Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Амкадор» — акцыі падаражэлі без карысьці для дробных акцыянэраў


Блізу 3 тысяч акцыянэраў ААТ «Амкадор», большасьць якіх на пачатку 90-х гадоў стваралі завод, а цяпер на пэнсіі, патрабуюць выплаты дывідэндаў па сваіх акцыях ці выкупу іх за намінальны кошт. Кіраўніцтва прадпрыемства чарговы раз прагаласавала за тое, каб дывідэндаў не выплачваць.

Сёлета ў студзені завяршылася пераацэнка акцыяў прадпрыемства. Гэтага доўгі час дамагаліся ад кіраўніцтва людзі, якія трымаюць адносна невялікую колькасьць акцыяў.

На працягу 10 гадоў кошт акцыяў не зьмяняўся і складаў каля 40 000 рублёў. Пасьля пераацэнкі кошт павысіўся да 1 174 670 рублёў. Гэта адпавядае ацэнцы кошту актываў прадпрыемства.

Дробныя акцыянэры кажуць, што дывідэндаў яны не атрымліваюць цягам апошніх 13 гадоў. Кіраўніцтва прадпрыемства з году ў год тлумачыла гэта тым, што «адбываецца мадэрнізацыя, прадпрыемства ў цяжкім стане, сродкаў на дывідэнды няма». Нешта падобнае прагучала з вуснаў генэральнага дырэктара ААТ «Амкадор» Валера Кандратчыка на штогадовым паседжаньні акцыянэраў 27 сакавіка:

«На працягу 2012 году назіралася значнае скарачэньне платаздольнага попыту на нашу прадукцыю, што адбілася на выкананьні аб’ёмных паказчыкаў. Напрыклад, адгрузка гатовай тэхнікі зьнізілася больш чым на 17%, калі параўноўваць з 2011 годам. Вельмі рэзка скараціліся закупы тэхнікі ў рамках рэспубліканскіх праграмаў: цягам 2012 году ўсяго толькі 103 адзінкі тэхнікі было закуплена такім чынам. Для параўнаньня: у 2011-м — 261, у 2010-м — 561. Фінансавы стан характарызуецца таксама дэфіцытам абаротных сродкаў. Памер уласных абаротных сродкаў за год зьнізіўся на 10,4 мільярда і на 1 студзеня склаў 107,8 мільярда рублёў. Для падтрыманьня працэсу вытворчасьці мы былі вымушаныя прыцягваць крэдытныя рэсурсы. Таму што агульная запазычанасьць перад банкамі на 1 студзеня вырасла і склала каля 680 мільярдаў рублёў. У чацьвёртым квартале 2012 году была праведзеная дадатковая эмісія акцыяў прадпрыемства на суму 661,6 мільярда рублёў. Эмісія была неабходная для тэхніка-эканамічнага і тэхналягічнага разьвіцьця прадпрыемства».

У студзені 2013 году кантрольны пакет акцыяў (каля 55%) у выніку дадатковай эмісіі атрымала нафтаперапрацоўчая кампанія ЗАА «Інтэрсэрвіс» пад кіраўніцтвам наваполацкага нафтавага магната Мікалая Вераб’я. У дробных акцыянэраў засталося каля 5% акцыяў, у дзяржавы — каля 7%, астатняе належыць старшыні рады дырэктараў ААТ «Амкадор» Аляксандру Шакуціну, а таксама нэпальскаму бізнэсоўцу Махата Ўпэндры.

Фінансавыя паказчыкі прадпрыемства ў выніку палепшыліся, але да выплаты дывідэндаў так і не дайшло. На сходзе акцыянэраў правялі галасаваньне па гэтым пытаньні — пры такім галасаваньні ўлічваецца ня колькасьць людзей, а колькасьць акцыяў, якімі яны валодаюць. Нягледзячы на абурэньне і пратэсты дробных акцыянэраў, большасьцю акцыяў прагаласавалі за тое, каб не выплачваць дывідэнды ні за 2012 год, ні за 2013.

Начальнік юрыдычнага ўпраўленьня ААТ «Амкадор — Кіруючая кампанія холдынгу» Вадзім Вяршына нявыплату акцыянэрам дывідэндаў тлумачыць так:

«У адпаведнасьці з законам пра гаспадарчыя таварыствы выплата дывідэндаў — гэта права агульнага сходу акцыянэраў. Адпаведна, сход вызначае, выплачваць дывідэнды ці не выплачваць. Такога абавязку — выплачваць дывідэнды — у заканадаўстве няма. Калі камусьці гэта не падабаецца, няхай зьвяртаецца да заканадаўцаў, каб яны зьмянілі палажэньне і вызначылі, напрыклад, мінімальныя памеры дывідэндаў ці яшчэ што-небудзь. А сёньня мы працуем у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам».



На сходзе акцыянэраў таксама паўстала пытаньне пра выкуп акцыяў дробных акцыянэраў па намінальным кошце, які цяпер значна павялічыўся. Акцыянэр Юрась Беленькі, які на працягу 9 гадоў узначальваў фінансавы аддзел прадпрыемства, напрыклад, прапанаваў прысутным падпісацца пад заявай на імя назіральнай рады ААТ «Амкадор», у якой заклікаў забясьпечыць выкуп акцыяў у дробных акцыянэраў у сувязі са зьдзяйсьненьнем прадпрыемствам буйной зьдзелкі. Спадар Беленькі спасылаўся на артыкул 78 закону «Аб гаспадарчых таварыствах Рэспублікі Беларусь». Гэты закон дае дробным акцыянэрам такое права, калі на агульным сходзе акцыянэраў, які прыняў рашэньне пра заключэньне зьдзелкі, іх не было, або калі яны прысутнічалі, але галасавалі супраць яе.

Кіраўнік зьнешнегандлёвай фірмы, якая належала ААТ «Амкадор», дробны акцыянэр Генадзь Зіноўчык кажа:

акцыі скуплялі за траціну нават тагачаснага намінальнага кошту, прыкладна за 15 000 рублёў. Пасьля яны ўзрасьлі ў 27 разоў

«Акцыі ў дробных акцыянэраў актыўна скупляліся да пераацэнкі. Акцыянэрам нават дасылалі лісты з прапановамі прадаць акцыі. Большасьць акцыянэраў — гэта цяпер пэнсіянэры, тыя, хто калісьці працаваў на „Амкадоры“. Праз тое, што больш за 10 гадоў па акцыях не выплачваліся дывідэнды, іх скуплялі за траціну нават тагачаснага намінальнага кошту, прыкладна за 15 000 рублёў. Зразумела, што пасьля таго, як намінальны кошт павялічыўся ў 27 разоў, тыя, хто захаваў акцыі, хацелі б іх прадаць. Аднак цяпер гэтага ніхто не прапаноўвае».

Вадзім Вяршына сказаў, што выкупу акцыяў у мінарытарных акцыянэраў па намінальным кошце чакаць ня варта:

«Кожны можа прадаць у любы момант свае акцыі на біржы. І насамрэч нарматыўна-прававымі актамі прадугледжана, што калі зьяўляецца акцыянэр, які валодае кантрольным пакетам акцыяў, ён абавязаны абвясьціць скупляньне акцыяў. Будзе толькі самае галоўнае пытаньне — пытаньне кошту. Не ніжэй за намінальны ён быў бы толькі ў тым выпадку, калі таварыства, а не акцыянэр, абавязанае выкупіць акцыі на запатрабаваньне акцыянэраў. У дадзеным выпадку інвэстар можа выкупіць акцыі па любым кошце, які ён прапануе».

Мікалай Верабей, цяперашні ўладальнік кантрольнага пакету акцыяў, ня здолеў адказаць на пытаньне дробных акцыянэраў пра выкуп акцыяў, аднак паабяцаў разглядзець гэтае пытаньне ў будучыні.

Васіль Шлындзікаў быў прэзыдэнтам акцыянэрнага таварыства «Амкадор» у 90-х гадах. Ён лічыць, што сучасны закон аб акцыянэрных таварыствах, на жаль, дае магчымасьць тым людзям, якія трымаюць кантрольны пакет акцыяў, ігнараваць выплаты дывідэндаў:

«Гэта дыскрэдытуе сыстэму акцыянаваньня, магчымасьць акцыянавацца,
за рэальны кошт ніхто прадпрыемства ня купіць, таму дробным акцыянэрам не выпадае разьлічваць на выплату дывідэндаў

дый сам працэс рэфармаваньня эканомікі таксама. Але праўда ў тым, што нявыплата дывідэндаў назіраецца ня толькі на ЗАА „Амкадор“, але і на іншых беларускіх прадпрыемствах. Закон пра акцыянэрныя таварыствы зусім не абараняе правы дробных акцыянэраў.

Тое, што адбылося з „Амкадорам“ — дадатковая эмісія акцыяў і продаж іх новаму ўладальніку, — ніякім чынам не паўплывала на кошт акцыяў дробных акцыянэраў. Аднак тут трэба ўлічваць тое, што за рэальны кошт ніхто прадпрыемства ня купіць, улічваючы своеасаблівасьць нашай эканомікі. Таму дробным акцыянэрам не выпадае разьлічваць ні на выплату дывідэндаў, ні на тое, што ў іх купяць іх акцыі за вызначаны кошт».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG