Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежны экспэрт: Інвэстыцыі з Кіпра — гэта звычайна нашы грошы


Як банкаўскі крызыс на Кіпры адаб’ецца на эканоміцы Беларусі і кашальку тых беларусаў, якія маюць на Кіпры маёмасьць і грошы ў мясцовых банках?

Паводле МЗС Беларусі, за мінулы год інвэстыцыі ў беларускую эканоміку з Кіпра склалі 481 мільён даляраў — гэта трэці паказчык пасьля Расеі і Вялікабрытаніі. Ці зьменшыцца струмень кіпрскіх грошай у Беларусь з-за фінансавага крызісу, ад якога цяпер трасе банкаўскую сыстэму выспы ў Міжземным моры? Незалежны эканаміст Сяргей Чалы значных нэгатыўных наступстваў для эканомікі Беларусі не прадбачыць:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«На нас фактычна гэта не адаб’ецца. Мы не былі крэдыторамі кіпрскіх банкаў, і таму ў вельмі малой ступені адчуем іхні крызіс. Былі невялікія праблемы з-за таго, што там проста банкі не працавалі два тыдні і стаялі бягучыя рахункі, празь якія пэўныя разьлікі вяліся, але цяпер усё наладжваецца. Кіпр для нас — трэцяя крыніца наўпроставых інвэстыцыяў. Гэта склалася ўжо даўно, традыцыйна. Груба кажучы, гэта нашы грошы, якія прыходзілі ў Беларусь праз Кіпр пад выглядам інвэстыцый. Але гэта нармальная сытуацыя, бо замежныя інвэстыцыі ў нас з прававога пункту гледжаньня больш абароненыя, чым айчынныя».

Паводле Сяргея Чалага, струмень інвэстыцыяў з Кіпра зьменшыцца, але нязначна: зацікаўленасьць у Беларусі збольшага ня зьнікне, але інвэстарам давядзецца шукаць больш складаныя варыянты.

Паводле дадзеных МЗС, у Беларусі зарэгістравана 10 прадстаўніцтваў кіпрскіх кампаніяў — гэта зусім ня шмат. Што да сумесных беларуска-кіпрскіх кампаніяў, то іх яшчэ меней. Самыя вядомыя — тэлефонная кампанія «Велком», харчовая кампанія «Юнімілк» з даччынымі фірмамі ў Шклове і Пружанах, абутковае прадпрыемства «Рэйлы».

Частку кіпрскіх акцыяў «Велком» некалькі гадоў таму перакупілі аўстрыйцы. Значная частка акцыянэраў фірмы «Юнімілк» — з Кіпру. Але «Юнімілк» аб’яднаўся з францускім «Данонам» і працуе цяпер у асноўным у Расеі.

Супрацоўніца расейскага радыё на Кіпры беларуска Марыя кажа, што крызіс ударыў па пакупніцкай здольнасьці жыхароў Кіпра, Марыя пацьвярджае. У прыватнасьці, што ў крамах скараціліся закупы харчоў:
Людзі ня ведаюць, што будзе зь іхнімі грашыма, ці ўвогуле яны іх атрымаюць

«Зразумела, скараціліся, а як вы думаеце? Тут большая частка насельніцтва прызвычаілася разьлічвацца не наяўнымі грашыма, а карткамі. Але цяпер усё абмежавана. Ніхто ня ведае, што будзе з тваімі грашыма ў далейшым. Людзі ня ведаюць, што будзе зь іхнімі грашыма, ці ўвогуле яны іх атрымаюць. Але ня думайце, у нас няма голаду. Як мне мама ў выходныя званіла і казала, што ці ня выслаць вам прадукты. Можа і выслаць, але толькі таму, што яны смачнейшыя».

Кіпрскія мэдыі пішуць пра 65 мільярдаў эўра замежных грошай на дэпазытах у кіпрскіх банках. Зь іх расейскім укладчыкам належыць, паводле розных ацэнак, ад 8 да 35 мільярдаў. Беларускія ўкладчыкі кіпрскіх банкаў, мяркуе незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук, адрозьніваюцца ад расейскіх укладчыкаў: гэта ў асноўным вельмі багатыя бізнэсоўцы ці чыноўнікі, а не прадстаўнікі сярэдняга клясу, як сярод расейцаў. «Гэтыя людзі пра свае ўклады ўжо паклапаціліся, бо банкаўскі крызіс на Кіпры экспэрты прадказваюць ужо год», — кажа Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Гэта расейцы думалі, што ім нічога ня будзе, а беларусы — наўрад ці. Яны ж ведаюць, што за іх ні Пуцін, ні Мядзьведзеў не заступяцца. Ня будзе ж Лукашэнка ад Кіпру ці Эўразьвязу патрабаваць абароны беларускіх укладаў. Трэба ж тады казаць і пра тое, адкуль і чые гэта грошы. Расейцы могуць пра гэта казаць, спасылаючыся на нейкія дзяржаўныя структуры. Але нагадаю, што прыватных асобаў і яны не называюць. Таму Лукашэнка б ніколі такога не зрабіў, і кожны мусіў бы клапаціцца пра свае грошы сам».

Паводле Яраслава Раманчука, за мінулыя гады з Расеі вывезьлі каля 200 мільярдаў даляраў, зь Беларусі — 3–4 мільярды. Колькі зь іх апынулася на рахунках у банках Кіпра, экспэрт вызначыць не бярэцца, але мяркуе, што Кіпр, улічваючы ягоную геаграфічную і мэнтальную блізкасьць, беларусы не абміналі.

28 сакавіка выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў заявіў у Менску, што на наступнай сустрэчы міністраў фінансаў краін СНД, якая адбудзецца, магчыма, у чэрвені, будзе абмеркавана фінансавая сытуацыя на Кіпры. «Будуць зробленыя пэўныя крокі, каб мінімізаваць наступствы кіпрскіх падзеяў для фінансавай сыстэмы краін Садружнасьці», — сказаў Лебедзеў, але не патлумачыў, якія менавіта наступствы маюцца на ўвазе.
XS
SM
MD
LG