Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адной з самых беспрэцэдэнтных тэндэнцый сучаснага грамадзтва зьяўляецца колькасьць людзей, якія жывуць у адзіноце.

Рост колькасьці самотных назіраўся ў ХХ стагодзьдзі ў большасьці краінаў сьвету, у ЗША зараз іх налічваецца прынамсі 32 мільёны чалавек, яны складаюць 28% хатніх гаспадарак краіны, у той час як у 1970 годзе самотныя складалі толькі 17% хатніх гаспадарак ЗША.

Мэдычныя і псыхалягічныя наступствы гэтага зруху складаныя. Многія людзі, якія жывуць адны, працягваюць падтрымліваць шчыльныя сувязі са сваякамі і сябрамі, так што самотны чалавек — не абавязкова сацыяльна ізаляваны.

Дасьледчыкі з унівэрсытэцкага каледжу Лёндану высьветлілі, што сацыяльная ізаляцыя, абмежаваныя кантакты зь іншымі людзьмі павялічваюць рызыку сьмерці.

калі вы вырашылі ці вымушаныя жыць самотна, не губляйце кантактаў з сябрамі і сваёй сям’ёй

6500 тысяч людзей сталага веку ўзялі ўдзел у падоўжаным дасьледаваньні старэньня. Навукоўцы вывучалі сувязь паміж сьмяротнасьцю і двума паказьнікамі: ступеньню ізаляванасьці (адсутнасьці кантактаў зь іншымі людзьмі) і самаадчуваньнем самоты.

Дасьледаваньне праводзілася з 2004 па 2012 год. За гэты час з сацыяльна ізаляваных удзельнікаў групы, за якой ажыцьцяўлялася назіраньне, памерла 22%, у той час як сярод тых, хто меў больш менш шчыльныя сацыяльныя сувязі — 12%.

Цікава адзначыць, што самаадчуваньне самоты не спараджала такога ж эфэкту, значэньне мае рэальная слабасьць ці адсутнасьць сацыяльных сувязяў.

Паводле навукоўцаў прычыны гэтай больш высокай сьмяротнасьці сацыяльна ізаляваных у тым, што ім няма ад каго атрымаць дапамогу пры захворваньнях, няма каму ўбачыць пачатак захворваньня, заахвоціць пайсьці да лекара.

Так што калі вы вырашылі ці вымушаныя жыць самотна, не губляйце кантактаў з сябрамі і сваёй сям’ёй.
XS
SM
MD
LG