Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Юры Дорн: Была спроба рэйдэрскага захопу


Першае інтэрвію аднаго зь лідэраў габрэйскай грамады Юрыя Дорна на прыступках суду Цэнтральнага раёну Менску адразу пасьля апраўдальнага прысуду.

Юры Дорн заявіў, што ягоная справа была «незвычайнай нават ва ўсясьветнай практыцы»:

«Незвычайная справа. Вельмі незвычайная, і думаю, што ўпершыню і ў Беларусі такое, і ва ўсясьветнай практыцы. Разьбіраць справу ў дачыненьні да таго, што вывезьлі стары дом. І гэта ж дом не дзяржаўны, ані на сродкі дзяржавы быў пабудаваны. Але што рабіць? Што маем, тое трымаем. Далей будзе лепш, я спадзяюся, з Божай дапамогай».

На прыступках будынку Цэнтральнага суду Менску Юры Дорн заявіў, што яго абвінавацілі ў атрыманьні хабару, каб зьняць з пасады старшыні юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня.

Юры Дорн: «Складана адмаўляць, што была спроба рэйдэрскага захопу. Мне сумна, што гэтым займаліся людзі, якія былі сябрамі габрэйскай грамады. Да пэўнай ступені я спрабаваў гэта хаваць. Але так яно і ёсьць сапраўды».

«Назаві прозьвішча, — сталі прасіць жонка Юрыя Ірына і людзі, якія прыйшлі падтрымаць Дорна ў судзе. — Цяпер гэта ўжо можна зрабіць».

Юры Дорн назваў імя і прозьвішча гэтага чалавека. Ірына, жонка Юрыя Дорна: «Я наняла ў Ізраілі адвакатаў, мы правялі сваё расьсьледаваньне. Ён тры месяцы рыхтаваў гэта! Але мы гэта перажылі».

Што тычыцца працэсу, Дорн патлумачыў наступнае:

«Было відаць, што судзьдзя хоча разабрацца, вельмі падрабязна ішоў працэс. Спачатку я адчуваў, што ягоныя сымпатыі не на маім баку. Але калі пачалі сьведкі даваць паказаньні, лісты зачытваць, выступы адвакатаў пайшлі, я зразумеў, што сытуацыя мяняецца. І бліжэй да канца студзеня я ўжо заўважыў, што адбыўся пералом. І па тых пытаньнях, якія задаваліся, і нават пракурор па-іншаму пачаў ставіцца».

Пракурор патрабавала для Юрыя Дорна 5 гадоў зьняволеньня.

Юры Дорн: «Мне здаецца, што пракурорам мусяць працаваць людзі зь вялікім жыцьцёвым досьведам. Я з павагай стаўлюся да людзей, якія нават з чырвоным дыплёмам сканчаюць юрыдычныя факультэты. Але, ня ведаючы жыцьця, патрабаваць пакараньня, спрабаваць разабрацца ў гэтых пытаньнях толькі на падставе тых ведаў, якія атрыманыя ва ўнівэрсытэце, — гэта немагчыма».

Паводле Дорна, у турмах людзі сядзяць за нязначныя правіны:

«Паверце, там шмат людзей, на мой погляд, знаходзяцца па нязначных злачынствах. Іх даўно можна было б адпусьціць, яны б ужо прыносілі карысьць краіне. А яны сядзяць, пакутуюць. Шкада іх».

У апошняй камэры, дзе сядзеў Дорн, было 12 чалавек. Да таго ён знаходзіўся ў адной камэры з 15 зьняволенымі. Усе, з кім ён сядзеў, былі зьняволеныя ўпершыню:

«Мне вельмі шкада, што частка людзей зламалася ў гэтых умовах. Шкада глядзець, што іх сем’і, іх блізкія на нейкі час іх кідаюць. Ня вераць у тое, што яны хутка вызваляцца».

Трэба старацца як найхутчэй мяняць у лепшы бок умовы. 21 стагодзьдзе, а там кіпяцільнікі, хто сёньня імі карыстаецца? Фільтры для вады павінны быць. Ежа, вядома, я разумею, ад грошай залежыць. Але можна было чакаць і горшага. Я быў гатовы да горшага«.

Дзякуючы надзвычайнай увазе да працэсу ў турме да Дорна ставіліся «з павагай».

«Мяне называлі па імені і імені па бацьку. А гэта ў турме не прынята. Нават ахоўнікі. І цікавіліся, і жадалі мне посьпеху, калі я сёньня сыходзіў. Мне здавалася, што я абсалютна просты чалавек. А тут столькі ўвагі».

Юры Дорн таксама выказаў удзячнасьць падтрымцы габрэйскай грамады. Урэшце яму дазволілі сустрэцца і з рабінам, чаго яму, па ягоных словах, вельмі не хапала.

Юры Дорн: «Грамада забясьпечвала мяне кашэрнымі прадуктамі. Спачатку ў камэры зьдзіўляліся, пасьля цікавіліся, пасьля спрабавалі пакаштаваць. Маца ўсім спадабалася.

Калі ты ў турме, у камэры, ты спрабуеш нешта выконваць. Але гэта не атрымліваецца. Дзякуючы духоўнай падтрымцы я засынаў і прачынаўся ў добрым настроі.

З Радуні нават пісалі людзі. Гэта было для мяне адкрыцьцём. Прасілі ў мяне прабачэньня. А за што?! Гэта я мусіў прабачэньня прасіць!»

А вось з боку ізраільскай амбасады падтрымкі ён не адчуваў:

«Да мяне ніхто не пісаў і не прыходзіў. У прэсе я такога таксама не чытаў. Я хачу спадзявацца, што, магчыма, спрабавалі дапамагчы».

Юры Дорн кажа, што за апраўдальны прысуд «трэба быць удзячным Усявышняму».

«Як чалавек веруючы я лічу, што тут была і мая віна. Гэта ня проста пакараньне, а выпрабаваньне. Спроба пераацаніць нейкія свае ўчынкі».

«Было нялёгка. Але горш тым, хто знаходзіцца там, дзе я быў, бязь веры. А мне было ў маральным сэнсе ня цяжка. Недзе ў душы я ведаў, што ўсё скончыцца добра. Да канца верыў. Калі можна, перадаю тым, хто застаўся за тымі сьценамі, што трэба не губляць веры ў сябе, верыць ва Ўсявышняга, у яго дабрыню, справядлівасьць і паспрабаваць зьмяніць жыцьцё да лепшага».

Пакідаць Беларусь Юры Дорн пакуль не плянуе:

«Я прырос каранямі да гэтай краіны. І я ня бачу сябе па-за ёй. Дзе б я ні быў, карані мае тут. Тут, думаю, я нашмат больш карысьці прынясу. Але, вядома, сям’я, усё іншае — вельмі важна. Больш часу зь дзецьмі трэба спрабаваць правесьці. З падвойнай сілай трэба аддаць тое, што яны недаатрымалі».

29 сакавіка старшыню юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Юрыя Дорна прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў, але апраўдалі паводле абвінавачаньня ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Ён быў вызвалены ў залі суду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG