Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ГДР і Савецкі Саюз» – нарэшце разам


Аўтар на тле сваёй колішняй школы

Аўтар на тле сваёй колішняй школы

Праз 40 гадоў я зноў трапіў туды, дзе калісьці была ГДР, дзе вучыўся ў школе ў бэрлінскім прадмесьці.

Наш авіягарадок робіць змрочнае ўражаньне – будынкі з забітымі вокнамі. Але ёсьць новыя катэджы, працуе школа. Праўда, ніякага сьледу ад былых плякатаў, што прапагандавалі «братэрства па зброі» зь нямецкай нацыянальнай арміяй. Хіба ў вушах узгадаецца-загучыць колішні шлягер, які любіла перадаваць радыё ГСВГ: «Всегда мы вместе, всегда мы вместе, ГДР и Советский Союз».
Штаб колішняга савецкага авіягарадка

Штаб колішняга савецкага авіягарадка


Але ў самім Бэрліне згадак пра былую «першую нямецкую дзяржаву рабочых і сялян» нечакана хапае. Музэй ГДР, напрыклад. У музэі Бэрліна на Унтэр-дэр-Ліндэн у вітрыне на самым бачным месцы – жаўнер у гэдээраўскай форме, за ім бачны па-свойму славуты «трабант». Памятаю, як ён тарахцеў: накшталт вялікага матаролера. І ніхто вітрыны ня б’е, каб жаўнера ННА за каршэнь і выкінуць на сьметнік гісторыі ў літаральным сэнсе.

Бліжэй да Брандэнбурскай брамы ўвогуле маскарад: два чалавекі са сьцягамі СССР і ЗША бавяць турыстаў. І не халодна ж ім у вайсковых кіцялях на лютым сіверы? Загартаваліся! На наступны дзень «на працу» выйшаў толькі адзін, «жанглёр» сьцягамі ГДР ды СССР. Вакол яго скупілася «маўклівая, яўна несанкцыянаваная акцыя». Я скалануўся: зараз варанкі наедуць! А там пастарунак, «самы справядлівы і гуманны» суд. Не, ніякай паліцыі! Хоць побач, дарэчы, амэрыканская амбасада.


Ніякага параўнаньня з нашым апошнім «тыраназаўрам» Эўропы, дзе працягваецца зацятае змаганьне з сымбалямі рыцарскай рэспублікі. Мужык, ён помсьлівы, ён рыцару не даруе, хлопцы! Трубадурскай паэзіі, шляхетных паводзін і цалаваньня ручкі дамам. Чытаем: участковы ў Бярозе прыгразіў жыхарцы выпісаць позву за бел-чырвона-белы сьцяг, які «абражае мясцовых жыхароў». А я вось у Шарлотэнбургу сфатаграфаваў у вакне сьцяг ГДР. Вісіць сабе. Чакае ўчастковага зь Бярозы...

А пакуль да Бэрліну даяжджаюць іншыя нашы. Лявон Вольскі з «Крамбамбуляй». Назва канцэрту: «With love from Mordor». Алюзія на Толкінаву панурую краіну.

Абвестку Вольскага я бачыў каля падземкі на пляцы Ружы Люксэмбург. У вагоне маладзён побач не адрываўся ад кніжкі Троцкага з чырвонай вокладкай пра сусьветную рэвалюцыю. Калісьці наркам НКВД Наседкін душыў у Менску «трацкістаў» за спробы «адарваць БССР ад СССР». Аматар Троцкага выйшаў на Пацдамэр-пляц, дзе стаяць некалькі кавалкаў былой Бэрлінскай сьцяны. Сёньня яны выглядаюць зусім дэкарацыйна, не адразу заўважыш. А ў кожнай сувэнірнай крамцы – пакецік з друзам за тры эўра пяцьдзесят: дзеля пераканаўчасьці – са сьлядамі фарбы.
Кавалкі Бэрлінскай сьцяны

Кавалкі Бэрлінскай сьцяны


На кожным кроку ў Бэрліне – гандаль савецкімі фуражкамі з зоркамі. Ахвотных купляць не заўважыў. І прадаўцы дзіўныя: ці бэрбэры, ці туркі, да Савецкай Арміі яўна – ніякага дачыненьня. Ну, можа не сэзон: зіма затрымалася ў Бэрліне да канца сакавіка.

Калі трапляюць у Менск, немцы слупянеюць: няўжо апынуліся ў ГДР, у былым Усходнім Бэрліне? У пэўным сэнсе маюць рацыю, «ГДР і Савецкі Саюз» апынуліся ў адным месцы, разам, як у песьні. Што да рыцараў, сёньняшні Бэрлін імі не выхваляецца, але й не забараняе, як у нашай сьвіслацкай сталіцы.
XS
SM
MD
LG