Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Скорабагатаў: Паўстаньне Каліноўскага прынесла беларусам вясну


Віктар Скорабагатаў
Віктар Скорабагатаў

29 сакавіка на Малой сцэне сталічнай Белдзяржфілярмоніі адбудзецца музычны спэктакль «Ужо птушкі пяюць ўсюды», прысьвечаны 175-м угодкам Кастуся Каліноўскага і 150-м угодкам ачоленага ім паўстаньня. У чым была параза паўстанцаў, а ў чым — перамога?

Пра сваё разуменьне гэтай падзеі раскажа рэжысэр спэктаклю, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў.

— Спадар Віктар, у вашым спэктаклі бярэ ўдзел і камэрны хор, і фальклёрны гурт. Як усё гэта будзе спалучацца?

— Мы ўпершыню такі жанр апрабавалі на праграме, прысьвечанай юбілею Ўладзімера Караткевіча. Там і акторы былі, і сьпевакі, і інструмэнтальны ансамбль, і фотаздымкі на ўсю сьцяну паказваліся. І нам спадабалася гэтае спалучэньне розных відаў мастацтва. Потым да 600-годзьдзя Грунвальдзкай сечы мы таксама зрабілі такую праграму. І вось ізноў вяртаемся менавіта да гэтага жанру. У мяне тэлеканал Mezzo ідзе ў хаце, і я бачу, як падобныя спалучэньні робяць, прычым куды больш маштабна, замежныя тэатральныя калектывы. Там нават цэлыя гарады будуюць на сцэне — дзякуючы сучасным фотатэхналёгіям. Так што мы тут нічога асаблівага не вынаходзілі. Проста для нашага спэктаклю ўсё гэта неабходна, бо ня кожны ведае, прыкладам, як выглядалі мастак Міхал Андрыёлі ці сьпявак Ахілес Банольдзі...

— Той самы Банольдзі, які зрабіў знакаміты партрэтны здымак Каліноўскага?

— Той самы. Але мала хто ведае, чаму Банольдзі адкрыў фотамайстэрню ў Вільні. Ён зрабіў гэта не таму, што захацеў зьмяніць прафэсію — стаць замест сьпевака фотамайстрам. Не, майстэрня была, па-сутнасьці, кансьпіратыўнай кватэрай, дзе зьбіраліся будучыя паўстанцы — браты Каліноўскія, Валеры Ўрублеўскі...

— У вашых праектах ніколі нічога выпадковага не бывае. Чаму ўсё ж спэктакль названы радком Уладыслава Сыракомлі — «Ужо птушкі пяюць ўсюды»? Сыракомля ж паўстанцам ня быў, у атачэньне Каліноўскага не ўваходзіў.

— Сапраўды, вы маеце рацыю — Сыракомля памёр за месяц да пачатку паўстаньня. Ён у сьнежні 1862 году памёр, а ў студзені 1863-га пачалося
Так, паўстаньне 1863 году пацярпела паразу, але якраз тады беларусы адчулі сваё ўласнае «я», у іх зьявілася самасьвядомасьць

паўстаньне. Тым ня менш, я ўпэўнены, што менавіта ён быў адным з тых, хто інтэлектуальна падрыхтоўваў паўстаньне. Давайце паглядзім на склад паўстанцаў. Іх было звыш 70 000. Зь іх толькі 20% — сяляне, а 80% — прадстаўнікі адукаванай часткі беларускага грамадзтва. І яны, вядома ж, не маглі не чытаць Сыракомлю. Як называюць і сёньня 1848-1849 гады ў Эўропе, калі там адбываліся паўстаньні? Вясна народаў. І беларусам паўстаньне прынесла вясну, проста адбылося гэта трохі пазьней. Зноў жа, і паўстаньне Касьцюшкі, і Лістападаўскае паўстаньне 1830 году, і паўстаньне Каліноўскага, па-сутнасьці былі змаганьнем за адраджэньне Рэчы Паспалітай. Так, паўстаньне 1863 году пацярпела паразу, але якраз тады беларусы адчулі сваё ўласнае «я», у іх зьявілася самасьвядомасьць. І Сыракомля да гэтага, бясспрэчна, меў дачыненьне.

— Вы ў спэктаклі выступаеце адразу ў дзьвюх іпастасях — рэжысэр і апавядальнік. Што ў гэтай гісторыі вам найскладаней было асэнсаваць як рэжысэру і распавесьці як апавядальніку?

— Ну, я ж артыст, і роля апавядальніка мне звыклая. Як, зрэшты і роля рэжысэра. Складанасьці былі, хутчэй, тэхналягічнага пляну — трэба было зьвесьці ўсе падзеі ў адзінае цэлае. І майстар слова Ірына Дубянецкая стварыла па рэжысэрскай задуме ўдалы сцэнар. І там усё на месцы — выдатныя вершы, выдатная музыка выдатных кампазытараў. Багата будзе гучаць твораў менавіта таго часу, ананімных, дарэчы, аўтараў. Мы сёньня ня ведаем, хто напісаў тыя маршы і паўстанцкія песьні, яны фігуруюць проста як беларускія народныя. Тым ня менш, адмыслоўцу відно, што канкрэтныя аўтары ў іх былі. У спэктаклі нам хацелася паказаць інтэлектуальны фон, на якім узрастала ідэя самастойнасьці і незалежнасьці беларускага народу. Вось што самае важнае.



— У афішы гаворыцца і пра дзьве выставы, арганізаваныя ў Белдзяржфілярмоніі Акадэмічнай бібліятэкай імя Якуба Коласа і Саюзам мастакоў. Гэта таксама мае неяк «абраміць» ваш спэктакль?

— Так. Бібліятэчная выстава вельмі цікавая, бо там прадстаўленыя дакумэнты 1863-1864 гадоў. Надзвычай цікавыя партрэты паўстанцаў — шляхотных, прыгожых людзей. Цяжка нават уявіць, гледзячы на іх, як яны лоўка абыходзіліся з шаблямі і пісталетамі, хоць так яно і было. Што тычыцца мастакоўскай выставы, то да тэмы паўстаньня Каліноўскага зьвярталіся пакаленьні і пакаленьні, як мінімум пакаленьняў пяць мастакоў. Пачынаючы ад Міхала Андрыёлі — удзельніка паўстаньня і вялікага жывапісца. Ён у нашай сьвядомасьці зафіксаваны, хутчэй, як жывапісец, а не як паўстанец. Тым ня менш, гэта быў ого які барацьбіт! Проста яшчэ адзін Монтэ-Крыста.

— У гэтыя лютаўска-сакавіцкія дні вакол асобы Каліноўскага было зламана нямала дзідаў. Для адных ён — нацыянальны герой, для другіх — ледзь не тэрарыст. Скажам, нядаўні ўдзельнік «Вольнай студыі» інак Мікалай з Жыровіцкага манастыра (www.svaboda.org/content/transcript/24895031.html) зьвінаваціў Каліноўскага ў праліцьці чужой крыві. Што вы можаце адказаць на падобныя закіды?

— Маё стаўленьне да асобы Каліноўскага менавіта міталягічнае. Ён у нашай сьвядомасьці ўспрымаецца як чалавек, які абудзіў нацыянальную
ці існавала б наша самастойная дзяржава, калі б не самаахвярнасьць, ня подзьвіг паўстанцаў 1794, 1830, 1863 гадоў?

сьвядомасьць цэлага народу. Толькі гэтага ўжо дастаткова, каб ён заняў адно зь першых месцаў у пантэоне беларускіх герояў, пачынаючы ад ХІ стагодзьдзя, ад часу заснаваньня беларускай дзяржавы. А што тычыцца ахвяраў, дык нічога ня зробіш. Паўстаньне — гэта ж у пэўным сэнсе і грамадзянская вайна. Тое самае мы можам назіраць падчас вайны 1812 году. Тое самае адбывалася і падчас Другой сусьветнай вайны. На жаль, трапляюць пад кулі і людзі абсалютна невінаватыя. Але давайце задамося пытаньнем: ці існавала б наша самастойная дзяржава, калі б не самаахвярнасьць, ня подзьвіг паўстанцаў 1794, 1830, 1863 гадоў? Кожная дзяржава здабывае сабе волю коштам ахвяраў. І гэта шчасьце, калі ахвяра — такога маштабу, як Кастусь Каліноўскі, які не сябе бараніў, а цэлы народ. Па-сутнасьці, ён у нечым паўтарыў подзьвіг Хрыста. Каліноўскі таксама пайшоў на сьмерць за народ.

— Днямі па БТ я паглядзеў перадачу «Форум», удзельнікі якой абмяркоўвалі, каму ў Менску варта паставіць помнік. Гучалі прапановы: Эдзі Рознэру, цару Аляксандру І... Імя Каліноўскага не ўспаміналася.

— Эдзі Рознэр — сапраўды вялікі музыка, і яму варта паставіць помнік у Менску. Але прыярытэт павінен быць аддадзены героям нацыянальнай гісторыі. За сваё артыстычнае жыцьцё я пабываў на гастролях у 20 краінах, і мне ёсьць з чым параўнаць. Мяне ўразіла Гішпанія — там столькі помнікаў на вуліцах гарадоў! Там ёсьць нават помнікі героям п’есаў. У Сэвільі, напрыклад, стаіць помнік Фігара, хоць «Вясельле Фігара» напісаў француз Бамаршэ... Што тычыцца постаці Каліноўскага — тут і абмяркоўваць няма чаго. Вядома ж, помнік яму ў Менску павінен быць! Як жа іначай? Кастусь Каліноўскі — нацыянальны герой беларускага народу.

— Ваш спэктакль мае аптымістычную назву — «Ужо птушкі пяюць ўсюды». А мне хочацца прадоўжыць гэты верш: «Ужо кветкі зацьвілі. / Вясна прыйдзе — кажуць людзі, / ды скуль прыйдзе і калі?». Калі ў Беларусь нарэшце прыйдзе беларуская вясна?

— Што тычыцца каляндарнай вясны, то сыноптыкі падказваюць — праз тыдзень. Што тычыцца вясны духоўнай, дык я ведаю шмат людзей, для якіх яна ўжо даўно настала і жыве ў іхніх душах. На жаль, для многіх матэрыяльны дастатак застаецца на першым месцы. Але гэта памылковы падыход да жыцьця. Адна мая калега, калі была ўжо сьмяротна хворай, сказала: мне ня ўсё роўна, што скажуць пра мяне людзі пасьля... Я быў уражаны надзвычай. І сапраўды, што скажуць людзі пасьля таго, як мяне ня будзе? Пра гэта ж думаў Каліноўскі. І мы пра гэта павінны думаць.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG