкага Саюзу, панаваньня камуністаў, калі рэпэртуар тэатраў зацьвярджаўся рэпэртуарнай калегіяй Мінкульту, з абкама і з ЦК. Вельмі жорсткі быў кантроль. Гэта было. Але пры гэтым ніколі нацыянальныя тэатры ня мелі ніякіх праблем зь фінансаваньнем. Нават камуністы цудоўна разумелі, што такое тэатар. Машэраў хадзіў на большасьць прэм'ераў.

Соўсь: Як выглядае, Аляксандар Лукашэнка наведаў тэатр другі раз за часы свайго прэзыдэнцтва...

Навумчык: За дзесяць гадоў! Гэта адлюстроўвае стаўленьне цяперашняга кіраўніцтва краіны да мастацтва, ўвогуле да нацыянальнай культуры. Усё ж такі тэатар – гэта ня шклоўскаяе сьвінафэрма, дзе сьвіньні плодзяцца самі сабой, не кароўнік. Гэта вельмі тонкая структура, якая патрабуе патранаваньня. Тэатры трэба песьціць. І тую выключную ролю, якую тэатар адыграў у станаўленьні беларусаў як нацыі, якую ён адыгрывае цяпер пры гэтай страшэннай сытуацыі зь беларускай мовай, гэтую ролю трэба разумець. Але ўсё проста. Проста ў 1994 годзе да ўлады была прыведзеная каманда, якой абсалютна нецікавыя нацыянальныя каштоўнасьці. Больш за тое -- гэтыя каштоўнасьці ім варожыя.

Соўсь: Вячаслаў, вы таксама глядзелі гэты рэпартаж беларускага тэлебачаньня. Вы бачылі твары актораў Купалаўскага тэатру. Як вы мяркуеце, якая будзе рэакцыя купалаўцаў?

Ракіцкі: Твары я бачыў – твары людзей зьдзіўленых, пакрыўджаных, ашаломленых, яны былі літаральна мёртвыя. Акторы – гэта таленты, якія прырода нараджае вельмі рэдка. І ў гэтых сёньняшніх заявах Лукашэнкі я ўбачыў, што гэта не лякальная праблема, не праблема Купалаўскага тэатру. Гэта праблема ўвогуле стаўленьня да беларускай культуры, да ролі мастацтва ў дзяржаве. Мы можам сотні мільёнаў даляраў выкідваць на паветра, а на мастацтва – ня трэба... Калі дзяржава ня можа ўтрымліваць нават адзін нацыянальны тэатар, а ў нас іх тры, тады зразумела, што дзяржава ўтрымлівае адно толькі сілавікоў.

Соўсь: Сяргей, на вашу думку, ці стане гэтае рашэньне сыстэмай?

Навумчык: Я вельмі хацеў бы памыліцца, але падаецца мне, што так, гэта будзе сыстэмай і гэта цалкам кладзецца ў палітыку, якую, падкрэсьліваю, з 1994 году праводзіць Лукашэнка, мэтанакіравана і паслядоўна, па зьнішчэньні нацыянальнай беларускай культуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG