Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абрамава хоча прымусіць пошту даставіць кнігі Статкевічу


Вольга Абрамава

Вольга Абрамава

Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава намагаецца, каб кнігі, якія яна накіравала палітвязьню Мікалаю Статкевічу ў турму, дайшлі да адрасата.

«Пару тыдняў таму я накіравала Статкевічу дзьве кнігі і пазначыла, што гэтае ўручэньне адраснае. А ў лісьце Статкевічу я напісала, што кнігі вяртаць ня трэба, няхай ён пакіне іх у турэмнай бібліятэцы. Перад гэтым Статкевіч мне патлумачыў, чаму ня трэба накіроўваць кнігі бандэрольлю, бо адну раней даслаў карэспандэнт Свабоды. Але можна накіроўваць лістамі і пакетамі. Таму я так і зрабіла. Заказным лістом накіравала па яго просьбе дзьве кнігі з фантастыкі, з усясьветнай клясыкі. На пошце мне патлумачылі, што я магу такім чынам накіроўваць літаратуру вязьню. Але нядаўна я атрымала паведамленьне з пошты, каб я забрала свае кнігі. Я адмовілася іх забіраць. Бачна, што пакет ускрываўся, на ім стаіць размыты штамп. Як спажывец я настаяла, каб супрацоўнікі пошты ўступілі ў перамовы з гэтай папраўчай установай. Супрацоўніца турмы ім патлумачыла, што Статкевічу „не паложана“».

Вольга Абрамава зьбіраецца працягнуць разьбіральніцтва і плянуе накіраваць скаргу на імя пракурора Магілёўскай вобласьці.

«Я лічу, што гэта свавольства. Калі я была дэпутатам, я шмат займалася пэнітэнцыярнай сыстэмай. Мы зьбіралі сродкі і накіроўвалі кнігі ў моладзевыя і жаночыя калёніі. І калі я паспрабавала выкарыстаць сваё права не адносна турмы наогул, а адносна канкрэтнага вязьня Мікалая Статкевіча, яно было парушана самым грубым чынам. Я ўжо не кажу аб правах самога Статкевіча. Таму я не зьбіраюся спыняцца і зраблю ўсе неабходныя захады. Я спадзяюся, што кнігі ўсё ж знойдуць свайго адрасата».
Супрацоўніца турмы ім патлумачыла, што Статкевічу „не паложана“

Вольга Абрамава сказала, што мела перапіску толькі з тымі палітвязьнямі, зь якімі была асабіста знаёмая. Яна перапісвалася з Аляксандрам Фядутам, калі ён быў у зьняволеньні, з Андрэем Саньнікавым, хаця яе ліст не дайшоў, як кажа Ірына Халіп, і цяпер зь Мікалаем Статкевічам.

«Я проста добра ўяўляю сытуацыю ў турме і стан чалавека, які там знаходзіцца і лічыць сябе невінаватым, адбываючы жорсткі тэрмін. Таму для аднаўленьня нейкай справядлівасьці, маральнай падтрымкі і салідарнасьці я і пісала лісты. Я калісьці казала, што нядрэнна было б усім дэпутатам парлямэнту правесьці ў камэрах па адным поўным дні ў становішчы вязьня. Тое ж тычыцца і вышэйшых чыноўнікаў і судзьдзяў. Тады, магчыма, і некаторыя прысуды выносіліся б інакш».

Вольга Абрамава падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў называла Мікалая Статкевіча «рэвалюцыянэрам-тэрмінтарам». На выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2004 годзе яна супэрнічала зь ім па 108-й Каліноўскай выбарчай акрузе Менску. Аднак цяпер яна не захацела згадваць пра палітычнае супэрніцтва:

«Не трэба цяпер пра гэта ўзгадваць. Я жадаю яму хутчэйшага вызваленьня».

Абрамава сказала, што ў лістах Статкевіч аптымістычна настроены: «Колькасьць намаляваных смайлікаў у яго лістах проста зашкальвае. Ён нібыта падкрэсьлена дэманструе, што ён у парадку. І малайчына».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG