Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінстат: Беларусь — краіна дэпапуляцыі


У Беларусі працягвае скарачацца насельніцтва: на 1 сакавіка 2013 году колькасьць жыхароў склала 9 мільёнаў 462 тысячы. Адначасна міграцыя ў Беларусь перавышае выезд за межы краіны, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Аднак адмыслоўцы заяўляюць, што афіцыйная дзяржаўная статыстыка не адлюстроўвае сапраўднага міграцыйнага становішча.

За мінулы год колькасьць жыхароў Беларусі скарацілася амаль на дзьве тысячы чалавек — з 9 мільёнаў 465 тысяч чалавек да 9 мільёнаў 463 тысяч. І гэткую ж колькасьць — 2 тысячы чалавек — Беларусь страціла ўжо сёлета, за два месяцы году, паведаміла кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня Мінстату Ірына Шастакова:

«Пачынаючы з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, Беларусь уваходзіць у пералік краін, дзе назіраецца дэпапуляцыя — натуральнае зьмяншэньне насельніцтва».

Паводле Ірыны Шастаковай, адначасна летась сьмяротнасьць зьнізілася амаль на 10 тысяч чалавек, але яна працягвае перасягаць нараджальнасьць — на гэткую ж лічбу. Галоўнай прычынай сьмяротнасьці статыстыка называе хваробы сыстэмы кровазвароту, другое месца займае анкалёгія, затым — гібель, самазабойствы і атручэньне алькаголем.

Ірына Шастакова таксама паведаміла, што за мінулы год Беларусь пакінулі 8 тысяч 700 чалавек, а міграцыйны прыток з-за межаў краіны склаў 18 тысяч:

«З 18 тысяч, якія прыбылі, 13,5 тысячы — з краінаў СНД. З 13,5 тысячы 8,6 тысячы — з Расеі. З 8,7 тысячы, якія выбылі — 6,5 тысячы выбылі ў краіны СНД. 2,2 тысячы — у іншыя краіны».

Паводле спадарыні Шастаковай, статыстыка ня мае зьвестак пра характар міграцыйных працэсаў — ці маюць яны характар палітычны, эканамічны альбо інтэлектуальны. Аднак бальшыня мігрантаў — працоўнага веку.

Ад 500 тысяч чалавек да мільёна выяжджаюць у Расею

Сапраўднага стану рэчаў зь міграцыйным перамяшчэньнем насельніцтва дзяржаўная статыстыка не адлюстроўвае, мяркуе эканаміст Барыс Жаліба:

«Тое, што большасьць нашых грамадзян едуць на працу ў Расею, — вядомы факт. Спрэчкі ідуць толькі вакол лічбаў, бо іхняя статыстыка ўсяго ня ўлічвае. Прыкладная лічба — ад 500 тысяч чалавек да мільёна выяжджаюць у Расею, і гэта перадусім будаўнікі. Часам статыстыка паказвае, што, маўляў, вось колькі да нас прыехала — больш, чым зьехала. Але гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Наколькі я ведаю, цяпер улады запрашаюць у краіну працоўных зь Сярэдняй Азіі і іншых месцаў у будаўніцтва. Дарэчы, я назіраў таджыкаў, узбэкаў і раней — яны працуюць на будоўлі, на рамонце дарог. Але цяпер гэтай міграцыі ўлада надае дзяржаўны статус».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG