Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хутчэй будзе распродаж маёмасьці, а не рэформы


Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Міністар фінансаў Андрэй Харкавец паведаміў, што ключавыя фінансавыя ведамствы краіны прыступілі да распрацоўкі канцэпцыі праграмы макраэканамічных рэформаў. Міністар спадзяецца, што яе ўхваленьне Міжнародным валютным фондам дазволіць краіне прыцягнуць новы крэдыт МВФ. Ці сапраўды беларускія ўлады гатовыя пайсьці на радыкальныя эканамічныя рэформы? Ці можа беларускае кіраўніцтва дапусьціць за год да прэзыдэнцкіх выбараў зьніжэньне сацыяльных выплатаў? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

— Літаральна праз пару дзён пасьля заканчэньня працы ў Менску агляднай місіі Міжнароднага валютнага фонду міністар фінансаў заявіў пра распрацоўку канцэпцыі макраэканамічных рэформаў. Ці верыце вы ў тое, што беларускае кіраўніцтва сапраўды гатовае ісьці на эканамічныя рэформы?

— Калі ўзгадаць падзеі мінулага году — а гэта выпадкі нацыяналізацыі маёмасьці замежных інвэстараў, адсутнасьць абароны прыватнай уласнасьці — то можна сказаць, што ў 2012-м было адступленьне ад лібэральных мэтадаў у эканоміцы.

Таму на цяперашні момант можна прагназаваць, што МВФ ня дасьць крэдыту. Вядома, бывае так, што МВФ дае крэдыты, не зважаючы на выкананьне дзяржавамі сваіх абяцаньняў. Так было і зь Беларусьсю, і з Расеяй у 1998-м годзе.

Але Беларусь цяпер у іншым становішчы. Бо ня толькі не выконвалася папярэдняя праграма крэдыту МВФ, але й існуюць вельмі кепскія палітычныя адносіны з Эўразьвязам і ЗША, якія й вырашаюць у Радзе МВФ, ці даваць крэдыт. Так што накладаньне гэтых двух чыньнікаў кажа пра тое, што на гэты момант варта чакаць адмовы МВФ даць Беларусі новы крэдыт.
Калі ня будзе крэдытаў з боку МВФ і Расеі, то ўлады не дацягнуць да 2015 году

— Звычайна МВФ патрабуе даволі радыкальных скарачэньняў сацыяльнай, бюджэтнай сфэры. Ці можа беларуская ўлада пайсьці на такія ўмовы, улічваючы, што гэта небясьпечна рабіць перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў 2015 годзе?

— Калі ня будзе крэдытаў з боку МВФ і Расеі, то ўлады не дацягнуць да 2015 году, узровень жыцьця можа панізіцца. Але ёсьць іншы выхад — прадаваць прадпрыемствы. Тады можна і далей падвышаць узровень жыцьця.

— І якія прадпрыемствы могуць стаць ахвярай продажу?

— Нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы: магчыма, «Азот», магчыма, невялікі пакет акцый «Беларуськалію». Калі будзе безвыходная сытуацыя з крэдытамі, то гэта штурхне ўлады да такой прыватызацыі. Бо надта вялікая патрэба ў грашах — аддаваць раней узятыя даўгі, падтрымліваць курс валюты і гэтак далей.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG