Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская «Новая газета» надрукавала дакумэнт, паводле якога сацыяльная сетка «ВКонтакте» нібыта актыўна супрацоўнічала са спэцслужбамі ў справе кантролю над палітычнай актыўнасьцю сваіх удзельнікаў.

«Мы ўжо шмат гадоў супрацоўнічаем з ФСБ і аддзелам „К“ МУС, апэратыўна выдаючы інфармацыю аб тысячах карыстальнікаў нашай сеткі ў выглядзе IP-адрасоў, нумароў мабільных тэлефонаў ды іншай інфармацыі, якая неабходная для іх ідэнтыфікацыі. Гэтак мы дэананімізуем актыўнасьць у сеціве, дазваляючы дзяржаўным службам раскрываць і прадухіляць злачынствы».

Гэта вытрымка зь ліста, які ў сьнежні 2011 году нібыта накіраваў уладальнік «ВКонтакте» Павал Дураў тагачаснаму намесьніку кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Расеі Вячаславу Суркову. Аўтар ліста запэўнівае высокага чыноўніка, што «ВКонтакте» будзе і далей «дапамагаць дзяржаўным службам перашкаджаць распаўсюду гвалту і хаосу». Што гаворка ня толькі пра перадачу адрасоў сапраўдных злачынцаў паводле рашэньняў судоў, сьведчаць разважаньні аўтара пра вынікі магчымага блякаваньня групаў у сетцы «ВКонтакте». Аўтар мяркуе, што гэта прывядзе толькі да пераходу карыстальнікаў у амэрыканскую сацыяльную сетку «Фэйсбук», але ня сьцішыць актыўнасьць апазыцыянэраў.

«У бягучых умовах я асабіста вяду PR-актыўнасьць сярод сваёй аўдыторыі, спрабуючы дэманстраваць палітычную незалежнасьць нашай пляцоўкі і сьцішваючы паніку, якую сеюць апазыцыянэры, заклікаючы сыходзіць на «Фэйсбук», — цытуе газэта. У канцы ліста аўтар прызнаецца ў сымпатыях да кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта і прапануе далейшае «ўзаемадзеяньне».

Кіраўнік прэсавай службы «ВКонтакте» Георгі Любушкін, які спаслаўся на Паўла Дурава, абверг сапраўднасьць ліста ў «Новай газеце». «Павал не пацьвярджае аўтарства, прычым катэгарычна. Сказаў, што гэта суцэльная лухта», — заявіў Георгі Любушкін. Былы кіраўнік прэсавай службы сеткі Ўладзіслаў Цыплухін згадаў, што Вячаслаў Суркоў прыходзіў да іх у офіс і меў з Паўлам Дуравым размову, на якой «не прысутнічалі журналісты, але сустрэча не была сакрэтнай».
Павал не пацьвярджае аўтарства, прычым катэгарычна

Паводле Ўладзіслава Цыплухіна, у сьнежні 2011 году Павал Дураў, спасылаючыся на адсутнасьць адпаведнага судовага рашэньня, неаднаразова адмаўляўся блякаваць у сетцы групы мітынгоўцаў, чаго патрабавалі з адміністрацыі прэзыдэнта Расеі.

Улетку 2011 году ў Беларусі рэгулярна праходзілі вулічныя пратэсты, якія атрымалі назву «маўклівых акцыяў», бо падчас іх людзі не выказвалі ніякіх патрабаваньняў, а толькі зьбіраліся ў пэўных месцах і пляскалі ў ладкі. Арганізацыя акцыяў вялася праз сайт «ВКонтакте». Там узьнікла група «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», адміністратарам якой быў Вячаслаў Дзіянаў. Пасьля таго як міліцыя пачала масава затрымліваць удзельнікаў маўклівых акцыяў, а суды — караць іх адміністрацыйнымі арыштамі, пратэсты сьцішыліся. Вячаслаў Дзіянаў мусіў зьехаць зь Беларусі ў Польшчу, дзе атрымаў палітычны прытулак. 27 сакавіка я знайшоў яго праз мабільны тэлефон у Шчэціне.

Як Вячаслаў Дзіянаў камэнтуе падазрэньні, што «ВКонтакте» супрацоўнічае са спэцслужбамі? Адміністратар групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» верыць у супрацоўніцтва ў абмежаваным фармаце: што адміністрацыя сеткі перадае кантакты карыстальнікаў на запыт суду ці паводле дадзеных Інтэрполу, але не «выдае» апазыцыянэраў. Вось аргумэнт, які падае Вячаслаў Дзіянаў:

Вячаслаў Дзіянаў

Вячаслаў Дзіянаў

«Рэпутацыя сеткі вельмі важная яе ўласьнікам. Бо калі карыстальнікі будуць ведаць, што іх дадзеныя могуць быць перададзеныя трэцім асобам, то даверу да гэтай сеткі ня будзе. Таксама ня будзе даверу да сеткі з боку вядомых фірмаў, кампаніяў, холдынгаў, якія прасоўваюць празь сетку свае вырабы. Непатрэбна гэта і інвэстарам, якія ня будуць укладацца ў няўстойлівы прадукт. Таму я мяркую, што гэта нявыгадна „ВКонтакте“, і тыя запэўніваюць, што іх не кантралююць спэцслужбы. Зразумела, што спэцслужбам у любой краіне сьвету важна кантраляваць інфармацыйныя плыні. Калі на Захадзе гэта барацьба з тэрарызмам, то ў нас гэта барацьба з апазыцыяй, як і ў Расеі. Спэцслужбы ў нас засталіся тыя самыя. Але я веру словам Паўла Дурава, што „ВКонтакте“ не давала інфармацыі пра апазыцыянэраў. І не таму, што Павал Дураў такі апазыцыянэр, а таму, што яму важна, каб у сацыяльнай сеткі была добрая рэпутацыя і яна разьвівалася».

Вячаслаў Дзіянаў не выключае, што за гісторыяй зь лістом могуць стаяць эканамічныя канкурэнты сеткі «ВКонтакте». «Гэта можа быць выгадна „Фэйсбуку“, гэта можа быць выгадна „Одноклассникам“, хоць яны ўжо паміраюць», — мяркуе адміністратар групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» на сайце «ВКонтакте».
Гэта можа быць выгадна „Фэйсбуку“, гэта можа быць выгадна „Одноклассникам“

Што да беларускіх спэцслужбаў, Вячаславу Дзіянаву невядома пра выпадкі, каб тыя зьвярталіся да адміністрацыі сеткі «ВКонтакте», каб ім выдавалі зьвесткі пра наведнікаў сеткі. Паводле Вячаслава Дзіянава, беларускія спэцслужбы паклёпнічалі ў адміністрацыю «ВКонтакте» на групу «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», што нібыта тая занесла вірус ці ўзламала чыйсьці акаўнт.

Чым цяпер займаецца Вячаслаў Дзіянаў? Ці не жадае ён зноў праз інтэрнэт ускалыхнуць сытуацыю ў Беларусі?

«Мяркую, маўклівых акцыяў у былым фармаце ўжо ня будзе. У мяне цяпер іншы кірунак дзейнасьці, які я магу агучыць. Шукаю прыхільнікаў і рэсурс, на якім можна будзе ажыцьцявіць ідэю аб павелічэньні кола пратэставых адміністратараў, аб навучаньні новых людзей таму, што нам вядома. А калі будзе дастатковая колькасьць такіх людзей, тады можна будзе думаць і пра ўсё іншае».

Вячаслаў Дзіянаў не плянуе ў бліжэйшай будучыні вяртацца ў Беларусь. Паводле адміністратара групы, на яго ў спэцслужбаў нарыхтаваны кампрамэтуючы матэрыял, які грунтуецца на паклёпе і прыдумках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG