Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд ЗША разглядае праблему аднаполых шлюбаў


Вярхоўны суд Злучаных Штатаў учора пачаў разгляд дзьвюх справаў, якія тычацца статусу аднаполых шлюбаў.

Адна — канстытуцыйнасьць забароны на такія шлюбы, уведзенай у Каліфорніі на падставе штатнага рэфэрэндуму 2008 году. Другая — рашэньне Кангрэсу ад 1996 году, якое пазбаўляе аднаполыя пары права на фэдэральныя льготы для злучаных шлюбам асобаў.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», сотні дэманстрантаў сабраліся ля будынку суду, пакуль судзьдзі слухалі аргумэнты бакоў наконт канстытуцыйнасьці каліфарнійскай забароны на шлюбы паміж людзьмі аднаго полу.

Джон Льюіс і Сцюарт Гэфні, якія пражылі разам 25 гадоў, чакаюць рашэньня суду. Яны абодва з Каліфорніі, Льюіс і Гэфні пасьпелі аформіць свае адносіны на працягу кароткага пэрыяду, пакуль у Каліфорніі былі дазволеныя аднаполыя шлюбы.

«Усе мы грамадзяне ЗША, і мы сабраліся тут, на прыступках будынку Вярхоўнага суду, таму што ўсе без выключэньня грамадзяне нашай краіны павінны мець права ўступіць у шлюб з чалавекам, якога кахаюць», — сказаў Льюіс.

Праціўнікі аднаполых шлюбаў таксама зладзілі дэманстрацыю ля Вярхоўнага суду. Тэмі Фуэнтэс адмыслова для гэтага прыехала ў Вашынгтон з штату Род-Айлэнд.

«Мы лічым, што шлюб — гэта саюз паміж мужчынам і жанчынай, і ня хочам, каб яго вызначалі па-іншаму. Бог стварыў мужчыну і жанчыну для працягу роду. Усе мы ведаем, што двое мужчын ці дзьве жанчыны ня могуць самі зачаць дзіця», — тлумачыць сваю пазыцыю Фуэнтэс.

Яна перасьцерагаецца, што калі геі і лесьбіянкі атрымаюць права ўступаць у шлюб, вернікі зазнаюць ціск іх поглядаў.

«Калі такі закон прымуць, што будзе з намі? — пытае яна. — Як наконт нашых правоў і свабоды веравызнаньня?»

Джон Льюіс лічыць такія страхі неабгрунтаванымі.

«Рух за свабоду ўступаць у шлюб заснаваны на агульначалавечым імкненьні кахаць, знайсьці сабе пару», — тлумачыць ён.

Удзельніца маніфэстацыі каля будынку Вярхоўнага суду за аднаполыя шлюбы Голда Лі зь Нью-Ёрку кажа: «Мая партнэрка Кэтрын і я ня верым у тое, што каліфарнійская забарона — гэта рашэньне, годнае Амэрыкі. Мы пабраліся шлюбам у Нью-Ёрку, але Кэтрын з Каліфорніі. І мы, вядома, хацелі б, каб падобныя шлюбы былі прызнаныя ва ўсіх штатах. У рэшце рэшт, прэзыдэнт нагадаў амэрыканцам, што мы ўсе — браты і сёстры, і кожны ведае каго-небудзь з суполкі сэксуальных меншасьцяў — сваяка, калегу».

А Мардж Фэлпс з Канзасу трымае плякат, які заклікае караць геяў сьмерцю. Калі адзін з прыхільнікаў аднаполых шлюбаў спрабуе блаславіць яе — яна адказвае: «Блаславеньне, атрыманае ад усялякіх збачэнцаў, не працуе».

У справе аб каліфарнійскай забароне на аднаполыя шлюбы Вярхоўны суд можа палічыць яе канстытуцыйнай, можа прызнаць неканстытуцыйнай, але аднесьці рашэньне толькі да Каліфорніі, а можа распаўсюдзіць на ўсе штаты, што адкрые шлях легалізацыі аднаполых шлюбаў па ўсёй краіне. Цяпер яны легалізаваныя толькі ў 9 штатах і у сталічнай акрузе Калюмбія. Дарэчы, паводле апытаньняў цяпер у Каліфорніі 61% жыхароў выступаюць за легалізацыю аднаполых шлюбаў, але пакуль дзейнічае рашэньне, прынятае на рэфэрэндуме 2008 году.

Сёньня Вярхоўны суд ЗША пачне разгляд канстытуцыйнасьці фэдэральнага закону, які забараняе ўраду ЗША прызнаваць сапраўднымі аднаполыя шлюбы.

Чакаецца, што канчатковае рашэньне па абедзьвюх справах будзе прынятае не раней за чэрвень. Многія мяркуюць, што Суд скасуе каліфарнійскую забарону на аднаполыя шлюбы, але наўрад ці — фэдэральную.

Да гэтага, калі глядзець па заявах судзьдзяў, схіляюцца і яны. Судзьдзя Соня Сотамаёр выказалася ў карысьць працягу экспэрымэнтаваньня на ўзроўні штатаў. У тым самым духу загаварыў судзьдзя Самуэль Аліта: «Мы хочам напачатку ацаніць уплыў гэтага інстытуту, які маладзейшы, чым сотавая сувязь або Інтэрнэт». Судзьдзя Энтані Кенэдзі падкрэсьліў: «У нас пяць гадоў інфармацыі супраць 2 000 гадоў гісторыі». Праўда, ён жа нагадаў аб 40 тысячах дзяцей аднаполых пар у Каліфорніі.

«Дзеці хочуць, каб у іх бацькоў было поўнае прызнаньне і поўны статус, — сказаў ён. — Голас гэтых дзяцей важны».

Паводле дадзеных Інстытуту Ўільямса, у ЗША сёньня пражываюць прынамсі паўмільёна аднаполых пар, фармальны шлюб маюць прыкладна 80 тысяч з гэтых пар. Пры гэтым аднаполыя пары выхоўваюць каля 250 тысяч дзяцей.

Права на аднаполыя шлюбы дзейнічае ў многіх краінах Эўразьвязу, зусім нядаўна яно было прынятае ў Францыі і Вялікабрытаніі. Разам з тым, у некаторых краінах Усходу Эўропы, у краінах СНД пра гэта няма і гаворкі, у Расеі, ва Ўкраіне прымаюцца заканадаўчыя акты розных узроўняў аб перасьледзе за «прапаганду» гомасэксуалізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG