Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Сямён Ісаеў на выпускным іспыце замест адказу па білеце на дзяржаўным іспыце зачытаў прамову. У адказ на выступ студэнта адлічылі за 3 месяцы да атрыманьня дыплёму.

Сямён Ісаеў не пасьпеў закончыць сваю прамову, яго выдалілі з аўдыторыі, але ён раздаў тэкст прамовы аднакурсьнікам і зьмясьціў яго ў сацыяльных сетках.

«Сыстэма адукацыі мусіць быць перагледжаная», — заявіў Сямён, а цяперашнюю сыстэму ён назваў «татальным балотам». Прамова хутка разышлася па сацыяльных сетках і СМІ. Самога Ісаева некаторыя карыстальнікі сацсетак называюць амаль што героем.

Кіраўніцтва ўнівэрсытэту ўчынку студэнта не ацаніла:

«Студэнт адлічаны за непасьпяховасьць. Ён абавязаны быў прайсьці пераддыплёмную практыку, абараніць справаздачу па практыцы і здаваць дзяржіспыт», — кажа першы прарэктар БНТУ Фёдар Панцялеенка.

«Гэта быў апошні іспыт, — апавядае Сямён Ісаеў. — Усё, чаму мы навучыліся за гэтыя гады, я і сказаў». А сказаў Сямён наступнае:

«У гэтых умовах я не хачу дэманстраваць вам свае веды па спэцыяльнасьці, якімі б значнымі ці мізэрнымі яны ні былі, і тым больш не зьбіраюся прыніжаць вашую прысутнасьць сваім непрыкметным сьпісваньнем. Сыстэма адукацыі павінна быць перагледжаная. Настаўнікі і вучні павінны атрымліваць задавальненьне ад навучальнага працэсу…»

Гэта вытрымкі з прамовы Сямёна Ісаева.

Ва ўнівэрсытэце пераконваюць: зь Сямёнам размаўлялі шмат разоў, прасілі, каб навучаньне ўсё ж скончыў, усё ж пяты курс.

«Хлопец ён няпросты, схільны да рамантыкі, піша вершы, — кажа прарэктар Фёдар Панцялеенка. — Гады два таму ўбіў сабе ў галаву, што галаданьне — найлепшы спосаб лячэньня. І нават ледзьве не памёр. Бацькі таксама на яго ня могуць паўзьдзейнічаць».

Сямён Ісаеў з Наваполацку. Яму 23 гады.

«Мяне пяць гадоў палохалі: „Сеня, ты ж глядзі, скончы ўнівэрсытэт, а то бабулі будзе кепска. Бабуля памрэ ад інфаркту“», — расказвае Сямён на пытаньне, як паставіліся да ягонага ўчынку бацькі.

«Ну вось, бабуля не памерла, нармальна. Я калі гэта зрабіў, адразу бацькам пазваніў».

Намесьніца дэкана факультэту Алена Бандарэнка кажа, што Сямён студэнтам быў звычайным — ані двоечнік, ані выдатнік:

«Але пры ягоных магчымасьцях ён мог усё вывучыць і ўсё здаць. І гэты іспыт зусім ня быў падставай для таго, каб яго адлічыць».

Чым жа не дагадзіў Сямёну ўнівэрсытэт? Давучыўся ж ён да пятага курсу.
«Ня пі алькаголь»,
«Не кранай грошай»,
«Ня еж мяса»,
«Не хадзі на выбары»,
«Ня вер у бога»

«Унівэрсытэт — ня самае страшнае. Мне найбольш дадзела агульнае п’янства, эксплюатацыя чалавекам і прыроды, і жывёлаў. Мы ж вось жывёлаў ямо. І з уладамі, і з грашыма, з далярамі як сыстэма закручаная. Па кожнай тэме можна па гадзіне размаўляць».

«Ня пі алькаголь», «Не кранай грошай», «Ня еж мяса», «Не хадзі на выбары», «Ня вер у бога» — гэта сымбаль веры Сямёна Ісаева.

А яшчэ Сямён — паэт. Вершы піша з 13 гадоў. 30 сакавіка будзе чытаць свае творы для маскоўскай публікі, пра што ў ягоным акаўнце «Вконтакте» ёсьць адмысловая абвестка. Гэта быў ня першы публічны выступ Сямёна:

«Увесну 2011 году я выйшаў да кінатэатра Беларусь у Менску і пачаў людзям чытаць свае вершы. І быў водгук, і я стаў пісаць вельмі шмат. Пачаў на вуліцах выступаць, зразумеў, што я магу нешта гаварыць людзям, што для іх гэта будзе карысна».

На старонцы Сямёна «Вконтакте» ёсьць відэа, на якім ён чытае верш «Мне яшчэ не 23». Чытае відавочна хвалюючыся, і відаць, што ўнівэрсытэт дадзеў Ісаеву ўжо даўно.



Дый сам гэты ўчынак Сямёна спантанным ня быў. Яшчэ ў сярэдзіне лютага ён зьвярнуўся зь лістом у некаторыя незалежныя выданьні, дзе прасіў інфармацыйнай падтрымкі свайму пэрформансу. Сямён прызнаецца, што ў яго быў выбар: «ісьці ці не ісьці».

На зададзенае наўпрост пытаньне — навошта? — Сямён адказвае:

«Бо я адчуваў ідэю новага чалавецтва ў сабе. Яе многія людзі выказвалі на працягу свайго жыцьця, але яна не была рэалізаваная. Я адчуваў, што я магу яе падтрымаць сабой. Ідэя павінна жыць. І вырашыў пайсьці на рызыку — абы гэтая ідэя жыла, заставаўся спадзеў на тое, што чалавецтва можа зьмяніцца і наступіць зусім іншы час. Мне здаецца, што гэты час наступіць — гадоў праз 100–200. Гэта будзе ўжо пасьля нашай сьмерці, але гэта не спыняе нас перад дзеяньнем».

На пытаньне, якім ён бачыць сьвет, за які так змагаецца, Сямён згадвае імя Жака Фрэска. Маўляў, ня трэба нічога прыдумляць, усё ўжо прыдумана, і сьвет ён хоча бачыць такім. Фрэска — амэрыканскі інжынэр і заснавальнік «Праекту Вэнэра». Ён жа адзін з галоўных натхняльнікаў фільму «Дух часу».

«Правы чалавека заўжды даваліся крывёю, — сьцьвярджае Сямён. — Людзі змагаліся, паміралі дзеля таго, каб мы маглі цяпер свабодна выказвацца. І ім нельга здраджваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG