Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Факультэт непатрэбных рэчаў


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Вынікам замежных візытаў кіраўніцтва дзяржавы павінны быць ня толькі новыя рынкі, інвэстыцыі ці крэдыты. Важны таксама досьвед іншых краінаў, які можна было б узяць на ўзбраеньне і ў Беларусі. Пра гэта – інтэрвію з дырэктарам Парку высокіх тэхналёгій Валерыем Цапкалам, які надрукавала газэта «Советская Белоруссия» (28.03.2013) пад назвай «Факультэт патрэбных рэчаў». Адразу ж матэрыял быў перадрукаваны інтэрнэт-рэсурсам Tut.by.

Трэба адзначыць, што Валеры Цапкала – даўні прыхільнік досьведу «азіяцкіх тыграў». Яшчэ на пачатку кіраваньня Лукашэнкі ён актыўна прапагандаваў эканамічную мадэль Сынгапуру, Ганконгу, Тайваня, Паўднёвай Карэі, прапаноўваў пераняць іхны досьвед.

Але, як вядома, Беларусь узяла зусім іншы кірунак разьвіцьця. Беларуская сацыяльная мадэль, якую сам Лукашэнка лічыць найбольшым сваім дасягненьнем, супрацьлеглая эканамічнай сыстэме «азіяцкіх тыграў». Здавалася б, усё ясна і зразумела, Беларусь паказала ўсім народам шлях да сьветлай будучыні, і кіраўнікі краін Азіі павінны станавіцца ў чаргу, кожны год прыяжджаць у Менск, каб вучыцца. Але, як высьвятляецца, усё якраз наадварот.

Валеры Цапкала ў сваім інтэрвію прапануе вучыцца ў Сынгапура. Трэба нагадаць, што гэтая краіна займае другое месца ў сьвеце паводле індэксу эканамічнай свабоды (першае – Ганконг). У гэтым сэнсе і само інтэрвію, і тое, што яно надрукавана ў газэце «Советская Белоруссия» на другой паласе, – гэта пэўны выклік беларускай сацыяльнай мадэлі. Глядзіце самі.

Цапкала кажа пра досьвед Сынгапура: Урад арыентаваны на ўсямерную падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу. Тут такая філязофія: дзяржава верыць у тое, што талент, божая іскра ёсьць у кожным. Трэба толькі яе разгледзець і дапамагчы разьвіцца.

Журналіст, Дзьмітры Крат, які бярэ інтэрвію, падтрымлівае думку: Адзін наш бізнэсовец мне неяк сказаў, што, працуючы ў Сынгапуры пяты год, ня ведае ніводнага чыноўніка. Усе адміністрацыйныя працэдуры ажыцьцяўляюцца праз інтэрнэт, не выходзячы з офіса.

Цапкала: Вядома, увядзеньне «электроннага ўраду» – гэта сур'ёзная адміністрацыйная рэформа. Яна вызваліць немалую колькасьць службоўцаў. Тых, хто ставіць штампы ў пашпарты, дапамагае запаўняць паперы, фармуе і кантралюе чэргі.

Крат: Але гэта першы ўзровень. А ёсьць і вышэйшы. Той, на якім прымаюцца рашэньні. Аб ліцэнзаваньні, наданьні зямельных участкаў, дазволаў на будаўніцтва і г.д. Вось дзе супрацьдзеяньне можа быць наймацнейшым.

Цапкала: Самая эфэктыўная, з майго пункту гледжаньня, дзяржава – тая, дзе бізнэс і дзяржструктуры наўпрост наагул не сутыкаюцца. Тады... бізнэс-працэс пазбаўляецца ад цэлага шэрагу рызыкаў суб'ектыўнага характару. Ну і, зразумела, матывы для карупцыйных праяў зводзяцца практычна на нішто.

Кажучы іншымі словамі, спадар Цапкала, прапагандуючы сынгапурскі досьвед, прапануе ўшчэнт разбурыць беларускую сацыяльную мадэль. Бо апошняя грунтуецца ня толькі на ўсёабдымным кантролі дзяржавы над усімі эканамічнымі працэсамі ў краіне, а і на дамінаваньні дзяржаўнай уласнасьці. Тут праблема нават не ў чыноўніках, якія выдаюць ліцэнзіі і зямельныя ўчасткі, а ў самым высокім узроўні. Праблема ў Лукашэнку. Ён упэўнены, што кіраваньне эканомікай – гэта найважнейшы элемэнт улады.

У беларускай мадэлі каля 3/4 працоўнага насельніцтва альбо атрымлівае заробак зь бюджэту, альбо працуе на дзяржпрадпрыемствах. Пэнсіянэры атрымліваюць пэнсіі ад дзяржавы. Вялізарная большасьць беларусаў залежаць ад улады. Прычым ня толькі найманыя работнікі, зьвязаныя кантрактнай сыстэмай, але і кожны чыноўнік залежыць ад вышэйшага начальніка. Такое ўсеагульнае прыгоннае права. А галоўны гаспадар сядзіць на вяршыні гэтай дзяржаўнай піраміды і раздае даброты. І калі нехта праяўляе неляяльнасьць, то застаецца без кавалка хлеба. Дзяліць баланду – гэта вышэйшая асалода ўлады. Плюс на розных нарадах вучыць бесталковых чыноўнікаў, як перабіраць бульбу і здабываць калій, гуляць у хакей. І плюс пэрыядычна садзіць у турму.

Вядомы раман Юрыя Дамброўскага называўся «Факультэт непатрэбных рэчаў». Па матывах яго і названа гэтае інтэрвію. Дык вось, у нашым выпадку факультэт непатрэбных рэчаў – гэта тыя дзяржаўныя функцыі (і дзяржаўныя інстытуты), якія забясьпечваюць усёабдымны кантроль над эканомікай у беларускім варыянце. І гэтую сыстэму прыгоннага права Валеры Цапкала прапануе дэмантаваць, аддзяліўшы ўладу ад бізнэсу. Гэта замах на асновы, падрыў эканамічнага фундамэнту беларускага рэжыму, амаль скандал, нават рэвалюцыйны заклік.

У канцы ХVIII стагодзьдзя расейская імпэратрыца Кацярына II, прачытаўшы кнігу Аляксандра Радзішчава «Падарожжа зь Пецярбурга ў Маскву», у якой крытыкавалася прыгоннае права, сказала: «Бунтаўнік – горшы за Пугачова! Той, хоць царом прыкінуўся, манархічны лад вызнаваў, а гэты рэвалюцыяй надумаў на Русі ўчыніць рэспубліку!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG