Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо пяты дзень Аляксандар Лукашэнка ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах (ААЭ). Паездка вельмі дзіўная і нават таямнічая. Напярэдадні ніякай інфармацыі пра яе не было. Пра візыт абвясьцілі, калі ён ужо пачаўся.

Паведамленьне пра тое, што прэзыдэнт Беларусі накіраваўся ў ААЭ, зьявілася 22 сакавіка. І амаль трое сутак не паступала ніякіх паведамленьняў пра сустрэчы і перамовы беларускага лідэра. Паўза відавочна зацягвалася і рабілася проста непрыстойнай.

Нарэшце ў другой палове дня 25 сакавіка прыйшло паведамленьне, што ён сустрэўся там з намесьнікам прэм’ер-міністра, міністрам унутраных спраў ААЭ шэйхам Сэйфам бэн Заідам аль-Нахаянам. Таксама гэтым жа днём Лукашэнка правёў перамовы з насьледным прынцам эмірата Абу-Дабі шэйхам Мухамэдам бэн Заідам аль-Нахаянам, які займае пасаду намесьніка вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброеных сілаў ААЭ.

Гэтыя сустрэчы яўна не адпавядаюць прэзыдэнцкаму ўзроўню, у чымсьці нават прыніжальныя для Лукашэнкі. Гэта ўзровень віцэ-прэм'ера Беларусі Сямашкі. Можа, менавіта з гэтай прычыны на перамовы зь дзелавымі коламі ў Дубаі 27 сакавіка адправіўся намесьнік міністра эканомікі Беларусі Антон Кудасаў. А прэзыдэнт ААЭ шэйх Халіфа бэн Заід аль-Нахаян не сьпяшаецца пакуль сустрэцца зь беларускім кіраўніком.

Найперш усё гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнку там відавочна не чакалі. Візыт ня быў заплянаваны загадзя, стаўся раптоўным. І таму кіраўнік Беларусі мусіў амаль трое сутак чакаць, калі тамтэйшыя шэйхі зробяць ласку яго прыняць хоць на якім узроўні.

Такі разварот падзеяў ставіць у вельмі няёмкае становішча прэс-службу прэзыдэнта, піяр-каманду, дзяржаўныя мэдыі. Трэба ж неяк тлумачыць, што ўсё гэта значыць. Пакуль яны не тлумачаць нічога. Думаю, давядзецца потым задняй датай абвяшчаць, што прэзыдэнт нібыта праводзіць там кароткатэрміновы адпачынак.

Цяпер пра галоўнае пытаньне: чаго ён туды паехаў? Вядома, можна абвясьціць, што Лукашэнка ладзіць гэты візыт дзеля далейшага разьвіцьця эканамічных дачыненьняў паміж Беларусьсю і ААЭ. Але такое тлумачэньне, калі казаць на жаргоне, не пракоціць.

Бо ААЭ – гэта своеасаблівая краіна. Там фактычна няма сельскай гаспадаркі у звычайным разуменьні. Таму нашы трактары, калій і іншыя традыцыйныя тавары беларускага экспарту ёй непатрэбныя. Хіба што ваенна-тэхнічная прадукцыя ў невялікай колькасьці. ААЭ маюць шмат нафты, але яна такая непатрэбная Беларусі.

З гэтых прычын хоць Лукашэнка ўжо трэці раз наведвае Эміраты (папярэдні візыт адбыўся ў 2007 годзе), аднак таваразварот паміж краінамі фактычна не расьце. Цяпер ён складае прыкладна 20 мільёнаў даляраў. Гэта мізэр.

Таму адзінае тлумачэньне гэтага візыту – пазычыць грошай. Уласна, пошук крэдытаў – гэта сёньня самая важная задача ўсіх замежных паездак беларускіх кіраўнікоў. Атрымаць ад Расеі ў Санкт-Пецярбургу 2 млрд даляраў крэдыту не ўдалося. І тут будзе дарэчы такая аналёгія. У лютым Лукашэнка, запрошаны Пуціным у госьці ў Сочы, тыдзень сядзеў у чаканьні сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам, але так і не дачакаўся. Цяпер гісторыя паўтараецца, набываючы ўсё больш драматычны, гратэскавы, нават сюррэалістычны характар. Суткамі сядзець у засадзе, чакаць, спадзявацца – а можа прымуць, а раптам што і абломіцца, можа і дадуць на беднасьць – незайздросны лёс.

Але зусім ня факт, што беларускі лідэр атрымае шуканы вынік. Бо грошы сёньня на ўсясьветных рынках – тавар дэфіцытны. Хто сумняваецца, паглядзіце, што адбываецца на Кіпры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG