Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ехаў я ў палове сакавіка па праспэкце Незалежнасьці ў Менску ў бок вакзалу. У раёне Пляца Перамогі душа адчула нейкі дыскамфорт, нешта нябачна пачало замінаць, муляць вока, але яшчэ неўсьвядомлена. Адразу ж за Круглай перад цыркам я раптам убачыў зьлева шэрую шматпавярховую аграмадзіну, якая цалкам закрыла пэрспэктыву на схіл ад Гарадзкога сквэру — ваколіцы былога будынку ЦК КПБ, Дому афіцэраў, цэкоўскі дом прыступкамі на схіле, і ўсё іншае чыста... У Менску я ня быў зь верасьня. Аказалася, гэта будуюць гатэль на месцы нэагатычнага будынку першай менскай электрастанцыі пазамінулага стагодзьдзя. Я думаў, ён будзе якіх чатыры паверхі... Крах.

Праз усё ХХ стагодзьдзе савецкаму архітэктару было значна лягчэй зьнесьці ў цэнтры гораду нейкі непрыкметны (а часам вельмі нават прыкметны) гістарычны дамок і пабудаваць на яго месцы нешта новае, чым убіцца з навабудам у зону «зялёных насаджэньняў». Гэта было табу, санітарныя нормы (!) ніяк не дазвалялі такога свавольства. І вось у сёньняшнім Менску стала магчымым і такое.

Нават тыя, хто бараніў Менск гістарычны, не маглі не прызнаць, што многія мясьціны адноўленага пасьля вайны савецкімі архітэктарамі гораду былі стылёва і эстэтычна вытрыманыя і прывабныя. Адным з такіх месцаў была пойма Сьвіслачы ў раёне паркаў Горкага і Янкі Купалы. Там было хараство пэйзажу і, што яшчэ больш важна, хараство пэрспэктывы.

І вось цяпер дзявоцкі пэйзаж поймы Сьвіслачы ў Менску згвалцілі. У галаву прыходзіць слова «дэфлярацыя». Гвалтоўная дэфлярацыя некранутай яшчэ цяперашнімі «ўмельцамі» часткі савецкага Менску...

***

Праблема пэрспэктывы ў горадзе можа вырашацца па рознаму. У старых, гістарычных гарадах Эўропы пры цеснаце забудовы важна было разьмясьціць дамінанты на ўзвышшах або на пляцах, якія завяршалі сабой пэрспэктывы вуліц. Напрыклад у Празе, пасьля аднаўленьня незалежнасьці краіны ў 1918 годзе, чэскія архітэктары збудавалі на ўзвышшах поўдзясятка нэагатычных храмаў, некаторыя зь якіх стаяць на пляцах і цудоўна закрываюць (завяршаюць) сабой пэрспэктывы важных вуліц. У некаторых выпадках (Вышаград) такая нэагатычная чорная дамінанта завяршае сабой пэрспэктыву вуліцы, якая сама па сабе, фізычна, знаходзіцца вельмі далёка, за шырокай рэчкай.

У паваенным Менску архітэктары мелі разьвязаныя кампрадорскім камуністычным кіраўніцтвам рэспублікі рукі і ня мелі ніякага рэспэкту да гістарычнай гарадзкой забудовы. Але яны (хоць і не заўсёды) мелі густ. Нашаму праспэкту цяжка адмовіць у стылёвасьці. Адным з самых прыгожых месцаў на праспэкце і была пойма Сьвіслачы. Нядрэннымі былі і пэрспэктывы, якія адкрываліся зь яе ў розныя бакі. І вось у адну з гэтых пэрспэктываў усадзілі аграмадны шэры бэтонны зуб... Нейкі чыноўнік сваім тоўстым пальцам тыцнуў на мапе ў гэтае месца, сказаў, што там будзе гатэль, і загадаў зьнесьці нашу першую электрастанцыю. Гэта, вядома, дзікунства. Але ня толькі. Гэта — хамства, якое ўсе мы цяпер павінны цярпець.

І ня важна, што ў поймах рэчак не прынята будаваць высокія дамы, што парушаюцца там нейкія санітарныя нормы, што нішчацца выгляды і пэрспэктывы. Хто ж там і каму так шмат плаціць?

Мне было падумалася, што не знайшлося ў Менску нейкага сьмелага прафэсара архітэктуры, які б прабіўся да Лукашэнкі і паказаў бы яму здымак, які я тут ніжэй публікую. Маўляў, паглядзіце А.Р., з праспэкту будзе зусім не відаць вашай рэзыдэнцыі, непарадак... Але мяне асадзіў калега — ён нагадаў, што для А.Р. цяпер будуецца новая рэзыдэнцыя, бліжэйшая да Драздоў, і на выгляды на сваю старую рэзыдэнцыю яму, відаць, напляваць.

***

Тое, што пачало будавацца ў цэнтры Менску пачынаючы зь мяжы 70-80-х гадоў — гэта антыкультура. Была яна ў старым цэнтры і раней. Дастаткова згадаць пра праектны (!) інстытут на былой Школьнай і перабудову езуіцкага касьцёлу пад спартовы комплекс. Але тое, што пачало рабіцца ў апошнія дзесяцігодзьдзі, наогул ня мае такіх антыкультурных прэцэдэнтаў. Вось толькі некаторыя з «шэдэўраў» нашай антыкультуры.

Змрочная шумерская аграмадзіна Палацу рэспублікі, якая прыдушыла сабой, падмяла Верхні горад...

Гандлёвы дом на Нямізе, які разарваў астаткі Старога гораду, аддзяліў Ракаўскае прадмесьце ад рэшты старых кварталаў.

Аграмадны паркінг на Нямізе са зьдзеклівай візуальнай алюзіяй на той двухпавярховы габрэйскі дамок з гадзіньнікам, што стаяў на рагу Камсамольскай і Няміскай.

Вераломна пабудаваны на месцы падмуркаў дому Максіма Багдановіча кватэрны гмах Чыжа, што зьнішчыў сабой пэрспэктыву Траецкага прадмесьця.

І нарэшце хмарачос на скапаным у 50-я гады Замчышчы, які забіў сабой магчымасьць аднаўленьня Старога гораду і вычварным, інфэрнальным чынам завяршыў пэрспэктыву вуліцы Леніна (!). Гэты цьвік у труну Старога гораду ў Менску бачны нават з гарадзкіх ускраінаў.

Я разумею, вядома, што мы ніколі не былі ў архітэктурным сэнсе на першых ролях — ні ў мінулыя стагодзьдзі, ні ў савецкі час. Бо мы ніколі, па вялікім рахунку, не былі культурна моцныя. Напрыклад, у 20-я гады і ў Беларусі, і ў Чэхаславаччыне вяліся пошукі нацыянальнага стылю ў архітэктуры. У нас гэтыя пошукі скончыліся ўсяго толькі сьціплым і ніколі не ажыцьцёўленым праектам менскага вакзалу і даваеннымі карпусамі БДУ. А вось у чэхаў зьявіліся цудоўныя, фантастычныя шэдэўры рондакубізму — дамы-палацы, перад якімі ад зьдзіўленьня і захапленьня перахоплівае дых...

Тым больш мы павінны былі б трэсьціся над кожным старым каменчыкам, які дастаўся нам ад продкаў. Але замест гэтага ў нас трасуцца над «інвэстарам»...

***

Тое, што дзеецца цяпер у Менску, уражвае. Усё больш і больш вакол нас прыкметаў сапраўднай культурнай катастрофы, культурнага краху Беларусі. Яны праяўляюцца і даюць аб сабе знаць ва ўсіх галінах нашага жыцьця і ва ўсіх сфэрах культуры. Але мне ў гэтым тэксьце найперш ідзецца пра архітэктуру, якая сама па сабе зьяўляецца ня толькі тэхналягічнай, прыкладной сфэрай чалавечай дзейнасьці, але і мастацкай формай арганізацыі прасторы.

Тут у нас крах асаблівы. Сёньня на грамадзкім небасхіле Беларусі не назьбіраецца і дзясятка чалавек, якія б баранілі гістарычны Менск. Тады як у 60-я гады побач зь Зянонам Пазьняком і Лявонам Баразном можна было назваць многія дзясяткі імёнаў, а ў 80-я гады, калі справу пераняла "Талака", такіх абаронцаў былі сотні. Цяпер практычна няма ўжо каму езьдзіць па краіне і астатняй Эўропе і чытаць старонкі дзівоснай каменнай кнігі, якая ўвабрала ў сябе найбагацейшую, чароўную, загадкавую і прывабную гісторыю эўрапейскай цывілізацыі. Амаль няма каму бараніць і няма ўжо як.

А справа ж ня толькі ў абароне старога, што само па сабе архіважна і першасна для культуры, бо ніякая культурная якасьць не ўзьнікае на пустым месцы — культура вырастае з культуры, ёй патрэбна пераемнасьць і глеба. Справа яшчэ і ў эстэтыцы, у тым, што Максім Багдановіч назваў «красой». Сёньня усе менскія навабуды спрэс дэманструюць убогасьць эстэтыкі іх стваральнікаў і заказьнікаў. Якраз пра эстэтыку і красу мела б падбаць культурная эліта краіны, але...

Беларуская эліта драбнее на вачах. І гэта асабліва ўражвае. Пад нацыянальнай элітай звычайна разумеюць высокаадукаваных інтэлектуалаў, якія адчуваюць адказнасьць за краіну і дзейнічаюць адпаведна з гэтай адказнасьцю. Раней у Беларусі існавала моцнае акадэмічнае кола людзей, якія баранілі Менск. Моцна дзейнічалі іх калегі з рэстаўрацыйных структураў. Нарэшце, лепшыя людзі народу, такія як Уладзімер Караткевіч ці Гаўрыла Вашчанка (Etc.), асабіста ангажаваліся ў справу абароны старога Менску ад зьнішчэньня.

Цяперашнія прадстаўнікі беларускамоўнай эліты пішуць тэксты, называюць сябе мастакамі, паэтамі, эсэістамі, раманістамі, журналістамі... Некаторыя нават мімаходзь згадваюць у сваіх «мастацкіх тэкстах» пра стары горад, але ніякага сапраўднага клопату пра сапраўдную культуру не дэманструюць — яны думаюць, што яны яе ствараюць. А насамрэч гэта нястомныя працаўнікі над уласным іміджам, якія не забываюць напісаць пра сябе пыхлівыя артыкулы ў Вікіпэдыі, але забываюць пацікавіцца, што дзеецца з рэштаю старога Менску і іншых гістарычных гарадоў краіны. Не хапае адказнасьці, а значыць — не хапае культуры...

«Стваральнікі тэкстаў» не разумеюць, што гатэль на Сьвіслачы яшчэ больш зьмяншае колькасьць чытачоў іх кніг, якія і без таго ўжо выдаюцца накладамі па 100-300 асобнікаў. Яны пішуць тэксты, мастак павінен пісаць мастацкія тэксты...

Я, вядома, ня клічу інтэлектуалаў на дэманстрацыі пратэсту, на пікеты, ня клічу адкрыта ваяваць з нашай бязьлітаснай і малаадукаванай уладай. Сумна, што практычна ніхто зь іх не ўзвышае голас (хай у інтэрнэце, хай у мастацкіх творах у выглядзе фонавай тэмы) у абарону свайго гораду, ня піша пра гэта тэксты, пратэсты, лісты, эсэ, плачы...

Застаецца банальна ўсклікнуць усьлед за старажытнымі лацінянамі «O tempora, o mores!..» І спадзявацца толькі на нябёсы. Але і нябёсы, як вядома, дапамагаюць ня ўсім, а толькі тым, хто рухаецца і рупіцца...

Фота Сяргея Абламейкі.

Фота Сяргея Абламейкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG