Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дорна вызвалілі, даўшы два гады абмежаваньня волі


29 сакавіка Старшыню юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Юрыя Дорна прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў, але апраўдалі паводле абвінавачаньня ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Яго пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі. Аднак паколькі ён год адбыў пад вартай, яму гэта залічы паводле прынцыпу «адзін год за два».

Камэнтуе Аляксей Ярмошын, адвакат Юрыя Дорна: «Юры Дорн прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага часткай другой артыкула 343 „Ухіленьне ад сплаты падаткаў“. За гэта яму прызначылі пакарэньне ў выглядзе абмежаваньня волі. З улікам таго, што ён знаходзіўся пад вартай, то паводле закону адзін дзень знаходжаньня пад вартай — гэта два дні абмежаваньня волі. Атрымліваецца — ён свабодны».

Юрыя Дорна вінавацілі ў нясплаце падаткаў і перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Сёньняшні прысуд Дорн назваў перамогай правасудзьдзя. Адказваючы на пытаньне Свабоды, ён сказаў, што не зьбіраецца пакідаць Беларусь.

Дорн сказаў журналістам, што яго ўтрымлівалі ў камэрах, дзе было 12 і 15 чалавек. Ён ня ведае пра якую-небудзь дапамогу ў ягонай справе з боку амбасады Ізраіля.

21 сакавіка дзяржаўны абвінаваўца Тацяна Рак папрасіла ў суду пакараць Дорна пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а таксама забараніць яму займаць пасады, зьвязаныя з арганізацыйна-распарадчай дзейнасьцю цягам 5 гадоў.

Раней, выступаючы ў судзе Цэнтральнага раёну Менску з апошнім словам, Юрый Дорн часткова прызнаў сваю віну, у прыватнасьці ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.

Абвінавачваньня ж у перавышэньні службовых паўнамоцтваў Дорн не прызнаў, назваўшы яго «надуманым», і заявіў, што яно «не вынікае з матэрыялаў справы».


__________________________________________________

Дорна затрымалі летась 13 сакавіка. Сьледчы камітэт паведамляў, што Юрыя Дорна вінавацяць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу: апроч атрыманьня хабару, перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, ухіленьне ад выплаты падаткаў, выкраданьне альбо пашкоджаньне дакумэнтаў, штампаў, пячатак і службовы падлог, а таксама іншыя махінацыі з здачай маёмасьці ў арэнду.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, у 2001–2002 гадах Юрый Дорн незаконным чынам завалодаў домам у Радуні, дзе жыў Ісраэль Мэір Пупко, вядомы як Хафец Хаім. Гэты драўляны будынак разабралі з дапамогай мясцовых жыхароў, вывезьлі праз памежны пункт Беняконі, даставілі ў порт Клайпеды, а далей вывезьлі ў ЗША. Паводле сайту ешывы Хафеца Хаіма ў Нью-Ёрку, дом цяпер у іх і належыць рабіну Заксу.

Хафец Хаім — адзін з самых аўтарытэтных асьветнікаў габрэяў у XX стагодзьдзі. Адна зь ягоных кніг, «Мішна Брура», стала асноўным кодэксам жыцьця і паводзінаў рэлігійных габрэяў усяго сьвету. Хафец Хаім нарадзіўся ў Дзятлаве ў 1838 годзе. У Радуні ён стварыў ешыву, будынак якой захаваўся і дагэтуль. Цяпер там клюб. У Радуні таксама і магіла Хафеца Хаіма.
XS
SM
MD
LG