Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шарамет: Беразоўскі стаў ахвярай свайго дэманічнага іміджу


Дом Барыса Беразоўскага ў Лёндане

Дом Барыса Беразоўскага ў Лёндане

Загадкавая сьмерць апальнага расейскага алігарха Барыса Беразоўскага працягвае выклікаць неадназначную рэакцыю і спрэчкі пра ягонае месца ў палітычным жыцьці як Расеі, так і іншых краінаў.

У той час, калі Беразоўскаму належаў тэлеканал ОРТ, там працаваў журналіст Павал Шарамет. У 1997 годзе ён і тэлеаператар Дзьмітры Завадзкі былі абвінавачаныя ў несанкцыянаваным пераходзе беларуска-літоўскай мяжы і арыштаваны. Тады шмат казалі пра тое, што менавіта дзякуючы ўмяшаньню Беразоўскага Лукашэнка вымушаны быў вызваліць журналістаў.

У 1996 годзе Павал Шарамет стаў загадчыкам беларускага бюро ОРТ («Общественное российское телевидение»), а ўжо праз год апынуўся за кратамі. Ён і відэаапэратар Дзьмітрый Завадзкі былі затрыманыя падчас здымкаў на беларуска-літоўскай мяжы і абвінавачаныя ў незаконнай журналісцкай дзейнасьці, атрыманьні грошай ад замежных спэцслужбаў ды іншых злачынствах. У зьняволеньні Шарамет правёў агулам 3 месяцы.

Лічыцца, што прысьпешыў вызваленьне фактычны ўладальнік ОРТ Барыс Беразоўскі, які ў кампаніі ўплывовых кіраўнікоў расейскіх СМІ асабіста прыехаў у Менск і ўгаварыў беларускага прэзыдэнта не ствараць сабе лішніх праблемаў. Абодва хутка прыйшлі да паразуменьня і пасьля гэтага падтрымлівалі прыязныя адносіны. Дарэчы, наступныя сустрэчы з Лукашэнкам Беразоўскі меў ужо ў рангу выканаўчага сакратара СНД, і нават разглядалася магчымасьць ягонага пераезду ў Менск, дзе месьціцца штаб-кватэра СНД. Тым часам Шарамет, выйшаўшы з турмы, неўзабаве пераехаў у Маскву і працаваў спачатку спэцыяльным карэспандэнтам навінных праграмаў, а пасьля — аўтарам і вядучым выніковай праграмы «Время». Якую ролю ў ягоным лёсе насамрэч адыграў Беразоўскі — расказвае сам Павал Шарамет:

Павал Шарамет

Павал Шарамет

«Я прыйшоў на ОРТ без запрашэньня Беразоўскага. Абсалютна іншыя людзі мяне туды паклікалі, і да гэтай гісторыі зь мяжой, з рэпартажам пра кантрабанду Беразоўскі ня меў ніякіх адносінаў. Усе гэтыя вэрсіі, якія актыўна распаўсюджвае беларуская ўлада, сам Лукашэнка пра тое, што мы спэцыяльна пераходзілі мяжу нібыта на загад Беразоўскага — гэта поўная лухта. Да рэальнасьці гэта ня мае ніякага дачыненьня. І надалей мая кар’ера на ОРТ ня надта залежала ад Беразоўскага. Ён больш любіў Дарэнку, яму падабаўся абсалютна адмарожаны, неадэкватны Лявонцьеў. А са мной ён больш спрачаўся — дый я зь ім больш спрачаўся, чым пагаджаўся. Але вакол Беразоўскага было шмат талковых людзей, у тым ліку і на Першым канале. Гэта дырэктар Ксенія Панамарова, дырэктар Ігар Шабдурасулаў, у рэшце рэшт Канстанцін Эрнст і г.д. Гэтыя разумныя, талковыя людзі ў цэлым стваралі вельмі пазытыўную атмасфэру на канале».

На думку Паўла Шарамета, вобраз Барыса Беразоўскага перабольшана дэманізаваны, але да гэтага яшчэ пры жыцьці міжволі ці мэтанакіравана прыклаў руку і сам алігарх:

«Барыс Беразоўскі быў неардынарнай асобай. Ён, вядома, гэткага авантурнага складу характару, але быў даволі інтэлектуальны чалавек. Цяпер яму прыпісваюць вельмі шмат з таго, да чаго ён ня меў ніякага непасрэднага дачыненьня, і ягоная фігура занадта моцна дэманізаваная. Ён сам у свой час да гэтага прыклаў пэўныя намаганьні, а потым стаў ахвярай гэтага свайго дэманічнага іміджу. Асабіста я нічога дрэннага пра яго сказаць не магу, хоць больш шчыльныя кантакты ў мяне былі зь ягоным дзелавым партнэрам і сябрам Бадры Патаркацышвілі. Але, у прынцыпе, у той час, калі Беразоўскі валодаў ОРТ (цяперашнім Першым каналам) альбо газэтай „КоммерсантЪ“, працаваць журналістам было нашмат прасьцей і лягчэй, чым цяпер».

Зь імем згаданага Бадры Патаркацышвілі, які пры да канца ня высьветленых абставінах памёр у 2008 годзе, зьвязаная гісторыя, якая збольшага так і засталася цьмянай. 5 гадоў таму прыватным самалётам Беразоўскага ў Менск прыляцелі амэрыканскі адвакат грузінскага бізнэсоўца Эмануіл Зэльцэр і ягоная памочніца Ўладлена Функ, якія мелі намер разабрацца зь беларускімі актывамі «патрона» (паводле некаторых зьвестак, той інвэставаў больш за 200 мільёнаў даляраў у нафтахімію), але іх арыштавалі проста ў аэрапорце. Зэльцэр пасьля заяўляў, што Беразоўскі сьвядома яго «падставіў», каб пазбавіцца канкурэнтаў і аднаасобна прэтэндаваць на спадчыну былога бізнэс-партнэра. Падазрэньні ўскосна пацьвердзіў і сам Беразоўскі, назваўшы Зэльцэра «махляром». Гэтую пазыцыю падзялілі і беларускія ўлады, пратрымаўшы Зэльцэра наступныя 15 месяцаў у турме.

Пры тым, што Беразоўскі нават у лёнданскай эміграцыі спагадліва ставіўся да беларускага лідэра, толькі часам наракаючы, што Лукашэнка ніяк ня хоча пазбавіцца аўтарытарных замашак, цягам дзесяцігодзьдзя ён заставаўся пасьлядоўным крытыкам расейскіх уладаў. Тым большай нечаканасьцю стала сьцьвярджэньне крамлёўскіх чыноўнікаў, што, маўляў, апальны алігарх напісаў прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну пакаяльны ліст з просьбай дазволіць вярнуцца ў Расею. Ці можна было чакаць ад Беразоўскага такога кроку? Павал Шарамет у пакаяньні сумняецца:

«Магло адбыцца ўсё што заўгодна. Пісаў ці не пісаў Беразоўскі нейкія лісты — мне сказаць цяжка. Але калі ён і пісаў нешта падобнае, то мы павінны ўбачыць гэта ў самы бліжэйшы час. Таму што, па вялікім рахунку, ніхто толкам ня верыць, што такі ліст ёсьць, і ўсе падазраюць Пуціна ў несумленнай прапагандзе. І другі момант — дзеля таго каб канчаткова прынізіць зрынутага алігарха, расейскія ўлады проста павінны гэты ліст надрукаваць. Як толькі ён будзе надрукаваны, мы адразу зразумеем, фальшыўка гэта ці сапраўдны ліст. А калі ліст так і не надрукуюць, то і веры гэтаму лісту, гэтым чуткам ніякай ня будзе».

Яшчэ ў сярэдзіне 2000-х Барыс Беразоўскі добраахвотна ўзяў на сябе місію своеасаблівага міратворцы, намагаючыся «праціснуць» беларускі рэжым у Эўропу. Аляксандар Лукашэнка ня так даўно прызнаўся, што ідэя наняць у якасьці іміджмэйкера для Беларусі лорда Тымаці Бэла належыць менавіта расейскаму алігарху. Праўда, грошы прадпрымальны рэклямшчык узяў, але абяліць апошнюю эўрапейскую дыктатуру ня здолеў. Сам жа Беразоўскі ня раз выказваў жаль, што Захад тэндэнцыйна ставіцца да афіцыйнага Менску, ствараючы скажоную карціну рэальнай сытуацыі ў Беларусі. На перакананьне Беразоўскага, палітычны рэжым Лукашэнкі нашмат больш дэмакратычны, чым Пуціна, якога ў 2000 годзе Беразоўскі мэтанакіравана вёў да ўлады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG