Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта тая ж эстэтытыка 70-80-х гадоў. Вось такі тэатар»


Міжнародны дзень тэатру адзначаецца сёньня, 27 сакавіка. У Беларусі амаль 30 прафэсійных тэатраў: драматычных, музычных, лялечных. Тэатры мае кожны абласны горад. А ў сталічным Менску ёсьць нават Тэатар опэры і балету.

Праўда, апошнім часам гучнымі навінамі тэатральнага жыцьця робяцца ня самі тэатральныя пастаноўкі, а рэканструкцыі. Здаецца, зусім нядаўна чакалі адкрыцьця адноўленага будынка Тэатру Опэры і балету, а ўжо ў пятніцу адкрыецца новаадрэстаўраваны Купалаўскі тэатар. На адкрыцьці чакаюць Аляксандра Лукашэнку — тым больш што ісьці яму недалёка, Купалаўскі відаць з вокнаў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Аднак беларускага прэзыдэнта не відаць на тэатральных пастаноўках.

У гэты ж час заходняя прэса выдае ўзрушаныя рэцэнзіі на пастаноўкі Свабоднага тэатру, мэнэджэры якога ня могуць нават вярнуцца ў Беларусь пасьля 19 сьнежня 2010 году.

«Паралельныя гастролі Свабоднага тэатру і Купалаўскага ў Лёндане найлепш ілюструюць сытуацыю зь беларускім тэатрам», — кажа Тацяна Арцімовіч. Тацяна — тэатральны рэжысэр і арт-крытык. Пра тэатар піша шмат і прафэсійна. Яна кажа, што тэатар у нас у такіх жа ўмовах, што і ўся культура:

«Гэта два паралельныя тэатры. Тое, што адбываецца ў дзяржаўных тэатрах — не адэкватна часу. І гэта прызнаюць нават людзі, якія там працуюць».
Тое, што адбываецца ў дзяржаўных тэатрах — не адэкватна часу

Вось галоўным рэжысэрам Тэатру беларускай драматургіі прызначаны Аляксандар Гарцуеў, — распавядае Арцімовіч. — «І што ён першае робіць? Аднаўляе свае спэктаклі!» Праблема нават ня ў тым, што ён іх аднаўляе, тлумачыць яна. «Я гляджу на фатаздымак з афішы, і ён нічым не адрозьніваецца ад таго, што было 20 гадоў таму! Гэта тая ж эстэтыка 70–80-х гадоў. Вось такі тэатар».

Але ёсьць і іншы тэатар. Паводле Тацяны, «ён разьвіваецца, ён абсалютна канкурэнтаздольны і працуе ў тым ліку і з глябальнымі тэмамі. І менавіта таму на нашых маладых беларускіх драматургаў ёсьць попыт».

Тацяна адзначае, што якраз сярод драматургаў у нас зьявілася шмат цікавых імёнаў: Павал Пражко, Мікалай Рудкоўскі, Павал Расолька, Дзьмітры Багуслаўскі — іхныя п’есы сапраўды запатрабаваныя. А пра Багуслаўскага расейскія крытыкі кажуць як пра «адкрыцьцё».

Гэтая тэндэнцыя не застаецца без увагі беларускіх уладаў. Усясьветны посьпех Свабоднага тэатру настолькі ўзбударажыў беларускіх чыноўнікаў, што яму спрабавалі супрацьпаставіць гастролі Купалаўскага тэатру — праект відавочна нятанны і арганізаваны пры падтрымцы беларускай амбасады.

Зь няўрымсьлівымі творцамі ў тэатры ўлада змагаецца ўжо далёка ня першы год і вельмі пасьпяхова. Галоўным вынікам змаганьня стала тое, што беларускі афіцыйны тэатар апынуўся ў глыбокім творчым крызісе.

«Я да тэатру дачыненьня ня маю!» — адказвае Валер Мазынскі на спробу павіншаваць яго з Днём тэатру. Мазынскі знакаміты сваімі пастаноўкамі Ўладзімера Караткевіча і Якуба Коласа ў Віцебскім драмтэатры. Свой уласны тэатар «Вольная сцэна» ён страціў на пачатку XXI стагодзьдзя — пастаноўкі Мазынскага беларуская ўлада палічыла занадта рэзкімі.

Валер Мазынскі

Валер Мазынскі

Мазынскі: «Калі мы пры саветах чакалі закрыцьця спэктаклю ад дзяржаўных уладаў, то цяпер тэатры нават ня робяць так, каб іх закрывалі. Яны жывуць, можа, за рэдкім выключэньнем, дзе яны і самі не разумеюць, што яны зрабілі. Гэта не пра жыцьцё і не пра гэта жыцьцё».

Думку Мазынскага падтрымлівае і Вітаўтас Грыгалюнас, стваральнік знакамітага Альтэрнатыўнага тэатру. Ён яшчэ згадвае часы, калі гэты дзень быў сапраўдным сьвятам, усе зьбіраліся разам, у тэатрах ладзіліся капусьнікі. Але і ў яго аптымізму няшмат:

«Баяцца экспэрымэнтаваць. Баяцца новых формаў. А каб не баяліся, трэба, каб малыя сцэны працавалі лепш, а яны амаль не працуюць. Баяцца рызыкі».

Грыгалюнас наракае на арганізацыю працы тэатраў і скардзіцца, што яны пачалі працаваць «як канвэер»:
Цяпер тэатар — гэта канвэер, каб зарабляць грошы

«Усё адно ў першую чаргу тэатар, як завод, мусіць зарабляць грошы. Альтэрнатыўных крыніцаў фінансаваньня няма. Ёсьць дзяржава, якая можа даць дзяржзамову на пастаноўку. І глядач, які лічыць, што яго трэба прыцягваць у тэатар найперш камэдыямі. А пытаньне выхаваньня гледача проста адпала. Цяпер тэатар — гэта канвэер, каб зарабляць грошы. Бо трэба справаздачыцца па фінансах, бо калі не заробіш, то тады табе зрэжуць бюджэт на наступны год. Асноўная праблема ня ў тым, што спэцыялістаў не хапае, а ў тым, што кепска з арганізацыяй тэатральнай справы».

А вось актор Купалаўскага Павал Харланчук, якога калісьці звольнілі з Рускага тэатру за ўдзел у Плошчы-2006, сьвяту рады:

Павал Харланчук

Павал Харланчук

«Дзякуй богу, што тэатар яшчэ ёсьць. Як з дваццатых гадоў таго стагодзьдзя абяцалі, што яго ня будзе па-за кінэматографам. А ён ёсьць, вось што трэба сьвяткаваць. Што ў нас ёсьць людзі, ёсьць цікавыя акторы, інтэлігенцыя… Гэта людзі, якія прыносяць радасьць… Дзякуй, што ёсьць такія вар’яты, якія гэтым займаюцца за тыя грошы, якія ім плацяць».

Праўда, Павал ня верыць, што ў новым будынку купалаўцы будуць і працаваць па-новаму. Нічога ня ведае і пра новыя пастаноўкі. Кажа, што ёсьць «Паўлінка» і «Пан Тадэвуш», а што будзе далей — лепш спытацца ў кіраўніцтва.

Кіраўніцтва ж — відаць, у чаканьні візыту прэзыдэнта — на тэлефанаваньні сёньня не адказвала.

Сапраўды, калі пытаесься, што згадаеце з новых пастановак, суразмоўцы губляюцца. Грыгалюнас адказвае, што яго ўразіла пастаноўка «Сівой легенды» ў Опэрным:

«Я нават ад нашай опэры такога не чакаў. Яна на добрым нацыянальным матэрыяле зробленая, і проста добра зробленая. З тэатральных нічога не згадаю. Хаця не… адзін спэктакль мяне зьдзівіў — гэта „Пікавая дама“ (Гарадзенскі лялечны тэатар, рэжысэр — Алег Жугжда). Цудоўны спэктакль высокага эўрапейскага ўзроўню. За яго нідзе не было б сорамна, ані ў воднай краіне сьвету».

Мова — бадай адзінае, за што мы яшчэ гатовыя дараваць беларускім традыцыйным тэатрам іхнае існаваньне.

«Гэта адно зь нямногіх месцаў, дзе можна пачуць беларускую мову, — кажа драматург Андрэй Курэйчык. — Па-другое, тут можна пабачыць клясыку нацыянальнай літаратуры. І, па-трэцяе, гэта пляцоўка для самарэалізацыі маладых людзей».

Андрэй Курэйчык

Андрэй Курэйчык

Курэйчык кажа, што наш тэатар — ня тая зьява, якая сур’ёзна ўплывае на грамадзкую абстаноўку, мае сур’ёзную грамадзянскую пазыцыю ці неяк уплывае на розумы людзей. Тэатар не ўплывовы, на думку драматурга, але і ён нясе нейкія важныя традыцыі.

«Паралельны тэатар» загнаны ў кватэрныя чыткі п’есаў, аднаразовыя прадстаўленьні і абмежаванае кола гледачоў.

«Выклікае павагу тое, што робяць студыйцы „Фартынбраса“ (студыя для маладых актораў пры Свабодным тэатры — рэд.), — расказвае Тацяна Арцімовіч. — Усё гэта носіць аднаразовы характар. І каб гэты прадукт дайшоў да гледача, аднаго разу мала».

На яе думку, адзінае выключэньне — Свабодны тэатар і «Фартынбрас», якія працуюць даўно і стабільна. Праўда, Грыгалюнас лічыць, што на тэатральны працэс у Беларусі Свабодны тэатар ніяк не ўплывае. Але менавіта на іхных паказах, арганізаваных у маленькім прыватным дамку, рэгулярна зьяўляецца міліцыя і перапісвае пашпартныя дадзеныя паўтара дзясятка гледачоў, якая зьмяшчаюцца ў пакойчыку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG