Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі абвінавачваюць у нясплаце падаткаў і перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

21 сакавіка дзяржаўны абвінаваўца Тацяна Рак папрасіла ў суду пакараць Дорна пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а таксама забараніць яму займаць пасады, зьвязаныя з арганізацыйна-распарадчай дзейнасьцю цягам 5 гадоў.

Абарона Дорна разьлічвае на апраўдальны прысуд.

Выступаючы ў судзе Цэнтральнага раёну Менску з апошнім словам, Юрый Дорн часткова прызнаў сваю віну, у прыватнасьці ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.

Абвінавачваньня ж у перавышэньні службовых паўнамоцтваў Дорн не прызнаў, назваўшы яго «надуманым», і заявіў, што яно «не вынікае з матэрыялаў справы».

Дорна затрымалі летась 13 сакавіка. Сьледчы камітэт паведамляў, што Юрыя Дорна вінавацяць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу: апроч атрыманьня хабару, перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, ухіленьне ад выплаты падаткаў, выкраданьне альбо пашкоджаньне дакумэнтаў, штампаў, пячатак і службовы падлог, а таксама іншыя махінацыі з здачай маёмасьці ў арэнду.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, у 2001–2002 гадах Юрый Дорн незаконным чынам завалодаў домам у Радуні, дзе жыў Ісраэль Мэір Пупко, вядомы як Хафец Хаім. Гэты драўляны будынак разабралі з дапамогай мясцовых жыхароў, вывезьлі праз памежны пункт Беняконі, даставілі ў порт Клайпеды, а далей вывезьлі ў ЗША. Паводле сайту ешывы Хафеца Хаіма ў Нью-Ёрку, дом цяпер у іх і належыць рабіну Заксу.

Хафец Хаім — адзін з самых аўтарытэтных асьветнікаў габрэяў у XX стагодзьдзі. Адна зь ягоных кніг, «Мішна Брура», стала асноўным кодэксам жыцьця і паводзінаў рэлігійных габрэяў усяго сьвету. Хафец Хаім нарадзіўся ў Дзятлаве ў 1838 годзе. У Радуні ён стварыў ешыву, будынак якой захаваўся і дагэтуль. Цяпер там клюб. У Радуні таксама і магіла Хафеца Хаіма.
XS
SM
MD
LG