Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампэнсацый банкаўскіх укладаў 90-х гадоў ня будзе


Пра гэта заявіла кіраўніца Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова падчас прамой тэлефоннай лініі ў газэце «Советская Белоруссия».

У Нацыянальным банку Беларусі не змаглі нават прыблізна назваць, колькі грошай народ трымаў на ўкладах у тагачасным Ашчадным банку СССР. Некаторыя зьбіралі на пахаваньне, ашчаджаючы ад мізэрных заробкаў па чырвонцу ў месяц. У іншых былі значныя сумы, на якія можна было набыць мару многіх савецкіх людзей — «Жыгулі» ці «Масквіч». Некаторыя і дагэтуль спадзяюцца атрымаць хоць нешта і захоўваюць шэранькія «ашчадныя кніжкі».

Эканаміст Леў Марголін заяву кіраўніка Нацбанку пракамэнтаваў так:

«Як можна ставіцца да падману наагул, і як можна ставіцца да падману ў дзяржаўным маштабе? Адмоўна».

Cябра Асацыяцыі беларускіх банкаў Фелікс Чарняўскі лічыць, што гэтыя пытаньні павінен вырашаць урад, а не Нацыянальны банк. І за кошт дзяржаўнага бюджэту:

«Грошы ляжалі ў банках. І інфляцыя іх зьела. А інфляцыя — гэта даход дзяржавы, а ня банкаўскай сыстэмы. Будуць бюджэтныя сродкі — канечне, было б добра людзям атрымаць кампэнсацыю. Але калі няма грошай — то адкуль узяць? Зрабіць эмісію — гэта раскласьці падатак на ўсіх. Фактычна гэта квазібюджэтныя грошы будуць. Інфляцыя павялічыцца — цэны яшчэ вырастуць».

Доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба лічыць, што хоць часткова, але рэальныя выплаты можна было б пачаць. Але ўлада ўсё адцягвае, разьлічваючы, што многія не дажывуць, не дачакаюцца выплат:
Калі б дзяржава хацела, грошы б знайшла

«Ну, гэта проста „кідалава“, кажучы сучаснай мовай. „Кідалава“ з боку дзяржавы. Вельмі слабая надзея, што людзі дажывуць, дачакаюцца гэтай кампэнсацыі. Калі б дзяржава хацела, грошы б знайшла. Хоць часткова, але рэальныя выплаты можна было б пачаць. Але яны разьлічваюць, што людзі старыя і праблема вырашыцца натуральным чынам — людзі проста не дажывуць. Гэта яскравы прыклад стаўленьня да людзей з боку нашай дзяржавы. Маглі б знайсьці грошы, хаця б зрабіць выгляд, што спрабуюць выканаць абавязаньні. Гэта быў бы палітычны крок. Ня столькі эканамічны, колькі палітычны. Калі вы сьцьвярджаеце, што гэтая ўлада — для народу, дык пакажыце гэта».

У некаторых постсавецкіх краінах нейкім чынам пытаньне вырашалі і вырашаюць. Ва Ўкраіне, да прыкладу, кампэнсацыю выплачваюць часткамі людзям, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту. У Беларусі таксама ёсьць варыянты, кажа эканаміст Леў Марголін:

«Былі прапановы і ў нас. У нашай краіне яшчэ не было прыватызацыі. Калі б мы сапраўды пачалі рэфармаваць эканоміку, то тады частку сродкаў ад прыватызацыі — а гэта вельмі вялікі пласт, гэта ня толькі прыватызацыя прадпрыемстваў, гэта і прыватызацыя зямлі, — можна было б выкарыстоўваць для гэтай мэты. Можа, не адразу, можа, спачатку для людзей больш сталага веку, потым для маладзейшых. Але гэта было б вельмі маральнае рашэньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG