Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рахунак рэдакцыі разблякаваны, у завядзеньні крымінальнай справы па выніках праверкі рэдакцыі часопіса «Архэ-Пачатак» адмоўлена.

Як паведаміў карэспандэнту Свабоды рэдактар часопіса «Архэ-Пачатак» Алесь Пашкевіч, Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў учора разблякаваў банкаўскі рахунак рэдакцыі:

«У банк прыйшло кароткае паведамленьне, што ранейшае прадпісаньне аб замарожваньні адклікаецца. Аднак у ДФР нам не далі пісьмовага пацьвярджэньня аб незавядзеньні супраць нас крымінальнай справы. Сказалі, што яны не абавязаныя выдаваць, што законы гэта дазваляюць».

Паводле спадара Пашкевіча, такім чынам застаюцца пэўныя нявысьветленыя моманты ў гэтай справе, напрыклад, ці працягваецца праверка ў дачыненьні пэўных службовых асоб рэдакцыі, у сувязі з чым часопіс падаў у ДФР афіцыйны запыт.

А тым часам рэдакцыя аднаўляе сваю працу — прадае ранейшыя нумары «Архэ-Пачатак» і рыхтуе новыя. Адначасова рэдакцыя працягвае працэс перарэгістрацыі ў сувязі са зьменай выдаўца — рашэньне Міністэрства інфармацыі чакаецца да 15 красавіка. Алесь Пашкевіч спадзяецца выпусьціць у сьвет чарговы нумар часопіса ўжо ў красавіку.

14 верасьня 2012 году быў затрыманы тагачасны галоўны рэдактар «Arche» Валер Булгакаў. Супрацоўнікі міліцыі і падатковай інспэкцыі затрымалі яго ў Горадні і абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

21 верасьня супрацоўнікі ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў прыйшлі ў друкарню, дзе выдаваўся часопіс, з праверкай. 24–28 верасьня з друкарні забралі ўсе дакумэнты за апошнія два гады дзейнасьці часопіса.

2 кастрычніка было арыштавана больш за 5 тысяч асобнікаў кніг з асабістай калекцыі Булгакава.

4 кастрычніка ва УДФР быў выкліканы заснавальнік часопіса «Arche» Андрэй Дынько. Пасьля гэтага было прынята рашэньне вызваліць Булгакава ад пасады галоўнага рэдактара «Arche», каб уратаваць выданьне.

Рахунак «Архэ» быў заблякаваны 4 кастрычніка мінулага году.

18 кастрычніка Валер Булгакаў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць быў аштрафаваны на 500 тысяч рублёў.

У лістападзе мінулага году Валер Булгакаў пакінуў Беларусь, асьцерагаючыся крымінальнага перасьледу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG