Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія некалькі дзён ён правёў ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Там зь ім пакуль сустракаліся міністар унутраных спраў у рангу віцэ-прэм’ера і спадчынны прынц.

Палітолягі зьвяртаюць увагу: Аляксандра Лукашэнку дагэтуль не прыняў кіраўнік Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, прэзыдэнт Халіфа ан-Нахаян.

Выпускнік факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ і Польскай дыпляматычнай акадэміі Алесь Лагвінец з гэтай нагоды адзначае:

«Відавочна, роўня кіраўніку дзяржавы — гэта толькі кіраўнік іншай дзяржавы. Нават калі б гэтая сустрэча была кароткая, пратакольная, то яна мелася б адбыцца. Калі ж такой сустрэчы няма, то бачна, што Лукашэнку выбіраць не выпадае. Ён ліхаманкава шукае любыя магчымасьці, каб знайсьці грошы і хоць неяк ажывіць беларускую эканоміку. Таму ён едзе і сустракаецца, з кім толькі ні трапіцца».

Спадчынны прынц Мухамэдон бэн Заід аль-Нахаян у размове зь беларускім лідэрам казаў пра посьпехі беларускай эканомікі. Гэты сюжэт учора ўвечары паказала Беларускае тэлебачаньне:

«Мы ведаем, што ў 2000-х гадах Беларусь разьвівалася вельмі хуткімі тэмпамі, што ВУП краіны рос на 8–9% штогод. Калі параўнаць з ЗША, то ў іх рост складаў 1–2%. Таму ваш рост быў вельмі высокі. Мы ўсё гэта адзначаем. Наша краіна зацікаўленая ў супрацоўніцтве».

Кур’ёзам лічыць гэту заяву кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Летась ВУП у Беларусі павялічыўся ўсяго на 1,5%. У 2011 годзе яшчэ назіраўся дэвальвацыйны рост. А пасьля ўсё пайшло-паехала ўніз. І што мог гэты прынц сказаць? Яму падрыхтавалі загадзя тэкст. Сьмешна думаць, што ў Эміратах сочаць за Беларусьсю, з раніцы да вечара гэтым займаюцца».

І сёлета Беларусь ня зможа выйсьці на былыя вынікі — упэўнены Леанід Заіка. Пад сумнеў паставіў такую задачу і кіраўнік місіі па Беларусі Міжнароднага валютнага фонду Дэвід Хофман. На прэсавай канфэрэнцыі ў Менску ўвечары 25 сакавіка ён заявіў, што беларускі ўрад ставіць мэты, якія супярэчаць адна адной. Так, стаіць задача ўзьняць ВУП на 8,5% сёлета:

«А рызыкі такія, што для дасягненьня эканамічнага росту, як я ўжо тлумачыў раней, неабходна будзе зьмякчыць эканамічную палітыку. А гэта, у сваю чаргу, можа паставіць пад пагрозу ўтрыманьне ў межах заяўленай інфляцыі і створыць ціск на абменны курс».

Гэта ўжо трэці візыт Лукашэнкі ў Эміраты. Папярэдні адбыўся ў 2007 годзе. Аднак з таго часу таваразварот асабліва ня вырас. Пачынаючы ад 2008 году, ён штогод складае прыкладна 20 мільёнаў даляраў.

Леанід Заіка скептычна ставіцца да гэтай паездкі:

«Калі глядзець на ўсю паездку, то максымум, што яна можа даць, — гэта 1% росту экспарту. Усё астатняе, кшталту супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічных сфэрах, маларэалістычна. Мы не знаходзімся на каналах і кірунках прыкладных дасьледаваньняў у Азіі — сучасных IT. 20 грузавікоў альбо 20 трактароў на продаж — гэта фактычна нічога ня значыць».

Пра замежныя візыты Аляксандра Лукашэнкі грамадзкасьць даведваецца ў апошнюю хвіліну, а часам і постфактум, як гэта адбылося з паездкай у ААЭ, адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«Такое ўражаньне, што ў Эміратах ён праездам дахаты. І ня болей за тое. І не сьпяшаецца, бо, мабыць, чакае, пакуль скончыцца зіма.

З Лукашэнкам яшчэ ж 80 чалавек разам. І гэта сьведчыць пра тое, што Беларусьсю можна кіраваць дыстанцыйна. Вось ён і кіруе так. І, акрамя сьнежнай буры, у краіне нічога ня здарылася».

Тым часам на некаторых сайтах і ў сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя пра тое, што старэйшы сын кіраўніка беларускай дзяржавы Віктар Лукашэнка сама меней тры гады запар значыцца ў сьпісе ганаровых гасьцей этапу «Формулы-1», які праходзіць у ААЭ. Пры гэтым спасылка ідзе на шэраг арабскіх СМІ.
XS
SM
MD
LG