Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сына Бакіева пасадзілі на чвэрць стагодзьдзя. Завочна


Максім Бакіеў

Максім Бакіеў

Сын экс-прэзыдэнта Кіргізстана Курманбека Бакіева Максім завочна асуджаны гарадзкім судом Бішкека да 25 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Бакіева-малодшага вінавацяць у крадзяжы 134,5 мільёна даляраў з скарбу краіны й нелегальнай прыватызацыі зямлі на курортах возера Ісык-Куль.

Акрамя таго, у ЗША Бакіева абвінавачваюць ва ўдзеле ў злачыннай змове з мэтай учыненьня махлярства і ў змове з мэтай перашкодзіць выкананьню правасудзьдзя.

У кастрычніку мінулага году 34-гадовы бізнэсовец атрымаў у Лёндане статус уцекача і жыве ў Брытаніі.

У лютым мінулага году зрынуты прэзыдэнт Курманбек Бакіеў і яго малодшы брат Джаныбек Бакіеў былі завочна асуджаныя ваенным судом Бішкецкага гарнізону ў крымінальнай справе, зьвязанай з забойствам экс-кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мэдэта Садыркулава. Курманбек Бакіеў атрымаў 24 гады турмы з канфіскацыяй маёмасьці за злачынствы, зьвязаныя з злоўжываньнем службовым становішчам.

Малодшы брат былога прэзыдэнта, начальнік яго аховы Джаныбек Бакіеў асуджаны на пажыцьцёвы тэрмін зьняволеньня за арганізацыю забойства Садыркулава і яшчэ шэраг злачынстваў.

Абодва Бакіевы пасьля зьмены ўлады ў красавіку 2010 году пакінулі Кіргізстан. Былы прэзыдэнт жыве са сваёй сям’ёй у Беларусі, месцазнаходжаньне яго брата невядомае.

Кіргіская Генпракуратура 27 лютага гэтага году накіравала ў Генэральную пракуратуру Беларусі новае патрабаваньне аб выдачы Курманбека Бакіева і яго брата Жаныбека Бакіева для прывядзеньня вынесенага ім выраку ў выкананьне.
XS
SM
MD
LG