Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяроза: Міліцыя патрабуе зьняць бел-чырвона-белы сьцяг


Журналістка Тамара Шчапёткіна з Бярозы кожны год у гонар Дня Волі вывешвае на сваім гаўбцы нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Кажа, што гэта — сямейная традыцыя. Бел-чырвона-белы сьцяг правісеў на гаўбцы цэлы дзень 25 сакавіка.

26 сакавіка раніцай ў дамафон да спадарыні Шчапёткінай патэлефанавалі. Чалавек у цывільным называўся ўчастковым Сяргеем Несцьяровічам, але дакумэнтаў не паказаў. У кватэру ўчастковы заходзіць адмовіўся, размаўлялі праз парог. Унізе стаяла яшчэ некалькі чалавек.

Участковы запытаўся, што вісіць на гаўбцы. Тамара Шчапёткіна адказала, што гэта гістарычны нацыянальны сьцяг. Спадар Несьцяровіч загадаў зьняць сьцяг — маўляў, людзі абураюцца, гэта іх абражае. На пытаньне «А народ не абражаюць словы з трох літараў, якія гадамі ніхто не зацірае?» участковы адказаў, што да іх, маўляў, народ прывык, таму гэта ўжо не абурае і не абражае.

Пры канцы размовы ўчастковы паведаміў, што калі прыйдзе позва зьявіцца ў міліцыю, каб спадарыня Шчапёткіна не зьдзіўлялася і ведала, што гэта за бел-чырвона-белы сьцяг.

Сьцяг Тамара Шчапёткіна перавесіла ўнутр лоджыі, і з вуліцы яго па-ранейшаму відаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG