Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Кандрусевіч: У Вялікі чацьвер папа пойдзе ў вязьніцу


Магілёўскі касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьв. Станіслава
Магілёўскі касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьв. Станіслава

26 сакавіка ў Магілёўскім касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьв. Станіслава адбылася сьвяточная імша, якую адпраўляў мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусеевіч.

На ўрачыстую службу прыехалі сьвятары з усяго Магілёўскага дэканату і багата вернікаў. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пасьля службы адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

— Сёлетні Вялікдзень каталікі будуць адзначаць з новым абраным папам Рымскім Францішкам. Ці надасьць яму адметнасьці гэтая акалічнасьць?

— Напэўна! Кожны новы папа — гэта новая старонка ў жыцьці касьцёла, новы этап. Гэта называецца — новы пантыфікат. Слова «пантыфікат» паходзіць з лацінскай, слова «Пантыфік» — «будаўнік мастоў». Мы прызвычаіліся, што папа звычайна з Эўропы, а цяпер зь іншага кантынэнту — з Паўднёвай Амэрыкі. Ён такім чынам пракладае мост паміж Эўропай і Лацінскай Амэрыкай, але адначасна папа — гэта ж для ўсяго сьвету. У тым, што ён не з Эўропы, мы бачым большую паўсюднасьць Касьцёла і ягоную пакору.

Новы папа адразу захапіў сэрцы людзей. Я быў на інаўгурацыі і ішоў у беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё, і мне трэба было прайсьці праз натоўп 200 тысяч чалавек, і я чуў дужа частыя словы на розных мовах: «Мы гэтага папу ведаем толькі тыдзень, а ён ужо захапіў нашыя сэрцы. Чаму? Бо ён па-людзку ставіцца да ўсіх людзей».

Гэтаксама як Езус. Ён у сваім казаньні прамовіў такія словы: «Маё заданьне — гэта служыць». Напэўна, гэтае служэньне іншым і вылілася ў тое, што Ён аддаў сваё жыцьцё. І новы папа таксама заклікае, каб мы служылі іншым людзям і дапамаглі ім разьдзяліць іхную радасьць і іхны смутак, каб радасьць была большай. І тое, што ў Вялікі чацьвер папа ідзе ў вязьніцу, ідзе мыць ногі гэтым непаўналетнім вязьням, як мы кажам, злачынцам, — але ж ён у кожным хоча бачыць чалавека.

Трэба глядзець на грэх і на чалавека асобна. Чалавека заўсёды трэба любіць, і граху трэба супрацьстаяць. Сваім учынкам папа паказвае нам, што мы супраць граху, але мы хочам падняць чалавека, бо Езус аддаў сваё жыцьцё за чалавека.
Урачыстая імша ў магілёўскім катэдральным касьцёле
Урачыстая імша ў магілёўскім катэдральным касьцёле

— Магілёўскія каталікі шмат часу дамагаюцца, каб улады аддалі ім будынак касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьв. Станіслава. Цяпер ён лічыцца камунальнай уласнасьцю. Ці верыце вы, што гэтае пытаньне вырашыцца на карысьць вернікаў?

— Мы працуем над гэтым. Я спадзяюся, што так будзе. Трэба больш маліцца за гэта і вернікам, і іншым людзям. Кожны будынак павінен мець свайго гаспадара, а пагатоў, што гэта касьцельны будынак. У каталіцкай маральнай тэалёгіі ёсьць такое правіла: «Рэч кліча свайго пана». А хто тут гаспадар? Гаспадар — парафія! Парафія пабудавала гэты касьцёл, і, з гледзішча хрысьціянскай справядлівасьці, будынак павінен быць аддадзены. Мы пакуль сустракаемся з уладамі і размаўляем…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG