Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе часопісы «Архэ-Пачатак», а таксама выдадзеныя рэдакцыяй кнігі, якія прадаваліся ў гарадзенскай краме канфіскаваных тавараў, прададзеныя.

Пра гэта паведамілі на старонцы ў Фэйсбуку кніжнай сэрыі «Гарадзенская бібліятэка». У краме канфіскату было каля 200 асобнікаў часопіса, прадаваліся яны па 14 900 рублёў. У незалежных распаўсюднікаў часопісы каштуюць ад 24 да 54 тысяч.

Выданьні былі канфіскаваныя ў тагачаснага галоўнага рэдактара «Архэ» Валера Булгакава ў Горадні 14 верасьня 2012 году. Булгакава тады затрымалі, а пазьней аштрафавалі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Часопісы і кнігі здалі ў «Канфіскат».

Прадавачка гарадзенскай крамы канфіскаваных тавараў некалькі дзён таму распавяла карэспандэнту Радыё Свабода, што «людзі пераглядаюць часам часопісы, але купляюць рэдка. Сёньня, да прыкладу, купілі толькі адну кніжку. Няма вялікай зацікаўленасьці».

Пасьля паведамленьня ў мэдыях усе асобнікі «Архэ» ў гарадзенскай краме «Канфіскат» раскупілі.
XS
SM
MD
LG