Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Захадзе ад Беларусі перавядуць гадзіньнікі, на Ўсходзе – не


Вярхоўны суд Расеі сёньня адмовіўся задаволіць патрабаваньне кіраўніка «Лігі абароны пацыентаў» Аляксандра Саверскага аб адмене «летняга часу», які круглы год дзейнічае ў краіне.

Саверскі лічыць, што з-за розьніцы ў астранамічным і паясным часе жыхары Расеі ня могуць у поўнай меры карыстацца правам на адпачынак і здароўе.

Кіраўнік лігі прывёў зьвесткі сацыялягічных апытаньняў і меркаваньні спэцыялістаў аб неспрыяльным уплыве пастаяннага «летняга часу». Пасьля абвяшчэньня рашэньня суду Саверскі заявіў пра намер абскардзіць адмову. «Я стараўся абараніць права грамадзян і дзяцей на нармальны сон», – сказаў ён.

Цяпер у Расеі дзейнічае пастаянны летні час. Пераход на «зімовы» і «летні» быў адменены ўлетку 2011 году, цяпер ён вылічаецца з апераджэньнем астранамічнага часу на дзьве гадзіны.

Усьлед за Расеяй, 30 кастрычніка 2011 году перастала пераводзіць гадзіньнікі і Беларусь, а годам раней – Казахстан: увесь Мытны зьвяз пастаянна жыве па летнім часе.

Лукашэнка – праціўнік пераходу на зімовы час і ня раз выказваўся супраць «пераводу гадзіньнікаў туды-сюды». Аднак калі ў 2012 годзе ў Дзярждуме пачала абмяркоўвацца магчымасьць вяртаньня да зімовага часу, ён пацьвердзіў, што «разам з расіянамі вызначыцца, як паступіць у дадзеным выпадку».

Большасьць эўрапейскіх краінаў у ноч з 30 на 31 сакавіка пяройдзе на летні час: у Вільні, Рызе і Кіеве ён зраўняецца зь беларускім, у Варшаве будзе на гадзіну менш, у Маскве – застанецца на гадзіну больш.
XS
SM
MD
LG