Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мерзла ў хаце, ашчаджаючы дарагія дровы. І памерла...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111».

На што найчасьцей наракаюць сёньня людзі, прыходзячы ў краму альбо на рынак, стоячы ў чэргах, каб аплаціць паслугі камунальнікаў? На цэны. Кошт жыцьця ў Беларусі расьце шпаркімі тэмпамі. Інфляцыя ня ўпісваецца ні ў якія вызначаныя чыноўнікамі калідоры.

На гэтую тэму — значная частка пошты Свабоды. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў, у якім ідзе пра гэта размова. Вось як апісвае сёньняшнія вясковыя рэаліі і наступствы нястрымнага росту цэнаў наш даўні сябар Мікалай Бусел зь вёскі Пружынішчы Рудабельскага (Акцябрскага) раёну:

«Пішу вам з глыбокім агульным смуткам. 28 лютага пахавалі аднавяскоўку. За некалькі дзён да гэтага я бачыў, як яе забірала «хуткая дапамога». У жанчыны было цяжкое запаленьне лёгкіх. Жыла яна адна, дзеці ў горадзе, пра старую матку не паклапаціліся ў час. А яна проста мерзла ў хаце, ашчаджаючы дарагія дровы. І вось фінал...

Пэўна, трохі ў тым ёсьць віны і мэдыкаў: запозна пачалі лячыць... Дык пра якую платную мэдыцыну тут зьвягаць? Тады беднай частцы народу зусім капцы. Праўда, дзяржаве меней ратоў карміць трэба будзе...

А карміцца нам усё цяжэй. Цэны проста звар’яцелі. Дый як ім не буяць, калі самы галоўны рот і ня думае іх стрымліваць? Наадварот, падвучвае сваіх, як лацьвей падвышаць: «Процантаў па пяць на тыдзень». Гэта ж, па сутнасьці, падвучваньне да крадзяжу: маўляў, крадзь патроху, ня так прыкметна будзе. Зноў жа, цягне цэны пад расейскія. Хай бы заробкі цягнуў да гэтых «агульнасаюзных». Дык не! Абрыдла ўжо чуць эканамічныя трызьненьні. Мо час нам займець міністэрства інфляцыі? І калі ўжо скончыцца гэты бэдлам?

Вось цяпер скасавалі 10- і
20-рублёвыя купюры. Значыцца, акругленьне правялі да пяцідзесяці, і не на нашу карысьць.

Заўчора прыйшла жонка з крамы, жаліцца: хлеб зноў падаражэў. На 700 рублёў, больш як на 10 працэнтаў. І зь якой прычыны? Мы не ваюем, ураджаі рэкордныя, дажджы ў адпаведнасьці з раскладам... А хлеб кожную дэкаду даражэе. Званю ў Рудабельскі райвыканкам, у эканамічны аддзел. Там ня ў курсе спраў, параілі пазваніць у гандаль. Доўга раіліся, даваць нумар тэлефону ці не: «Гаварыт па-беларускі, абрашчался пісьменна і усна». Урэшце далі, бо я і бязь іх той нумар знайшоў бы.

От забыўся папрасіць нумар ідэалягічнай вэртыкалі. Паспавядацца хачу. Пачуць афіцыйныя словы суцяшэньня і спагады.

Памятаю, у сярэдзіне
50-х гадоў маладыя дзеўкі, надрываючыся на калгаснай дарэмнай працы, пракліналі жыцьцё, лічачы лепшым выйсьцем атамную бомбу. Цяпер яны дажываюць сваю страшную долю — нікому не патрэбныя, задураныя і занядбаныя«.

Подпіс: Мікалай Бусел. Непэрспэктыўная вёска Пружынішчы, Рудабельскі (Акцябрскі) раён.


На інфляцыю чыноўнікі, сапраўды, ня надта зважаюць. За два першыя месяцы году рост цэнаў у гадавым вылічэньні склаў 23 працэнты — хоць улады абяцалі, што інфляцыя за год не перавысіць 12-ці. Гэта нават большыя тэмпы, чым летась. Адметна, што пры такім шпаркім росьце цэнаў валютны курс беларускага рубля на працягу апошняга году застаецца практычна нязьменным. Такім чынам забясьпечваецца выкананьне даўняга абяцаньня Лукашэнкі — давесьці сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў. У выніку тыя 500 даляраў сярэдні беларус у хуткім часе будзе мець — тут сумневаў няма. Іншая справа, што набыць на тыя даляры цяпер у Беларусі можна значна меней тавараў і паслугаў, чым год ці два таму. І гэта не адзінае засмучэньне для беларусаў. Рост коштаў у валюце робіць беларускую прадукцыю значна менш прывабнай на вонкавых рынках. З гэтым ужо сутыкнуліся многія беларускія экспартэры.

Тэма наступных прэзыдэнцкіх выбараў цікавіць нашага даўняга слухача Леаніда Кулеша зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну. У сваім новым лісьце на Свабоду ён піша:

«На прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году кандыдатам нумар адзін зноў будзе Лукашэнка — тут сумневу няма. Напэўна, знойдзецца нямала і тых, хто захоча перамагчы яго. А каб перамагчы, у альтэрнатыўнага кандыдата павінна быць зусім іншая праграма — сучасная, прывабная, зразумелая. І найперш ён павінен паабяцаць, што дасьць народу 100-працэнтную дэмакратыю — як у палітыцы, так і ў эканоміцы. Галоўнае — трэба навесьці парадак у распараджэньні падаткамі. Народныя грошы вельмі часта ідуць зусім не туды, куды трэба простым людзям».

Шараговыя выбарцы рэдка вывучаюць праграмы кандыдатаў — якімі б глыбокімі, грунтоўнымі і прывабнымі тыя праграмы ні былі. Ключ да перамогі ў падобных палітычных кампаніях — найперш у абаяльнасьці асобы самога кандыдата, ягонай здольнасьці пераканаць людзей, павесьці за сабой. Адолець такога харызматычнага лідэра, як Лукашэнка, здольны, відавочна, ня менш харызматычны палітык, які змог бы давесьці людзям, што пры ім іхнае жыцьцё зьменіцца ў лепшы бок. Такой відавочнай фігуры на сёньня ў апазыцыйным асяродку, як вядома, няма.

Пра жыцьцё ў тыповай аддаленай вёсцы, якіх тысячы ў сёньняшняй Беларусі, распавядае ў сваім новым лісьце Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Слухач піша:

«Нядаўна ўпершыню за многія месяцы мусіў выбрацца ў „экспэдыцыю“ ў райцэнтар — за 50 кілямэтраў, па лекі для сваёй 90-гадовай маці. Некалі быў у нас свой ФАП, але зачынілі яго гадоў пяць таму. Відаць, нявыгадна гэта ўладзе: людзей малавата, куток аддалены, непэрспэктыўны. І працаваць ужо няма каму. Быў клюб, дык разабралі будынак, перавезьлі бліжэй да горада — камусьці пад жытло. Разам з клюбам зьнікла і бібліятэка. Цяпер ужо нічога з грамадзкіх будынкаў не засталося — акрамя дзяржаўнай харчовай крамкі. Хутка і паштарку нашу мясцовую зьбіраюцца скараціць. Нездарма ж гэты год абвешчаны годам беражлівасьці. Заашчадзяць некалькі капеек, а нас яшчэ больш адрэжуць ад сьвету, зробяць мясцовасьць падобнай да могілак...

У горадзе назіраў такую карціну. На плошчы ля вечнага агню мясцовыя рабацягі, так бы мовіць, „акультурвалі“ алею дрэў. Прычым сьпілоўвалі ня толькі ўсе сукі, але і верхавіны. Такое ж дзікунства адбываецца і вакол дарог, яшчэ на пад’езьдзе да горада. Каму гэта патрэбна? Дзеля чаго? Хіба толькі дзеля таго, каб заняць людзей хоць якой працай? Бо якая ж прыгажосьць у скалечаным дрэве? Безумоўна, гэта глупства, грэх і злачынства — так нявечыць жывое...»
.

Гэтая так званая «беражлівасьць» — мізэрная эканомія на старых і нямоглых людзях — выглядае ў шэрагу выпадкаў амаральнай і злачыннай. Высокія чыноўнікі, якім дазволена распараджацца дзяржаўным кашальком, выдаткоўваюць штогод дзясяткі мільёнаў даляраў на ўтрыманьне такой дарагой забавы, як хакейныя каманды, і ў той жа час прымушаюць зачыняць у аддаленых вёсках ФАПы, жыцьцёва неабходныя мясцовым жыхарам, у якіх няма ні сілаў, ні магчымасьці дабірацца за дзясяткі кілямэтраў у раённую паліклініку. Чаму знаходзяцца сотні тысяч даляраў на заробак заежджаму хакеісту — і няма нейкай сотні, каб плаціць вясковаму фэльчару? Паводле афіцыйнай вэрсіі, хакей — гэта прэстыж дзяржавы. Ды які ж гэта прэстыж, калі тыя высокааплатныя каманды прайграюць што толькі можна і займаюць апошнія радкі ва ўсіх турнірных табліцах? Прэстыж якраз у іншым — у тым, каб у краіне не было пакрыўджаных, занядбаных і галодных... Вось калі зробіцца так — тады і пра хакей можна падумаць.

На мінулым тыдні ў сьвеце шмат гаварылі пра новага пантыфіка Францішка. Ён прыйшоў на зьмену Бэнэдыкту XVI, які нечакана для многіх адмовіўся ад пасаду, спаслаўшыся на слабое здароўе і паважны ўзрост. Разважаючы пра ватыканскія выбары і параўноўваючы іх зь беларускімі, наш слухач Эдуард Зяновіч зь Ліды піша:

«Нават папа Рымскі, у якога былі ўсе гарантыі пажыцьцёвай улады, добраахвотна сышоў са свае пасады, калі ўбачыў, што гэтага патрабуюць інтарэсы справы. А што ў нас у Беларусі? Колькі ж можна сядзець на адным месцы?

На жаль, нам пакуль яшчэ не выпадае думаць пра свае выбары: да чарговых далекавата, а на пазачарговыя спадзявацца не даводзіцца. Але хачу выказаць такую думку. Апошнім часам лідэрамі многіх дзяржаў становяцца жанчыны. Узяць хоць бы Літву, Нямеччыну, Аргентыну, Бразылію... І справы там ідуць няблага. Давайце і мы паспрабуем — выберам у прэзыдэнты жанчыну. Прапаную на гэтую пасаду Натальлю Машэраву — дачку славутага Пятра Машэрава, пры якім мы жылі ў БССР вельмі нават няблага. Думаю, яна выдатна справіцца з абавязкамі лідэра дзяржавы»
.

12 год таму, у 2001 годзе, Натальля Машэрава ўжо вылучала сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах. Прайшла рэгістрацыю, аднак яшчэ да завяршэньня збору подпісаў нечакана для многіх адмовілася ад далейшага ўдзелу ў кампаніі. У той час яна лічылася сур’ёзным супернікам Лукашэнкі.

Тлумачэньні гэтага кроку тады ад яе прагучалі цьмяныя. Маўляў, грамадзтва не гатовае да прапанаванага ёю «трэцяга шляху» разьвіцьця, а многія палажэньні заканадаўства замінаюць правядзеньню сумленных выбараў.

Нашмат канкрэтней выказаўся ў той час пра вылучэньне Машэравай Лукашэнка, назваўшы гэта «ўдарам у сьпіну» і «падыгрываньнем адвязанай апазыцыі». Пасьля такіх Лукашэнкавых заяў Машэрава і зьнялася, хоць усяго некалькімі днямі раней абяцала змагацца за прэзыдэнцкую пасаду да канца...

Ні ў 2006, ні ў 2010 гадах імя Натальлі Машэравай у выбарчых бюлетэнях больш не фігуравала. І наўрад ці даводзіцца разьлічваць на тое, што яна наважыцца на ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году. На той час Натальлі Машэравай споўніцца ўжо 70...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG