Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандаль Беларусі з Эміратамі такі самы, як з Кубай


Аляксандар Лукашэнка завяршыў сваё азіяцкае турнэ, якое цягнулася амаль два тыдні. За гэты час кіраўнік беларускай дзяржавы наведаў Інданэзію, Сынгапур і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Палітолягі найперш адзначаюць: з Эміратаў так і не прыйшло паведамленьня пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком гэтай краіны. Надзвычайным фактам называе гэта былы беларускі дыплямат Міхаіл Бацян:

«Калі б гэта была прыватная паездка, то, магчыма, два кіраўнікі і не сустрэліся б. Хоць нават і ў такім выпадку, калі паміж краінамі існуюць цёплыя дачыненьні, кіраўнік-гаспадар знайшоў бы такога прэзыдэнта на адпачынку і сустрэўся зь ім. А тут жа афіцыйна гаварылася пра рабочы візыт. У дыпляматыі ёсьць такое паняцьце, як пратакол. Дык вось, згодна з пратаколам, калі адзін прэзыдэнт прыяжджае ў іншую краіну, то спатканьне двух кіраўнікоў, хаця б кароткае, абавязкова павінна быць. Таму гэта факт надзвычайны».

Гэта сапраўды дзіўна. Па-першае, Аляксандар Лукашэнка ўжо трэці раз наведвае Эміраты. І раней яго прымаў дзейны кіраўнік гэтай дзяржавы. А па-другое, беларуская афіцыйная прапаганда называе ААЭ галоўнай пляцоўкай Беларусі ў найбагацейшым рэгіёне сьвету — Пэрсыдзкай затоцы. Але пакуль усё, што мае Беларусь з Эміратаў, — экспарт у памеры 18 мільёнаў даляраў за 2012 год. Гэта столькі ж, колькі Беларусь мела летась ад продажу калійных угнаеньняў на бедную Кубу. З 2007 году беларусам абяцаюць залаты дождж ад эмірацкіх шэйхаў. Але абяцаны дождж, як сьведчаць афіцыйныя лічбы, так і ня лінуў.

Дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман ня думае, што пасьля гэтага візыту сытуацыя зьменіцца:
Гэта наагул ня ровень прэзыдэнта — займацца прасоўваньнем паўсюль нашага экспарту

«Мне здаецца, што гэта наагул ня ровень прэзыдэнта — займацца прасоўваньнем паўсюль нашага экспарту. Прэзыдэнта справа — ствараць прававыя ўмовы, каб беларускія прадпрыемствы і фірмы мелі магчымасьці падпісваць пагадненьні і камэрцыйныя дамовы з замежнымі. Займацца кантрактамі, пагадненьнямі — гэта асабістая справа кампаніяў, фірмаў, прадпрыемстваў».

А вось афіцыйныя беларускія мэдыі прадстаўляюць візыт Аляксандра Лукашэнкі як надзвычай пасьпяховы і ўдалы. Яны спасылаюцца, у прыватнасьці, на меркаваньне міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея. Той заявіў, што праз наведваньне Інданэзіі і Сынгапура Беларусь мае намер умацаваць сваю дыпляматычную прысутнасьць у Паўднёва-Ўсходняй Азіі:

«З улікам таго, што гэтыя краіны зьяўляюцца сябрамі Асацыяцыі краін Паўднёва-Ўсходняй Азіі, мы маем намер праз Інданэзію і Сынгапур актыўна ўзаемадзейнічаць зь іншымі краінамі-сябрамі гэтай арганізацыі».

Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа, што такі падыход міністра яго зьдзіўляе:

«Я не зусім разумею, чаму трэба працаваць праз кагосьці, каб нехта там быў пляцоўкай для Беларусі. Калі б там быў нейкі стабільны форум, як Давоскі, напрыклад, то тады сапраўды можна было б там працаваць. Бо калі ты прыяжджаеш у Швайцарыю, то там ёсьць магчымасьці для самых розных кантактаў. Сёньня цяжка сказаць, наколькі Сынгапур і Інданэзія ўплывовыя ў Асацыяцыі. Калі ў Беларусі ёсьць неабходнасьць супрацоўніцтва з краінамі Асацыяцыі, то тады трэба ўваходзіць ва ўсе яе краіны. Там няма такой дамінуючай сілы, якая магла б параіць, а тым больш прымусіць астатніх аддаваць больш увагі Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG