Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіпрскія банкі аднавілі працу


Людзі здымаюць грошы з банкаматаў
Людзі здымаюць грошы з банкаматаў

Сёньня банкі Кіпру аднаўляюць працу пасьля амаль двухтыднёвага перапынку. Яны былі зачыненыя 16 сакавіка, каб прадухіліць масавае зьняцьце дэпазытаў пасьля таго, як на высьпе была прынятая новая банкаўская палітыка.

Паведамляецца, што ўчора ўвечары грузавікі з наяўнымі грашыма пад’ехалі да комплексу цэнтральнага банку ў Нікасіі. Аднак кіпрскія ўлады па-ранейшаму перасьцерагаюцца панікі. Міністэрства фінансаў пастанавіла, што з банкаўскага рахунку можна зьняць на больш за 300 эўра ў дзень, акрамя таго, забароненае выкарыстаньне наяўных чэкаў. Таксама ўведзеныя абмежаваньні на выкарыстаньне кіпрскімі крэдытнымі картамі за межамі выспы, грамадзяне Кіпру маюць права выводзіць з краіны толькі абмежаваныя сумы грошай.

Міністар фінансаў Кіпру Міхаліс Сарыс, гаворачы пра прычыны гэтых мераў, спаслаўся на адсутнасьць належнай масы наяўных грошай і на рызыку адтоку дэпазытаў, што, паводле яго, можа прывесьці да краху крэдытных арганізацый.
Кіпр стаў першай краінай эўразоны, якая пасьля крызісу ўзмацніла кантроль за рухам капіталу.

Дзякуючы гэтаму кантролю Кіпр мяркуе атрымаць 5,8 млрд. эўра, каб прэтэндаваць на дапамогу ў памеры 10 млрд. эўра ад Эўразьвязу, Эўрапейскага цэнтральнага банку і Міжнароднага валютнага фонду.

З прычыны новай банкаўскай палітыкі, якую Кіпр 25 сакавіка ўзгадніў з Брусэлем, ўладальнікі банкаўскіх укладаў у кіпрскіх банках памерам больш за 100 тысяч эўра страцяць вялікую колькасьць сваіх грошай.

Мяркуецца, што пагадненьне дапаможа Кіпру пазьбегнуць фінансавага краху, банкруцтва і магчымага выхаду з эўразоны.

Аднак новая палітыка выклікае пратэсты ў самой краіне і за яе межамі. Учора каля 2 тысячаў маніфэстантаў прыйшлі да прэзыдэнцкага палацу ў Нікасіі, каб выказаць нязгоду з палітыкай жорсткай эканоміі.

Новыя банкаўскія правілы, ўведзеныя на Кіпры, выклікалі незадавальненьні ў Расеі, многія багатыя расейцы, а таксама, як прызнаў прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў, і нават дзяржаўныя бізнэс-структуры трымалі свае фінансавыя сродкі ў кіпрскіх банках. З прычыны рэформы кіпрскай банкаўскай сыстэмы яны губляюць немалыя грошы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG