Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саша Варламаў плаціў мадэлям. Адкуль браў грошы?


Саша Варламаў

Саша Варламаў

На працэсе над мадэльерам Сашам Варламавым, які праходзіць у Ленінскім судзе Менску, пачаліся допыты сьведак. Сёньня ад некаторых сьведак падсудны зноў пачуў словы ўдзячнасьці.

Увесь тыдзень у працэсе ідуць допыты сьведак, якія праходзяць па эпізодзе аб навучаньні на курсах «Агенцтва моды Сашы Варламава». Сярод абвінавачаньняў, якія выстаўленыя Сашу Варламаву, ёсьць і нясплата падаткаў з грошай, якія зарабляліся праз гэтыя курсы. Адкуль вы даведаліся пра курсы? Ці давялося плаціць за навучаньне? Як прымалася аплата? Ці выдавалі дакумэнты, якія пацьвярджаюць аплату? Калі пачалі праводзіць аплату праз банк? Гэтыя пытаньні ў асноўным чулі сёньня ад пракурора сьведкі.

Сьведка Алена Яцына, у якой на курсах «Агенцтва моды Сашы Варламава» ў будынку ліцэя БДУ навучалася дачка, пацьвердзіла: першыя тры месяцы навучаньне на курсах было платным, грошы прымаліся наяўныя. Чэкаў ці іншых дакумэнтаў аб аплаце не прапаноўвалі, але ў ведамасьці адзначалі. За паказы на фэстывалі «Млын моды» дачка атрымала «невялікія грошы».

Сьведка Сьвятлана Абразкова згадала, што за навучаньне сына яна плаціла ў месяц па 100–120 тысяч рублёў. Пасьля 3 месяцаў навучаньня далей плата была зьменшаная напалову, а потым сын мог навучацца бясплатна. За паказы ў Беларусі сыну плацілі невялікія грошы, згадала сьведка.

Максім Прудкевіч пацьвердзіў гэтую практыку — у 2010 годзе, калі дапамагаў у правядзеньні фэстываля, зарабіў 150 тысяч рублёў. А за шторазовы ўдзел у паказах новых мадэляў у агенцтве Сашы Варламава яму плацілі ад 25 да 50 тысяч рублёў.

Вольга Алябава паведаміла, што навучаў майстэрству дэфіле на курсах сам Саша Варламаў. Навучаньне было платным. Пасьля навучаньня яна запоўніла анкету, каб яе маглі выклікаць на паказы.

У Марыны Нячаевай на курсы да Сашы Варламава хадзілі абодва сыны. Пра курсы даведалася з рэклямы. Курсы спачатку былі платныя, але недарагія — да 100 тысяч. Грошы бралі наяўныя, а з 2011 году — праз банк. Адзін з сыноў атрымліваў за паказы па 40–50 тысяч рублёў «ганарару». Згадала, што дзеці на курсах Варламава часта займаліся разам з дарослымі, і гэта «вельмі дапамагала навучаньню». Сыходзячы з судовай залі, сьведка падзякавала мадэльеру і пажадала яму посьпехаў.
За ўсе гэтыя 11 гадоў у бюджэце фэстывалю не было выдзелена ані рубля заробку мадэлям, грузчыкам

Саша Варламаў у тлумачэньнях суду прасіў зьвярнуць увагу на паказаньні сьведак адносна таго, што ім плаціліся грошы за паказы.

«„Млын моды“ выходзіў 11 гадоў, і за ўсе гэтыя 11 гадоў, да 2010 году, у бюджэце фэстывалю не было выдзелена ані рубля заробку мадэлям, грузчыкам. Інфармацыя, якая паступіла ў тым ліку сёньня пра гэта, сьведчыць пра тое, што нам даводзілася падключаць спонсараў, мэцэнатаў, як яны сябе называлі. Каб знайсьці аплату — ці назавем яе ганарарам — мадэлям, грузчыкам, асьвятляльнікам, гукаапэратарам», — казаў Саша Варламаў пра крыніцы гэтага фінансаваньня.

Усяго 29 сакавіка было дапытана 9 сьведак і зачытаныя паказаньні яшчэ двух, якія не змаглі прыйсьці ў суд з паважных прычын.

Ці шмат яшчэ не апытаных сьведак?


«Дапытана меней за палову сьведак, якіх усяго каля 500, і яшчэ ня ўсе пацярпелыя дапытаныя, але тых засталося няшмат. Мяркую, за два месяцы мы прайшлі меней за палову шляху, якім прыйдзецца прайсьці да прысуду», — сказаў Свабодзе адвакат Сашы Варлавама Павал Піваварчык.

Напярэдадні Сашу Варламава ў цывільным шпіталі аглядалі дактары. Вынікі кансыліюму, паводле адваката, яшчэ невядомыя.


Як пачуваецца Саша Варламаў у судзе?


Павал Піваварчык: «Ён скардзіцца на болі ў хрыбетніку, апавядаў пра іншыя балячкі — што прастуда ніяк ня пройдзе, у яго насмарк, кашаль. Але тое, што паказала абсьледаваньне, яшчэ невядома. У яго абсьледавалі хрыбетнік, грудны і шыйны аддзелы. Раней рабілі МРТ, а ўчора зьбіраўся кансыліюм. Але якое рашэньне, пакуль невядома. Наконт апэрацыі, патрэбная ці не, ён сам ня ведае. Толькі паводле дакумэнтаў можна будзе вырашыць, патрэбная апэрацыя ці не».

На працэсе Саша Варламаў працягвае карыстацца мыліцай, яму дазволена падымацца зь месца, не пытаючыся дазволу судзьдзі. Час ад часу Саша Варламаў у судзе прымае лекі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG