Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей пра «зашораных эканамістаў ад апазыцыі»


Уладзімір Макей
Уладзімір Макей

Міністар замежных спраў у відэакамэнтары, разьмешчаным на сайце МЗС, выказаў абурэньне ацэнкамі незалежных эканамістаў візыту кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ў Інданэзію і Сынгапур.

«Мяне некалькі зьдзівіла ёрнічаньне некаторых зашораных эканамістаў ад апазыцыі, якія кажуць навошта мы туды пайшлі, нічога мы адтуль не прывезьлі, ніякай пэрспэктывы ў нас там няма», — заявіў Уладзімер Макей.

Ён адзначыў, што Лукашэнка прывёз з гэтага рэгіёну рэальныя кантракты на 400 мільёнаў даляраў. Таксама Макей апавёў пра падпісаньне міжнародных пагадненьняў і мэмарандумаў аб намерах, аб стварэньні сумесных прадпрыемстваў, пастаўках беларускай прадукцыі. А таксама пра тое, што Лукашэнка прапанаваў «стварыць тут свайго роду філіял Сынгапуру ў рамках, магчыма, кітайска-беларускага індустрыяльнага парку або на асобна ўзятай тэрыторыі».

Ён таксама адзначыў, што Беларусі «быў важны вопыт Сынгапуру ў рэфармаваньні эканомікі».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка, камэнтуючы «Свабодзе» візыты Лукашэнкі, адзначыў, што толькі сёлета Беларусі патрэбна тры мільярды даляраў. Ні ў Інданэзіі, ні ў Сынгапуры кіраўнік краіны іх ня знойдзе.

Дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман ня думае, што пасьля гэтага візыту сытуацыя зьменіцца. Ён лічыць, што «гэта наагул ня ровень прэзыдэнта — займацца прасоўваньнем паўсюль нашага экспарту». Бо кантракты і пагадненьні — «гэта асабістая справа кампаніяў, фірмаў, прадпрыемстваў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG