Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкі Кіпру: буйныя ўкладчыкі страцяць 40% грошай


Дэманстрацыя перад кіпрскім парлямэнтам

Дэманстрацыя перад кіпрскім парлямэнтам

Міністар фінансаў Кіпру Міхаліс Сарыс пацьвердзіў, што ўкладнікаў кіпрскіх банкаў, на рахунках якіх захоўваецца менш за 100 тысяч эўра, не закрануць канфіскацыйныя захады.

Аднак страты ўкладнікаў з рахункамі на сумы вышэйшыя за 100 тысяч эўра могуць дасягнуць 40%, заявіў Сарыс у інтэрвію Бі-Бі-Сі.

Паводле яго, непазьбежны пэўны адток капіталаў пасьля таго, як у чацьвер адкрыюцца банкі. Аднак ён лічыць, што пасьля паступленьня ў банкі празь некалькі тыдняў фінансавай дапамогі ЭЗ і МВФ сытуацыя нармалізуецца, і да інвэстараў вернецца ўпэўненасьць.

Хоць кіпрская эканоміка сутыкнецца са значнымі цяжкасьцямі, міністар лічыць, што краіна знаходзіцца на парозе энэргетычнага буму ў сувязі з рыхтаванай эксплюатацыяй газавых радовішчаў ля паўднёвага ўзьбярэжжа выспы.

Ён заявіў таксама, што ўраду ўдалося ўзгадніць больш выгадныя для Кіпру ўмовы атрыманьня новых пазыкаў з Расеі.

Усе банкі на Кіпры застануцца зачыненымі да чацьвярга 28 сакавіка, а пасьля іх адкрыцьця на дзелавыя апэрацыі будуць накладзеныя абмежаваньні, нягледзячы на прадастаўленьне пакету фінансавай дапамогі ЭЗ і МВФ.

Пра гэта заявіў цэнтральны банк Кіпру. Раней лічылася, што ўсе банкі, акрамя двух найбуйнейшых, адкрыюцца ў аўторак.

Цэнтральны банк заявіў, што гэта неабходна для гладкага функцыянаваньня ўсёй банкаўскай сыстэмы.

У адпаведнасьці з дасягнутым пагадненьнем, на буйныя рахункі ў двух найбуйнейшых банках краіны будзе накладзены канфіскацыйны збор.

Прэзыдэнт Нікас Анастасіядзіс заявіў, што будуць уведзеныя часовыя абмежаваньні на рух капіталаў, аднак падрабязнасьцяў ён не падаў.

Ужо цяпер дзейнічаюць меры дзеля прадухіленьня вывазу грошай за межы краіны. Таксама падоўжанае дзеяньне абмежаваньняў на зьняцьце наяўных грошай у банкаматах.

Стала вядома, што рахункі на больш за 100 тысяч эўра ў банках Bank of Cyprus і Laiki будуць замарожаныя і выкарыстаныя пры рэкапіталізацыі першага банку і выплаты запазычанасьці другога, а страты ўкладнікаў урэшце будуць канвэртаваныя ў банкаўскія акцыі.

Буйныя ўкладнікі ня змогуць апэраваць сваімі рахункамі да таго часу, пакуль рэструктурызацыя банкаў не завершыцца.

Прадстаўнік ураду заявіў, што страты такіх незастрахаваных рахункаў складуць каля 30%.

Пагадненьне па Кіпры ўпершыню ускладае фінансавы цяжар па выратаваньні банкаў не на ўрад і падаткаплатнікаў, а на ўкладнікаў.

Як паказвае аглядальнік Бі-Бі-Сі Эндру Ўокер, да гэтага часу ўжываўся іншы мэтад дапамогі банкам — даваньне ім буйной дзяржаўнай дапамогі.

У мінулым такія краіны, як Ірляндыя і Гішпанія, укладвалі мільярды эўра, запазычаныя на міжнародных фінансавых рынках, у праграмы дапамогі банкам, якія трапілі ў бяду ў імкненьні пазьбегнуць панікі сярод інвэстараў і ўкладнікаў.

Нягледзячы на параўнальна невялікія памеры эканомікі Кіпру, многія эканамісты выказвалі асьцярогу, што банкаўскі крызіс у гэтай краіне можа распаўсюдзіцца на ўсю эўразону, калі Кіпру давядзецца адмовіцца ад эўра.

Такі вымушаны выхад Кіпру з эўразоны мог бы пацягнуць за сабой страту даверу да эўра ў цэлым і прывесьці да адтоку капіталаў зь іншых слабых эканомік эўразоны, перш за ўсё Грэцыі.

Хоць небясьпека выхаду Кіпру з эўрапейскай валютнай сыстэмы адступіла, краіна немінуча сутыкнецца з сур’ёзнымі эканамічнымі цяжкасьцямі ў пераадоленьні крызісу.
XS
SM
MD
LG